BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Прэзідэнт Кубы наведаў Чырвоны касцёл у Мінску

Падчас афіцыйнага візіту ў Беларусь Мігель Дыяс-Канэль сам захацеў пабываць у каталіцкім храме

22 кастрычніка мінскі Чырвоны касцёл наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Куба Мігель Дыяс-Канэль, які прыехаў у Беларусь з афіцыйным візітам і ў першы ж дзень выявіў жаданне наведаць каталіцкую святыню.

Прэзідэнта разам з жонкай і афіцыйнай дэлегацыяй прывітаў ля ўваходу ў касцёл арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Гасцей з Кубы ўрачыста сустракаў і пробашч парафіі святых Сымона і Алены ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, іншыя святары, што працуюць у парафіі, і хлопцы з дзяўчатамі ў шляхецкіх і беларускіх народных строях, піша ave-maria.by.

Пасля прывітання прэзідэнта правялі да месца пахавання Эдварда Вайніловіча, фундатара касцёла святых Сымона і Алены. Гасцям расказалі пра вялікае значэнне гэтага чалавека для католікаў горада Мінска, а таксама пра тое, што Эдвард Вайніловіч можа стаць першым свецкім святым у Касцёле Беларусі. Мітрапаліт Тадэвуш запрасіў прэзідэнта прайсці да галоўнага алтара касцёла. Мігель Дыяс-Канэль разам з жонкаю пакінулі запіс у кнізе наведвальнікаў Чырвонага касцёла, а таксама паставілі запаленую свечку каля вялікай фігуры Маці Божай, якая знаходзіцца пры алтары.

«За 30 гадоў майго біскупскага служэння, у тым ліку ў Расіі, толькі некалькі разоў прэзідэнты наведвалі касцёл падчас афіцыйнага візіту ў краіну, - пракаментаваў сустрэчу ўжо пасля развітання з дэлегацыяй арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. - Таму прыезд прэзідэнта Кубы ў Чырвоны касцёл - рэдкая падзея, якая ўвойдзе ў гісторыю Касцёла ў Беларусі. Сітуацыя Касцёла ў Кубе шмат гадоў заставалася вельмі складанаю. Сёння мы ўспамінаем святога Яна Паўла ІІ, а менавіта ён калісьці прыляцеў на Кубу і сустрэўся з Фідэлем Кастра, пасля чаго пачаліся добрыя змены для мясцовага Касцёла. Потым ужо і Бэнэдыкт XVI наведваў Кубу, і, як памятаем, сустрэча папы Францішка і патрыярха Кірыла адбылася менавіта на Кубе».

Мітрапаліт Тадэвуш таксама адзначыў, што візіт прэзідэнта Кубы ў Чырвоны касцёл - гэта не проста прыемная сустрэча, але гэта азначае тое, што, наведваючы нашую краіну, прэзідэнт хацеў пазнаёміцца з католікамі Беларусі, выказаць сваю павагу людзям.

Дарэчы, мітрапаліт Тадэвуш заўважыў, што прэзідэнт перад уваходам у касцёл пацікавіўся, ці не адбываецца цяпер там якое-небудзь набажэнства, каб не перашкодзіць вернікам.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць