BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Страшны юбілей». Пакутніцтву святароў у Росіцы - 75 гадоў

Айцы Юры Кашыра і Антоній Ляшчэвіч разам з парафіянамі жыўцом былі спаленыя фашыстамі.

16 лютага споўнілася 75 гадоў трагедыі, якая адбылася ў 1943 г. у в. Росіца Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. Яе асноўнай славутасцю з'яўляецца Траецкі касцёл, пабудаваны тут у 1911 годзе. Да касцёла ў Росіцы прыязджае вельмі шмат турыстаў і паломнікаў. Іх прыцягвае сюды ў большай ступенi не архітэктура гэтага храма і навакольныя краявіды, а памяць пра падзеі, якія адбываліся тут падчас Другой Сусветнай вайны, гаворыцца ў інфармацыі Верхнядзвінскага гісторыка-краязнаўчага музея.

У лютым 1943 года, вёска Росіца трапіла ў зону правядзення нямецкай карнай аперацыі, накіраванай супраць партызан, і названай немцамі "Зімовае чараўніцтва". У рамках гэтай аперацыі немцы планавалі стварыць 40-кіламетровую зону без людзей і населеных пунктаў. Для выканання гэтай задачы яны спалілі больш за 300 вёсак на тэрыторыі Беларусі і яшчэ некалькі сотняў на тэрыторыі Расіі. Многіх жыхароў гэтых вёсак спалілі разам з іх дамамі, астатніх адправілі ў канцлагеры. Гэтая страшная доля спасцігла і вёску Росіца.

Мясцовых жыхароў сабралі ў касцёле, дзе яны амаль пяць дзён чакалі нямецкага "суда", увесь гэты час іх як маглі падтрымлівалі святары - Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч, толькі яны мелі права пакідаць касцёл. Яны прыносілі людзям ежу, хрысцілі, спавядалі, рабілі ўсё што ў іх сілах.

Затым маладых і дужых людзей адправілі ў лагеры, а пажылых, слабых, цяжарных і хворых спалілі ў самых вялікіх хатах і канюшні на процілеглым ад касцёла беразе возера. Ксяндзам было прапанавана сысці жывымі і свабоднымі, але яны засталіся з людзьмі і таксама загінулі ў агні. Усяго ў Росіцы загінула 1528 чалавек. Ахвяру святароў прызналі подзвігам.

У 1999 годзе Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыру беатыфікавалі як святых пакутнікаў. Цяпер касцёл у вёсцы Росіца двойчы ў год - у лютым і жніўні - збірае тысячы паломнікаў з розных краін. Людзі са свечкамі ў руках ідуць апошняй дарогай пакутнікаў - да іх брацкай магілы. Страшным падзеям Другой Сусветнай вайны прысвечана афармленне галоўнага алтара храма ў вёсцы Росіца. На месцы, дзе загінулі жыхары вёскі, усталяваны вялікі крыж, а на ўездзе ў вёску знаходзіцца невялікі помнік з мемарыяльнымі надпісамі.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць