BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Біскуп Касабуцкі на Імшы за Рамана Бандарэнку: "Наша грамадства напоўнена гераізмам"

Іерарх адзначыў, што нягледзячы на спробы нас падзяліць і навязаць нам нянавісць, людзі праяўляюць адзін да аднаго сапраўдную любоў і адзінства

13 лістапада ў мінскі катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася святая Імша аб вечным жыцці для Рамана Бандарэнкі — чарговай ахвяры тэрору, піша Сatholic.by.

«Мы просім, каб міласэрны Бог адарыў яго ласкаю збаўлення, бо мы для яго душы можам зрабіць толькі адно — маліцца, бо гэта патрэбна для яго збаўлення», — падкрэсліў біскуп.

У прамоўленым Божым слове іерарх звярнуў увагу на тое, што, па словах Хрыста, канец свету прыйдзе нечакана, і што гэта датычыцца таксама кожнага чалавека, бо ніхто загадзя не ведае моманту свайго адыходу.

«Калі Раман сказаў сваю апошнюю фразу, якая ўжо разляцелася па ўсіх сацыяльных сетках „Я выходжу“, ён не мог ведаць, што гэты выхад і будзе тым момантам, калі душа пакіне цела; момантам, калі ён стане перад Госпадам», — зазначыў біскуп Юрый, дадаўшы, што гэта павінна заахвоціць усіх нас задумацца над сваім жыццём і ўсвядоміць, што для кожнага нечакана прыйдзе момант адыходу з гэтага свету. Для таго, каб быць гатовым да гэтага моманту, па словах іерарха, патрэбная вера і любоў да Бога, а таксама жыццё паводле Яго запаведзяў, якія вучаць карыстацца свабодай, а не абмяжоўваюць чалавека.

«Божы закон, Божыя запаведзі — гэта той маральны падмурак, які дапамагае ў кожнай сітуацыі заставацца чалавекам, добрым чалавекам», — сцвердзіў пастыр, дадаўшы, што ніхто нічога не забярэ з сабою на той свет: за ім пойдуць толькі яго ўчынкі — добрыя або дрэнныя, і з імі давядзецца стаць перад Божым судом.

«Быць чалавекам, асабліва сёння, — гэта нялёгкая, складаная справа. З жахам мы і ўвесь свет назіраем за тым, што адбываецца ў нашай краіне. Мы вельмі шмат кожны дзень молімся аб спыненні насілля, але бачым, што яно яшчэ больш павялічваецца, з’яўляюцца новыя ахвяры. Мы ўсе скалынуліся, калі даведаліся, як збілі Рамана, а калі даведаліся, што ён памёр, колькі было жалю, болю… Ніводзін адэкватны чалавек не застаўся абыякавым», — сказаў біскуп Юрый Касабуцкі.

Адзначыўшы, што ўсе ведаюць, што насілле і забойства — гэта зло, ён нагадаў, што разам з тым Хрыстус заахвочвае да прабачэння. Хоць, паводле біскупа, людзям усё цяжэй гэта рабіць, аднак малітва за ворагаў на ўзор Хрыста ўмацоўвае нас, вызваляе ад жадання помсты, дапамагае ў кожнай сітуацыі заставацца чалавекам.

 

Аналізуючы сітуацыю, якую перажывае цяпер беларускі народ, іерарх заўважыў, што не ўсё можна зразумець адразу; адказаць на пытанне, чаму так адбываецца. Аднак, па яго словах, гэтая сітуацыя салідарызавала грамадства і паказала, хто ёсць хто.

«Мы ўбачылі, у каго ў сэрцы ёсць сапраўдная любоў, якая не шукае сваёй выгоды, якая жадае дабра для ўсёй краіны, для ўсіх жыхароў, для ўсіх нас», — падкрэсліў біскуп Касабуцкі.

Сённяшнюю сітуацыю ў краіне і праявы незвычайнай салідарнасці паміж людзьмі іерарх параўнаў з тым, як падчас вайны многія праяўлялі гераізм і ратавалі іншых ад карнікаў, рызыкуючы сваім уласным жыццём.

«Сёння наша грамадства напоўнена гэтым гераізмам, і нам трэба маліцца вельмі шмат, каб мы гэта захавалі», — сцвердзіў пастыр, дадаўшы, што нягледзячы на спробы нас падзяліць і навязаць нам нянавісць, людзі праяўляюць адно да аднаго сапраўдную любоў і адзінства. Біскуп Юрый пажадаў, каб такое братэрства насуперак усім падзелам і адрозненням назаўсёды аб’яднала ўсіх сыноў і дачок беларускага народа. Гэта стане найлепшым ушанаваннем памяці Рамана і іншых ахвяраў, якія загінулі за свае погляды, за шчасце ўсяго народа, за лепшую будучыню для ўсіх нас.

Media

Last modified onНядзеля, 15 Лістапад 2020 21:32
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць