BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Кінуць сваё сэрца на зямлю, каб іншым было мякка ступаць»

Жыццё і смерць Хасэмарыі Пасціга: 18 дзяцей, адна жонка, сотні сяброў, Адзін Бог [фота]

Шчаслівы чалавек, хоць да канца (жыцця тут, на зямлі) наўрад ці зразумею, наколькі вялікі і шчодры, міласэрны Бог. У дадзеных успамінах не буду ўжываць гэты займеннік, які – апошняя літара алфавіту. Хасэмарыя Пасціга пайшоў на Неба 6 сакавіка 2017 года. Яму было 56 гадоў. Ён трапіў у шпіталь у лютым, а 24.02 стала вядома, што ў яго – анкалогія, рак пячонкі.

Хасэмарыя Пасціга і Роза Піч – сужэнская пара, якая давала і дае моцнае сведчанне людзям з розных краінаў свету. У іх – васямнаццаць дзяцей, трое з якіх – на Небе, пятнаццаць – тут, побач з імі. Гэтымі днямі, напоўненымі моцнымі пакутамі, і вялікай любоўю, дзеці - ля шпітальнага ложку, побач са сваім айцом.

Сведчанне любові, вернасці, адданасці – Богу, сям'і, людзям, блізкім і далёкім. Пад допісамі ў сацыяльнай сетцы на старонцы кнігі Розы Піч «Сomo ser feliz con 1,2,3... hijos?» - штодня на працягу лютага і пачатку сакавіка - па некалькі соцень паведамленняў з Чылі, ЗША, Літвы, Польшчы, Бельгіі, Швецыі, Аргенціны, Аўстраліі... Усе пішуць: Роза, мы молімся за вас.

Спякотнае лета 2015 года. Мы пазнаёміліся ў Барселоне – там жыве сям'я Пасціга-Піч. Хасэмарыя сустракаў нас усіх – сем'і з Расіі, Літвы і Беларусі ў аэрапорце, адводзіў да сябе дахаты, размяшчаў на начлег па трохпавярховых ложках дзяцей, пакуль тыя былі на лецішчы з маці, Розай, яго старэйшыя дочкі гатавалі нам вячэру.

Хасэмарыя адводзіў нас у Тазаль - мястэчка ля санктуарыя Тарэс'юдад. Хасэмарыя клапаціўся, каб мы добра адпачывалі, і не мелі ні ў чым патрэбу. «Энджой!», - смяецца ён, калі бачыць, як мы мыем посуд, і прапаноўвае карыстацца для гэтай мэты пасудамыечнай машынай, і больш часу праводзіць у басейне ў такую спёку. «Энджой!», - заклікае нас ён, прапаноўваючы ўключаць кандыцыянер (хоць электрычнасць у Іспаніі каштуе дорага). Ён не «парыцца», і найбольш часта мы чулі ад яго вось гэтае «Энджой!».

Хасэмарыя працуе, шмат і аддана, бо трэба забяспечваць вялікую сям'ю. І робіць гэта «лёгка» для старонніх вачэй, з усмешкай. Нават не ведаю, наўрад ці бачыла, каб ён не ўсміхаўся – шырока, шчыра, усім.

Ён таксама шмат робіць разам з Розай для «Акадэміі сям'і» (IFFD), і дапамагае многім сем'ям, у многіх краінах свету, дзе працуюць гэтыя курсы. У Тазалі праходзіць Генеральная сесія IFFD, пакуль іншыя мадэратары праводзяць разбор сітуацый, Хасэмарыя падае ваду (ён бачыць, што менавіта гэты чалавек сасмяг), падсоўвае бліжэй да маладой жанчыны вентылятар (спёка), кідае падушку іншай, цяжарнай, каб ёй было зручней сядзець. «Энджой!». Усё, што ён робіць - спраўна, лёгка, натуральна. З любоўю.

Ён знаёміцца з адным падлеткам, 12 гадоў, і тут жа, нягледзячы на моўны бар'ер, знаходзіць агульныя тэмы: «Барселона», Мессі, «Рэал-Мадрыд». Па дарозе з аэрапорту, Хасэмарыя, калі даведаўся, што той малы – аматар «Барселоны», робіць вялікае кола, каб адмыслова паказаць стадыёны – адмыслова для гэтага падлетка. Малы ў захапленні. «Энджой!».

У яго аўтамабілі – кніга святога Хасэмарыі «Шлях» (El camino). Кожны ранак Хасэмарыя і Роза ідуць на Імшу. У 12.00 - «Анёл Панскі». Перад вячэрай – Святы Ружанец, які адмаўляе ўся сям'я. «Энджой!».

«Servite Domine in laetitia! Буду служыць Богу з радасцю! З радасцю – плодам маёй веры, маёй надзеі, маёй любові... з радасцю, якая будзе працягвацца заўсёды, бо як запэўнівае Апостал - Dominus prope est! – «Пан блізка». Буду ісці з Ім побач у поўнай бяспецы, бо Ён мой Айцец – і выканаю з Яго дапамогай мілую сэрцу Волю Яго, нават калі гэта цяжка» (Баразна, святы Хасэмарыя Эскрыва).

Дзеці Хасэмарыі і Розы дапамагаюць накрываць на сталы вячэру ў Тазалі. Весела, з усмешкамі, носяць талеркі, падаюць гасцям напоі, марожанае і дыню, потым прыбіраюць посуд. «Усё, у чым удзельнічаем мы, бедныя людзі, - нават святасць, - саткана з дробязяў... Хіба ты не бачыў, з якіх дробязяў складаецца звычайная, зямная любоў? Вось і нябесная — з дробязяў» (святы Хасэмарыя).

Вечарам яны ўсе разам гуляюць у футбол, і лёгка знаходзяць паразуменне з дзецьмі з іншых краінаў, што размаўляюць на іншых мовах. На імправізаваным канцэрце ў першых шэрагах, як і ў спартовых гульнях – дзеці Пасціга-Піч, яны спрытныя, хуткія, вясёлыя, танцуюць, спяваюць. У касцёле на Імшы – побач са сваімі бацькамі...

Дзеці – лідары ў сваіх класах. А іх аднакласнікі просяцца пабыць дома ў Пасціга-Піч, і пераконваюць дарослых, што ў гэтай кватэры найбольш добрая атмасфера, каб вучыць разам урокі. У дзяцей шмат сяброў. У дарослых – не менш. Часта ў гэтай кватэры начуюць іх сябры з розных краінаў свету, тут бываюць на вячэры шматлікія сябры, калегі – для ўсіх ёсць месца за вялікім сталом, кавалак хлеба, добрае слова...

Вось яны ўсёй сям'ёй едуць на адпачынак, выклікаючы «шок» у пасажыраў самалёту ці цягніка. Яны ляцяць усёй сям'ёй у Карэю – там жыве іх старэйшы сын Хуампі, і там таксама праводзяцца курсы «Акадэміі сям'і». Іх малой дачцэ Лаліце робяць складаную аперацыю на сэрцы – Хасэмарыя і Роза днююць і начуюць у рэанімацыі, а старэйшыя дзеці клапоцяцца пра малодшых дома... «Кожная авечка мае свайго пастуха», - піша адна з дачок, «размяркоўваючы» малодшых дзяцей сярод старэйшых...

У Барселону з Тазалю вяртаемся позна, прычым Хасэмарыя завёз нас, і вяртаецца, каб дапамагчы сваяку, у якога праблемы з аўтамабілем. Позна вечарам, каля поўначы, ён бачна, што хістаецца ад стомленасці, але ўсміхаецца шчыра і прыязна, і прапаноўвае зварыць нам гарбаты. Мы адмаўляемся. «Не, давайце! Я ведаю – вы любіце гэта!», - ён весела падміргвае нам. У яго дома – дзве літоўскія сям'і. Ім трэба у чатыры раніцы выязджаць у аэрапорт. Там капрызнічаюць дзеці, там маладыя жанчыны гатуюць бутэрброды ў дарогу. Хасэмарыя ўсміхаецца: «Энджой!» - і варыць нам гарбату. Ён са смехам кажа, што ў чатыры раніцы – пад'ём, і жартаўліва робіць нібыта «засмучаны» твар.

Роза Піч піша кнігу, пра тое, як жыць шчасліва ў сям'і з дзецьмі. Выданне перакладаецца за кароткі час на дванаццаць моў свету, і сужэнцы едуць прэзентаваць кнігу па розных краінах. У іх усюды сябры.

У лістападзе 2016 Хасэмарыя і Роза былі ў Беларусі. У іх такі «райдэр» - абавязковая магчымасць Імшы, паўгадзіны малітвы, Анёл Панскі і Святы Ружанец. А астатняе – неістотна. «Энджой!». Мы едзем на мікрааўтобусе ў Строчыцы, і молімся ўсёй вялікай кампаніяй на Ружанцы, частку – на беларускай мове, частку на гішпанскай. Здаецца, ўсе ўсё разумеюць.

Экскурсія па Мінску. Стаім ля Ратушы, вядомы гісторык распавядае пра гэтае месца. Недзе на вежы гадзіннік б'е 12.00. «Анёл Панскі», - нагадвае Хасэмарыя. Мы становімся колам, і молімся, хто на якой мове. Сярод нас католікі, як і мы, але многія (і мы не выключэнне) сарамліва азіраюцца – а што падумаюць людзі, турысты ж навокал?

Пазней мы можам заехаць недзе перад прэзентацыяй і выпіць кавы ці гарбаты, паесці, але Хасэмарыя просіць пад'ехаць у касцёл, каб паўгадзіны там памаліцца ў цішы... Перад паездкай у Беларусь ён перанёс складаную аперацыю на спіне. Але... Ад яго чулі толькі жарты, а бачылі толькі ўсмешкі. Хоць канечне, можна было заўважыць - яму было вельмі нялёгка. Пасля Беларусі Хасэмарыя і Роза едуць у адну з афрыканскіх краінаў. З холаду – у спёку. Там таксама курсы «Акадэміі сям'і», і многія людзі чакаюць іх сведчання...

Многім людзям яно неабходнае. У гэтым свеце, так часта і моцна адчужаным, так часта і моцна эгаістычным, гэта сям'я – як прамень святла, які прасякае нашыя цемры самоты, адчужанасці. «Не будзь, як усе!», - заклікае свет, і людзі спрабуюць нешта такое рабіць, часам дзіўнае, і чамусьці «дзіўным чынам» робяцца ў хуткім часе такімі ж, як усе...Сям'я? Дзеці? Адзін муж ці жонка – на ўсё жыццё? Гэта вельмі «банальна»? Гэта не можа быць праўдай, бо... гэта вельмі проста? Які можа быць «Энджой» з такой вялікай сям'ёй?

«Нескладана дасягнуць дробязнага і вартага жалю шчасця эгаістаў, якія хаваюцца ў сваім куце, адасабляюцца ў вежы са слановай косці. - Але якое нетрывалае гэтае шчасце! Як хутка яно праходзіць! І ты хочаш прамяняць на гэтую падробку Вечную Асалоду – Шчасце хвалы, якому не будзе канца?» (святы Хасэмарыя Эскрыва).

...Гэтымі днямі боль ад страты «вялікага айца» - Чэмы, прасякнуў многіх людзей. Роза напісала: «Бог – наш айцец, і Ён усё робіць добра, хоць мы часам гэтага не разумеем. Мы не ведаем, што ён прыгатаваў нам». За некалькі дзён да таго, як Хасэмарыя пайшоў на Неба, яна напісала пад здымкам з іх пераплеценымі рукамі: «Разам, у горы і радасці, у здароўі і хваробе».

...Не ведаю і тысячнай долі таго, колькі добрых спраў за сваё жыццё, за свае 56 гадоў зрабіў Хасэмарыя. Ён бы і не расказаў – цяжка ўявіць, каб ён нечым хваліўся. Ведаю дакладна – яго жыццё было – сведчанне вялікай Любові, адданасці, ахвярнасці...

«Цяпер ты разумееш, чаму я параіў табе кінуць сваё сэрца на зямлю, каб іншым было мякка ступаць», - пісаў святы Хасэмарыя Эскрыва. Хасэмарыя Пастыга рабіў так, і верыў у тое, што робіць.

Сотні сяброў. Васямнаццаць дзяцей. Адна жонка. Адзін Адзіны Бог. «Дай Бог, каб выгляд твой і словы твае былі такімі, каб кожны, хто бачыць і чуе цябе, мог сказаць: «Вось чалавек, які чытае Евангелле, ведае жыццё Хрыста». Хасэмарыя Пасціга не толькі чытаў гэтыя радкі святога. Ён так жыў.

Media

Last modified onАўторак, 07 Сакавік 2017 23:34
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць