BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У мінскі архікатэдральны касцёл прыходзіла міліцыя - з-за гімна «Магутны Божа»

Аб гэтым паведаміў біскуп Юры Касабуцкі і дадаў, што калі пэўная малітва мае вялікую моц, то і д'ябал будзе змагацца з ёй з найбольшай сілай

Біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-Каталіцкай царквы паведаміў, што ў сталічны архікатэдральны касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі прыходзілі сілавікі. Гэта адбылося ў нядзелю, 4 ліпеня, напісаў іерарх на сваёй старонцы ў Facebook.

- Прыйшлі супрацоўнікі міліцыі з прэтэнзіяй, што парушана нейкая там норма заканадаўства наконт малітвы «Магутны Божа». Што канкрэтна, яны не разумелі самі... Дык што ж не так з нашым любімым рэлігійным гімнам? - піша біскуп Юры Касабуцкі.

Ён нагадаў, што верш «Магутны Божа» напісала ў 1943 годзе Наталля Арсеньева. У 1947 годзе кампазітар Мікалай Равенскі напісаў музыку да гэтага вершу. Гімн стаў малітвай пасляваеннай беларускай эміграцыі. У 1993 годзе спецыяльная камісія Вярхоўнага Савета прапанавала зрабіць гэты гімн дзяржаўным гімнам Беларусі.

- На сённяшні дзень гэты гімн стаў малітвай, якая выкарыстоўваецца ў набажэнствах католікаў, праваслаўных, пратэстантаў, а таксама апошнім часам гэты гімн спяваюць людзі, якія не атаясамліваюць сябе з ніякай рэлігіяй.

Паводле біскупа, гімн «Магутны Божа» - перш за ўсё малітва за Бацькаўшчыну і за народ:

- Кожная малітва нясе ў сабе неверагодную сілу і здольная зрабіць нават вялікія цуды. Калі ж пэўная малітва мае вялікую моц, то і д'ябал будзе змагацца з ёй з найбольшай сілай і рабіць шматлікія перашкоды, каб людзі гэту малітву не ўжывалі... Чаму мы не можам спяваць «Магутны Божа»? Пытанне рытарычнае...

Нагадаем, першапачаткова планавалася, што 3 ліпеня ў каталіцкіх храмах Беларусі напрыканцы святой Імшы прагучыць гэты спеў. У Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі заахвочвалі святароў да выканання гімна «Магутны Божа» - каб Пан Бог бярог народ і краіну ад усяго злога.

Media

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць