BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Мітрапаліт Кандрусевіч - аб ідэолагах, замежных святарах і аўтазаках

Арцыпастыр Касцёла выступіў з вострай прамовай у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 2 мая выступіў у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь з дакладам, прысвечаным адносінам паміж рэлігійнымі арганізацыямі і дзяржавай.

У сваім дакладзе іерарх падкрэсліў, што ў Беларусі саспела рэформа дзяржаўна-рэлігійных адносін.

«У аснове адносін Касцёла і дзяржавы знаходзяцца словы Хрыста: “Богу — Богава, а Цэзару — цэзарава”. Адсюль і галоўны прынцып вучэння Касцёла аб аўтаноміі рэлігіі і палітыкі, Касцёла і дзяржавы, — сказаў іерарх. — Такая норма ў большасці краін свету ўспрымаецца як агульнапрынятая».

Тым не менш, як адзначыў арцыбіскуп, аўтаномнасць не азначае ўзаемнай ізаляцыі Касцёла ад дзяржавы, бо яны «хоць і рознымі спосабамі, аднак служаць тым самым людзям».

«Касцёл не патрабуе для сябе ніякіх прывілеяў, а толькі прызнання правоў, патрэбных для яго дзейнасці», — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарх дадаў, што сёння адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і дзяржавамі рэгулююцца праз заключэнне спецыяльных пагадненняў — канкардатаў. Такія пагадненні, паводле Мітрапаліта, на міжнародным узроўні вызначаюць правы і абавязкі бакоў – Апостальскага Пасаду і канкрэтнай дзяржавы.

Арцыбіскуп зазначыў, што размовы пра падпісанне канкардату ўжо шмат гадоў вядуцца і ў Беларусі:

«У гэтым зацікаўлены абодва бакі, — падкрэсліў іерарх. — Аднак, яшчэ далёка не ўсе праблемы, звязаныя з падрыхтоўкай такога пагаднення, вырашаны, хоць мы спадзяёмся на прагрэс у гэтай важнай справе».

Паводле іерарха, падпісанне такога дакумента ў Беларусі «дасць новыя магчымасці ў выкананні місіі Касцёла ў краіне ў адпаведнасці з кананічным правам і традыцыяй Касцёла», а сам дакумент будзе спрыяць «павышэнню іміджа Беларусі на міжнароднай арэне».

У сваім дакладзе Мітрапаліт Кандрусевіч закрануў і пытанні абнаўлення заканадаўства ў рэлігійнай сферы, якія сёння рэгулююцца артыкуламі Канстытуцыі і Законам «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях».

«Гэты закон агульны для ўсіх рэлігій і канфесій, — сказаў іерарх. — Але варта падкрэсліць, што для поўнага права на свабоду веравызнання неабходны дзяржаўна-канфесійныя пагадненні, якія ўлічвалі б асаблівасці розных канфесій і рэлігій», — падкрэсліў Мітрапаліт.

«Вось таму Апостальскі Пасад і імкнецца да падпісання такога пагаднення. Без яго Касцёл не можа ў поўнай меры ажыццяўляць сваю дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь, як гэта адбываецца ў іншых краінах», — сказаў арцыбіскуп.

Таксама ў дакладзе каталіцкі іерарх закрануў тэму неабходнасці ў Беларусі закона аб рэстытуцыі, спрашчэння парадку атрымання дапамогі некамерцыйнымі арганізацыямі, спрашчэння дазволу на служэнне ў краіне замежных святароў, унармаванне рэлігійнага выхавання ў школах і шэраг іншых момантаў.

У мерапрыемстве ў межах праграмы павышэння кваліфікацыі прынялі ўдзел кіраўнікі галоўных упраўленняў, аддзелаў ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў, гарвыканкамаў, райвыканкамаў і мясцовых адміністрацый раёнаў, якія курыруюць пытанні рэлігій і нацыянальнасцей.

Важныя вытрымкі з дакладу:

- Прызнаючы аўтаномію дзяржавы, Касцёл, які з Божага ўстанаўлення з’яўляецца ахоўнікам і гарантам маральнасці, пакідае за сабой права на маральную ацэнку яе дзейнасці ў галіне захавання правоў чалавека і збаўлення душ.

- Паводле вучэння Касцёла свецкія вернікі могуць займацца палітыкай з мэтай хрысціянскага сведчання і апоры на маральныя каштоўнасці у кіраванні дзяржавай. У той жа час духоўныя асобы павінны пазбягаць палітычнай залежнасці, каб гарантаваць сабе поўнае і сапраўднае абвяшчэнне праўды. Касцёл таксама негатыўна адносіцца да ідэі заснавання каталіцкай партыі.

- Бязвізавы рэжым не ўлічыў такую катэгорыю турыстаў як святары. Кожны святар мае абавязак штодня цэлебраваць Імшу. У Беларусі замежныя святары па-ранейшаму павінны атрымліваць на гэта дазвол ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Для гэтага дыяцэзіяльная Курыя павінна за месяц падаць адпаведны пакет дакументаў.

Але немагчыма загадзя ведаць пра ўсіх святароў, якія захочуць наведаць Беларусь як турысты. Такі святар прыходзіць у касцёл і просіць дазвол у пробашча цэлебраваць святую Імшу. Што павінен рабіць пробашч? Паводле закону - адмовіць.

Складваецца парадкасальная сітуацыя, калі замежны святар можа прысутнічаць на Імшы як вернік, але, калі стане па іншы бок алтара і ўзначаліць літургію, адначасова ён становіцца парушальнікам закону. У якім жа святле замежны святар будзе распавядаць пра Беларусь за мяжой?

Калі мы хочам, каб за намі замацаваўся пазітыўны імідж, гэту норму трэба як мага хутчэй адмяніць, бо яна не адпавядае патрабаванням часу. Я не ведаю ніводнай краіны ў свеце, дзе існуе падобная норма, калі замежны святар павінен прасіць дазвол ва ўлады на цэлебрацыю святой Імшы.

Хоць за апошнія 25 гадоў колькасць беларускіх святароў павялічылася значна — з 60 да амаль 400, тым не менш нам яшчэ патрэбна дапамога святароў з-за мяжы. Гэта дапамога патрэбна і Праваслаўнай Царкве, а таксама іншым веравызнанням.

У той жа час узгадненні на працу святароў з-за мяжы даюцца не заўсёды, а калі даюцца, то апошнім часам найчасцей толькі на шэсць месяцаў або нават на тры.

Гэта не спрыяе нармальнай працы святара, а адпаведна і душпастырству, духоўнай фармацыі людзей, а асабліва моладзі, з усімі наступствамі, якія адсюль вынікаюць.

Па невядомай прычыне Беларусь чамусьці баіцца замежных святароў. Але колькі касцёлаў ўжо пабудавана і будуецца дзякуючы ім! Колькі пастырскіх і дабрачынных праграм ажыццявілі і далей ажыццяўляюць гэтыя святары!

- Вялікую занепакоенасць выклікае патрабаванне некаторых аддзелаў ідэалогіі прадстаўляць праграму навучання Катэхізісу ў нядзельных школах і спісы дзяцей, якія іх наведваюць. Гэта ні што іншае, як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Касцёла і неадпаведнасць закону аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацый.

Якая мэта такіх патрабаванняў? Праверыць прававернасць навучання дзяцей? Дазвольце спытаць: «А суддзі хто?» Хто з супрацоўнікаў ідэалагічных аддзелаў скончыў каталіцкі, праваслаўны, юдэйскі, мусульманскі ці пратэстанцкі ўніверсітэт?

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі падрыхтавала адпаведныя падручнікі, якія мы выкарыстоўваем для катэхізацыі дзяцей. Яны афіцыйна зацверджаны касцёльнай уладай і выдадзены. Ніхто нічога не хавае і нікога не вучыць патаемна.

- Бяспека грамадзян, нашых вернікаў, падчас святочных масавых набажэнстваў важная для ўсіх, як Касцёла, так і дзяржавы. Аднак сітуацыя, якая ўзнікла сёлета падчас святкавання Вялікадня ў Мінску, зусім не спрыяла настрою галоўнага хрысціянскага свята. Першае, што пабачыла святочная Пасхальная працэсія, выходячы з катэдральнага касцёла, гэта спецаўтамабіль ля яго ўваходу — так званы «аўтазак».

Відавочная прысутнасць гэтых спецаўтамабіляў на далейшым шляху працэсіі стварала настрой напружанасці, недаверу да народа, які мірна праслаўляў ўваскрослага Хрыста.

Дзяржава і Касцёл павінны навучыцца сумесна і прафесійна выпрацоўваць такі план дзеянняў падчас арганізацыі вялікіх касцёльных мерапрыемстваў, які будзе спрыяць рэлігійнаму святкаванню, а не ўскладняць або нават перашкаджаць у яго правядзенні.

Гэта ў першую чаргу датычыць штогадовага святкавання будслаўскіх урачыстасцяў (першая пятніца і субота ліпеня) і працэсіі Божага Цела ў Мінску (апошняя нядзеля мая), а таксама іншых рэлігійных мерапрыемстваў, якія адбываюцца ў розных дыяцэзіях.

Сatholic.by

Last modified onАўторак, 02 Май 2017 14:47
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць