BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Беларуская царква ў Лондане атрымала прэстыжную архітэктурную прэмію

Грэка-каталіцкі храм узяў прыз глядацкіх сімпатый.

Беларускі грэка-каталіцкі храм Кірылы Тураўскага заваяваў у сталіцы Вялікабрытаніі прыз глядацкіх сімпатый конкурсу New London Architecture. Пра гэта стала вядома па выніках народнага галасавання 5 ліпеня. Паведамляецца, што ўсяго ў конкурсе ўдзельнічала 150 праектаў, з якіх 32 ўвайшлі ў шорт-ліст. Драўляны ўніяцкі храм, пабудаваны ў духу традыцый беларускага дойлідства па праекце архітэктара кітайскага паходжання Цзывай Рафаэля Со, прэтэндаваў на перамогу адразу ў трох намінацыях.

Нагадаем, ужо праз паўгода пасля афіцыйнага адкрыцця Грэка-каталіцкая царква беларускай супольнасці ў Лондане пачала атрымліваць узнагароды на брытанскіх і замежных конкурсах. 21 траўня яна трапіла ў лік 50 найлепшых будынкаў Лондана за 2016 год - атрымала прэмію Каралеўскага інстытуту брытанскіх архітэктараў (RIBA London Award).

Як паведамлялася раней, царква ў гонар святаначальніка Кірылы, біскупа Тураўскага, і ўсіх святых заступнікаў беларускага народа была асвечаная ў Лондане 17 снежня па адрасе Marian House, Holden Avenue, London N12 8HY. Бліжэйшая станцыя метро - Woodside Park. Гэта адзіная ў замежжы адмыслова пабудаваная беларуская грэка-каталіцкая царква і першая драўляная царква ў Лондане ад часоў Вялікага пажару (1666 год). Збудаваная на 30-я ўгодкі Чарнобыля, яна таксама стала храмам-помнікам усім ягоным ахвярам.

Камень, які стаў краевугольным у падмурку новага храма, быў прывезены са старадаўняга Траецкага касцёла ў беларускай вёсцы Друя, аднаго з цэнтраў адраджэння нацыянальнай Царквы.

Спраектаваў невялікі драўляны храм лонданскі архітэктар кітайскага паходжання Цзывай Рафаэль Со, які з'яўляецца вернікам беларускай грэка-каталіцкай царквы, што існуе ў Лондане ўжо каля 70 гадоў.

У праекце сінтэзаваны тыпы сучаснай архітэктуры і традыцыйнай архітэктуры беларускіх храмаў Усходняга хрысціянства.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць