BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Мітрапаліт Кандрусевіч - да Алексіевіч: забіць могуць не толькі танкі, але і словы

Каталіцкі іерарх звярнуўся з адкрытым лістом да Нобелеўскага лаўрэата.

З адкрытым лістом да лаўрэата Нобелеўскай прэміі спадарыні Святланы Алексіевіч звярнуўся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, арцыпастыр Каталіцкай царквы ў Беларусі. Нагодай сталі нядаўнія словы сп. Алексіевіч «Дайце ў Беларусь танкі, зброю - і там католікі пачнуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна».

- Калі Вы атрымалі Нобелеўскую прэмію, я, прымаючы ўдзел у працы Сіноду Біскупаў на тэму сям’і ў Ватыкане, папрасіў слова і аб’явіў аб тым, што Вы сталі лаўрэатам самай прэстыжнай прэміі па літаратуры - і біскупы ўсяго свету Вам апладзіравалі. Уся Беларусь таксама радавалася гэтай знакавай падзеі, - узгадаў мітрапаліт Кандрусевіч.

9 чэрвеня, знаходзячыся на ўрачыстасцях у Беластоку, іерарх з вялікім смуткам і трывогай успрыняў словы пісьменніцы, адзначае ён:

- З усёй упэўненасцю хачу падкрэсліць, што гэта нават немагчыма сабе ўявіць ў Беларусі, дзе гістарычна склаліся добрыя як міжканфесійныя, так і міжрэлігійныя адносіны, якія з’яўляюцца нашым нацыянальным скарбам і добрым прыкладам для ўсяго свету. Няўзброеным вокам бачна, што Каталіцкі Касцёл, як і Праваслаўная Царква ды іншыя веравызнанні ў Беларусі робяць усё магчымае, каб развіваць адносіны паміж сабой і грамадствам.

Арцыбіскуп прыводзіць у сваім лісце словы пісьменніцы аб тым, што «чалавек - дастаткова недасканалая істота, яму ў галаву можна ўкласці ўсё, што заўгодна».

- Так, сапраўды, чалавечая прырода здэфармавана першародным грахом, але з Божай дапамогай ён можа супрацьстаяць спакусам і выклікам часу і калі будзе прыбягаць да яе, то нікому не ўдасца ўкласці ў яго галаву ўсё, што заўгодна, - піша мітрапаліт. - Не хацелася б, каб Вашы словы як лаўрэата Нобелеўскай прэміі былі ўспрыняты як заклік да міжканфесійнай канфрантацыі. Наадварот, яны павінны ўносіць мір і кансалідацыю ў наша грамадства. Спадзяюся, што ў Вашых словах не было дрэннага намеру ў адрас католікаў нашай Бацькаўшчыны. Аднак варта памятаць, што зраніць і забіць могуць не толькі танкі і зброя, але і словы. Будучы асобамі публічнымі, неабходна памятаць пра адказнасць за свае словы.

Мітрапаліт выказаў надзею, што нягледзячы на нецаркоўнасць сп. Алексіевіч, яна з павагай будзе ставіцца да натуральнага права чалавека на рэлігійную свабоду, якое яму таксама гарантуе Канстытуцыя Беларусі:

- Ад усяго сэрца жадаю Вам, каб Вашы высілкі як лаўрэата Нобелеўскай прэміі спрыялі гарманічнаму і мірнаму развіццю нашага грамадства, - цытуе іерарха Сatholic.by.

Last modified onСубота, 10 Чэрвень 2017 11:42
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць