BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Мэр Мінска: будаваць касцёл у Котаўцы не будуць

Улады разглядаюць варыянты новых пляцовак для ўзвядзення храма.

21 снежня ў Мінску прайшла прэс-канферэнцыя старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Шорца. Адно з пытанняў, якое задалі падчас сустрэчы, - пра будаўніцтва каталіцкага храма ў Котаўцы. Як заявіў мэр Мінска, касцёл тут будаваць не будуць, а сквер добраўпарадкуюць з дапамогай жыхароў Сельгаспасёлку і грамадскіх актывістаў. У той жа час Андрэй Шорац адзначыў, «пытанне па «Котаўцы» надуманае»:

- Калі б там з'явіўся храм, то ён бы аздобіў гэтае месца. Але так як асобныя грамадскія арганізацыі падымаюць гэтае пытанне, ствараюць шуміху, у тым ліку ў прэсе, і людзі выступілі супраць, то мы прыпынілі гэтыя працы, і, напэўна, там будавацца нічога не будзе.

Па словах мэра, цяпер гарадскія ўлады разглядаюць варыянты новых пляцовак для ўзвядзення каталіцкага храма:

- Іх не так шмат у Савецкім раёне. Гэта павінна быць прыгожае месца і знаходзіцца ў зоне даступнасці для вернікаў, - лічыць старшыня Мінгарвыканкама.

Нагадаем, 6 снежня ў скверы Котаўка ў Савецкім раёне Мінска (недалёка ад скрыжавання вуліц Багдановіча і Ізмайлаўскай), дзе планавалася будаўніцтва каталіцкага храма, пачалася высечка дрэў. Праціўнікі будаўніцтва, актывісты таварыства «Зялёная сетка», даведаўшыся пра вырубку, сабралі ў скверы мясцовых жыхароў, каб пратэставаць супраць работ і прымусіць супрацоўнікаў «Зелянбуда» спыніць высечку. Актывісты лічаць, што пабудова на гэтым месцы храма незаконная, і змагаюцца за захаванне сквера. У выніку працы былі спыненыя.

У адказ на крытыку і абвінавачванні Каталіцкая царква не раз заяўляла аб тым, што будаўніцтва ў Котаўцы касцёла наадварот дапаможа захаваць сквер. Нават калі на гэтым месцы не ўзводзіць храм, яно будзе аддадзена пад жылы масіў або гандлёвы цэнтр, упэўнены спецыялісты, такім чынам сквер наогул знікне. А ў тым выпадку, калі ў Котаўцы пабудуюць касцёл, адзіная на бліжэйшыя кварталы зялёная зона не толькі застанецца, але і будзе больш прывабнай для мясцовых жыхароў. Згодна з зацверджаным праектам, замест 49 высечаных дрэваў павінны былі пасадзіць 56 новых. Тэрыторыя каля касцёла - з дзіцячай пляцоўкай і зонай адпачынку - была б адкрыта для ўсіх жадаючых. Да таго ж дзяржава выдзеліла каталіцкай парафіі ўчастак, які складае ўсяго 10% ад плошчы парку, а сам касцёл зойме толькі 1,5% плошчы.

Каталіцкая парафія святых апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно атрымала ад уладаў гэты ўчастак у 2011 годзе. Меркавалася, што храм будзе змяшчаць да 300 чалавек, тут таксама прадугледжаны памяшканні для сустрэч моладзі і дзяцей.

У той жа час Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч назваў дзеянні эколагаў вакол будаўніцтва храма ў Котаўцы «новым пераследам Царквы з боку зялёных».

- Ніколі не будзе добрай экалогіі, калі не будзе экалогіі ў душы чалавека, - сказаў на перадкаляднай прэс-канферэнцыі кіраўнік Каталіцкай царквы ў Беларусі, паведамляе Catholic.by.

Last modified onЧацвер, 22 Снежань 2016 16:53
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць