BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Афрыканец, забіты за барацьбу з паганствам, прызнаны благаславёным

Ён адмовіўся плаціць даніну ведзьмакам.

Прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынал Анжэло Амата 13 верасня ў Паўднёваафрыканскай Рэспубліцы абвясціў благаслаўлёным мучанікам Бэнэдыкта Дасву, забітага за змаганне з паганскімі забабонамі.

Бэнэдыкт Дасва нарадзіўся ў 1946 годзе ў афрыканскім племені, якое вызнавала юдаізм, але праз свайго сябра пазнаёміўся з каталіцтвам і прыняў хрост у 1963 годзе. Ён стаў актыўным сябрам Касцёла і атрымаў добрую адукацыю, дзякуючы чаму стаў настаўнікам, а потым і дырэктарам школы.

Добрасумленнасць і веды забяспечылі будучаму благаслаўлёнаму аўтарытэт знаёмых – гэтак, аднойчы ён пераканаў бацьку, які хацеў рана выдаць дачку замуж за сталага чалавека, падумаць і пачакаць, пакуль яна не скончыць адукацыю.

Ажаніўся Бэнэдыкт у 1974 годзе, і ў гэтым шчаслівым шлюбе нарадзілася восем дзяцей. Ён здзіўляў суседзяў тым, што дапамагаў жонцы рабіць хатнія справы — «гэта ж немужчынская, “бабская” праца!» Але любоў для яго была важнейшая за стэреатыпы і перасуды.

Акрамя дрэннага стаўлення да жанчын, Касцёл у Афрыцы ад пачатку свайго там існавання змагаецца з моцнымі паганскімі прымхамі і звязанымі з магіяй забабонамі, распаўсюджанымі сярод мясцовага насельніцтва. Адкрыта выступаў супраць гэтых забабонаў і бл. Бэнэдыкт Дасва, што стала прычынай ягонай гібелі.

На пачатку 1990 года частку сялян у мясцовасці, дзе ён жыў, мясцовыя старэйшыны пераканалі, што доўгія халодныя дажджы і навальніцы выкліканы магіяй. Такім чынам старэйшыны намагаліся сабраць з запалоханых сялян «падатак», каб за гэтыя грошы «нашы ведзьмы прагналі чужых ведзьмаў».

Бэнэдыкт адмовіўся падпарадкавацца ўладзе акультыстаў і махляроў. За гэта позна вечарам 2 лютага 1990 года ён быў забіты групай невядомых людзей.

Будучаму благаслаўлёнаму было ўсяго 43 гады, і ён ведаў, як моцна рызыкуе, калі выступае супраць глыбока ўкаранёнага ў афрыканскіх культурах паганскага акультызму. Але ён мужна адстойваў праўды хрысціянскай веры нават у такіх умовах.

Зараз нават у беларускіх газетах, на мурах і прыпынках, у тэлевізійных праграмах можна пачуць разнастайную акультысцкую прапаганду: гараскопы, гаданні, прапановы «прываротаў», «адваротаў» і іншых «магічных паслуг». І гэта на зямлі, якая хрысціянская ўжо больш за тысячу гадоў...

Благаслаўлёны Бэнэдыкт Дасва, маліся за нас, каб мы былі такімі ж вернымі і мужнымі абаронцамі хрысціянскай веры, як ты!

Catholic.by

Last modified onСубота, 19 Верасень 2015 11:06
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць