BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Былы парторг з Будслава усталёўвае крыжы на месцы зніклых вёсак

«Большасць членаў партыі ў нашай мясцовасці былі веруючымі»

Пенсіянеры Іван і Марыя Пятроўскія з мястэчка Будслаў займаюцца незвычайнай справай: яны ўсталёўваюць драўляныя, дубовыя, крыжы на месцы знiклых, знесеных весак і хутароў, а таксама рамантуюць старыя і ставяць новыя крыжы і памятныя знакi ў ваколіцы. Сужэнцы - вернікі каталіцкай парафіі ў Будславе. Дзякуючы ім крыжы і памятныя знакі з'явіліся, напрыклад, у фальварку Арэхава, на хутары Бярозавы Мост.

Іван Станіслававіч распавёў Katolik.life цікавую гісторыю свайго жыцця. Ён - дэпутат мяцовага сельсавету, паважаны чалавек, грамадскі актывіст. А ў савецкія часы быў парторгам. Працаваў на розных пасадах у мясцовым калгасе, апошнія гады кіраваў сельгаспрадпрыемствам «Будслаўскае». Сам змайстраваў трактар са спісаных дэталяў і вузлоў, на ўласнай тэхніцы расчышчае парк, вывозіць смецце, арганізоўвае людзей на добраўпарадкаванне малой Радзімы, дапамагае, чым можа, іншым. Цікава, што Іван Станіслававіч і ў савецкі час заставаўся веруючым, нягледзячы на членства ў камуністычнай партыі. У касцёл таксама хадзіла жонка Марыя.

- На працы мне далі рэкамендацыі да ўступлення ў КПСС, а ў партыю мяне прынялі, калі служыў у войску. Я ўпэўнены, што большасць членаў партыі ў нашай мясцовасці былі веруючымі. Проста такая тады была сістэма, што без партыі нельга было нікуды прабіцца. Але начамі, вечарамі, падпольна амаль усе сваіх дзяцей хрысцілі і шлюб у касцёле бралі, святы адзначалі, але неафіцыйна.

Іван Станіслававіч узгадвае, як вярнуўся з войска - быў ужо партыйцам, і ў форме старэйшага лейтэнанта прыйшоў на Вялікдзень у касцёл:

- Канечне, не наперад, а ў самы вугал заціснуўся. І вось момант станавіцца на калені: я не стаў, не рашыўся, а мой аднакласнік, які быў побач, стаў.

А праз колькі год - у пачатку 90-х - сітуацыя амаль паўтарылася:

- Падчас фэсту ў Будславе я быў на службе і прыйшоў момант стаць на калені. Я зрабіў гэта. А побач стаялі дзяўчаты і я пачуў іх словы ў мой адрас: «Напэўна, гэты чалавек многа грахоў мае». А я думаю: вы ж не ведаеце, што я парторгам быў…

А ідэя ставіць крыжы на месцы зніклых вёсак нарадзілася ў 2017 пасля просьбы стрыечнага брата Івана Станіслававіча ўсталяваць крыж на радзіме ягонай маці у вёсцы Барсучына Віцебскай вобласці. З таго часу з дапамогай сяброў ўсталёўвае крыжы у тых месцах, дзе просяць людзі. Крыжы асвячаюць, запрашаюць святара. Матэрыялы для крыжоў Іван Станіслававіч перавозіць на сваім самаробным трактары, які, як і ягонага гаспадара, ужо ведае ўся ваколіца.

Last modified onНядзеля, 10 Лістапад 2019 22:09
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць