BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Пасланне на Адвэнт: Сучасны свет ператвараецца ў пустыню

Заблукаўшы ў пустыні, чалавек не мае шанцу выйсці з яе без дапамогі.

У бліжэйшую нядзелю ў Каталіцкай царкве пачнецца Адвэнт - перыяд падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі звярнуўся да вернікаў з пастырскім пасланнем на Адвэнт. Прыводзім некаторыя вытрымкі.

«Святы Ян Хрысціцель сумленна выканаў даручанае яму заданне, будучы голасам клічучага ў пустыні (пар. Мц 3, 3). З таго часу мінула 2 тысячы гадоў. Евангелле абвяшчаецца на ўсіх кантынентах, хаця яшчэ дзве трэці чалавецтва яго не ведае. Таму ў свеце яшчэ ёсць так шмат сэрцаў, якія не пазналі Добрай Навіны і чакаюць яе.

Да гэтай праблемы ў апошнія часы далучылася яшчэ адна. Многія краіны свету і нават цэлыя кантыненты, якія маюць вельмі багатую хрысціянскую гісторыю і традыцыі, адышлі ад Бога і жывуць так, як быццам Ён не існуе. Многія хрысціяне пакідаюць сваю веру дома ці ў касцёле і кажуць, што ў штодзённым жыцці – на працы, на вуліцы, ва ўніверсітэце, у краме, мас-медыя і г.д. – яна не абавязвае, бо ўсе жывуць інакш. У выніку чаго сучасны свет ператвараецца ў духоўную пустыню і сёння місія святога Яна Хрысціцеля з’яўляецца не менш актуальнай, чым гэта было 2 тысячы гадоў таму.

Хваля разводаў і сужэнскай нявернасці залівае свет. У Беларусі іх колькасць дасягае паловы. Гэта праблема не толькі разведзеных мужа і жонкі, але і нявінных дзяцей, якіх пры жывых бацьках застаюцца як быццам сіротамі і якіх выхоўваюць не бацькі, але вуліца. Найчасцей развод апраўдваецца імкненнем да свабоды, маўляў, жыву з тым, з кім хачу. Але не можа быць сапраўднай свабоды без адказнасці. Сужэнцы пры алтары, перад Богам, абяцаюць адно аднаму вернасць аж да смерці і выхаванне патомства, а потым забываюцца аб гэтым, што і вядзе да трагедыі.

Змяняецца таксама і паняцце сям’і. Замест таго, каб з Божага ўстанаўлення быць гетэрасексуальнай, гэта азначае складацца з мужчыны і жанчыны, яна ўсё часцей, з чалавечага ўстанаўлення, становіцца гомасексуальнай – складаецца з двух мужчын або дзвюх жанчын. Зразумела, што Касцёл, як вартаўнік веры, не можа такі саюз прызнаць сям’ёй. Тым не менш парламенты многіх краін свету, у тым ліку палова краін Еўрасаюзу, прызналі ім усе правы нармальнай сям’і. Гэтым самым заканадаўства вядзе на шлях Садомы і Гаморы (Быц 19, 24-25).

Усё часцей з’яўляюцца так званыя сужэнствы на пробу: маўляў, пажывём – паглядзім. Многія жывуць без дзяржаўнай рэгістрацыі шлюбу, не кажучы ўжо пра касцёльны.

Усё большай праблемай становіцца перадача і захаванне найбольш каштоўнага Божага дару, якім з’яўляецца дар жыцця. З Божай волі гэты дар перадаецца праз акт сужэнскай любові. Амаральнае выкарыстанне новых дасягненняў навукі, асабліва ў галіне генетыкі, і сучасных медыцынскіх тэхналогій вядзе да маніпуляцый і штучнага апладнення, што супярэчыць Божаму закону.

Ніхто не пярэчыць, што бясплоднасць – вялікая трагедыя. Аднак штучнае апладненне не з’яўляецца лячэннем хваробы, бо яна застаецца. Акрамя гэтага, клінікі, якія займаюцца такой практыкай, выкарыстоўваюць яе ў мэтах бізнесу. Вялікай маральнай праблемай з’яўляецца і тое, што пры выкарыстанні гэтага метаду шмат зародкаў проста гіне. А кожны з нас калісьці быў зародкам. Таму знішчэнне зародкаў – гэта забіццё новага жыцця. У той жа час вядома, што апошнія дасягненні навукі дазваляюць выкарыстанне напратэхналогій для лячэння бясподнасці.

У апошнія часы ўсё больш прапагандуецца гендэрная ідэалогія, паводле якой розніца паміж мужчынамі і жанчынамі не з’яўляецца чымсьці трывалым і біялагічна акрэсленым, але вынікае з культурнага кантэксту. Паводле ідэалогіі гэндэрызму, чалавек не нараджаецца мужчынам ці жанчынай, але яго робіць такім культурнае асяроддзе, у якім ён жыве. Паводле яе чалавечы пол неабходна злучаць больш з культурай, чым з біялогіяй. У той жа час мы ведаем, што Бог стварыў чалавека як мужчыну і жанчыну (пар. Быц 1, 27). Таму, паводле гендэрнай ідэалогіі, дзіця, калі вырасце, само вырашыць, кім быць – мужчынам ці жанчынай. І гэта не жарт, але новы напрамак выхавання гендэрнага пакалення.

Сучасныя медыя ўсё больш і больш прапагандуюць свецкі і нават амаральны стыль жыцця, што вельмі негатыўна ўплывае на выхаванне моладзі.

Заблукаўшы ў пустыні, чалавек практычна не мае ніякага шанцу выйсці з яе самому без чыёйсьці дапамогі. Няма ежы і вады, невядома, у якім напрамку ісці, днём спякота, а ўначы холад. Падобна і з чалавекам, які знаходзіцца ў духоўнай пустыні, калі ён не карыстаецца з дапамогі, якую яму прапануе Касцёл.

Як штогод, Касцёл у Адвэнт арганізуе адпаведную пастырскую праграму, каб дапамагчы чалавеку выправіць сваё жыццё, засыпаць даліны грахоў, зраўняць горы ганарлівасці, выпраставаць крывыя дарогі жыцця і такім чынам падрыхтавацца да прыйсця Збаўцы. У гэтай праграме ёсць адвэнтавыя рэкалекцыі, пакутныя набажэнствы, традыцыйныя Рараты, спецыяльныя малітоўныя сустрэчы, чуванне моладзі і т.п.

У Адвэнт Касцёл звяртае нашу ўвагу на Беззаганна Зачатую Панну Марыю, каб мы з Яе бралі прыклад і заўсёды згаджаліся з Божай воляй».

Поўны тэкст паслання чытайце на Catholic.by.

Last modified onАўторак, 24 Лістапад 2015 11:45
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць