BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«У табе, Уваскрослы Езу, наша надзея!» Мітрапаліт Кандрусевіч - на Пасху

Іерарх моліцца аб свабодзе, справядлівасці, міры, духу прабачэння, каб Пан правёў праз даліну зла

Са словам на Пасху, якую католікі адзначаюць 17 красавіка, да вернікаў звярнуўся арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. У святле Уваскрасення Хрыстовага іерарх закрануў тэму грамадска-палітычнага крызіса ў Беларусі і развязанай супраць Украіны вайны. Поўны тэкст апублікаваў Catholic.by, прыводзім вытрымкі са звароту.

«Сёння, калі боль раздзірае нашыя сэрцы, мы, тым не менш, спяваем гімн перамогі «Алелюя». Спяваем насуперак злу, якое пануе ў свеце, і з надзеяй на лепшую, светлую будучыню. У гэты складаны час, калі братняя Украіна перажывае сваю Вялікую пятніцу, а кроў і слёзы забітых, параненых, тых, хто страціў сваіх блізкіх, і бежанцаў, лямантуюць да нас, мы не можам быць абыякавымі - гэта значыць тымі, хто страціў здольнасць маральнага выбару і не адрознівае дабро ад зла».

Паводле арцыбіскупа Кандрусевіча, вайна - гэта страшны грэх Каіна, які забіў свайго брата Абэля: замест Божага вобраза яна бачыць у чалавеку вобраз ворага, якога неабходна знішчыць.

«Таму няма і не можа быць апраўдання тым, хто распачынае і вядзе вайну, бо яна не з’яўляецца спосабам вырашэння праблем, але катастрофай, у якой гінуць нявінныя людзі, нішчыцца годнасць чалавека, разбураюцца гарады і інфраструктура, шмат людзей становіцца бежанцамі…»

Таму, як вучыць Другі Ватыканскі Сабор, вайна - гэта злачынства супраць Бога і чалавека, якое заслугоўвае рашучага і неадкладнага асуджэння, падкрэслівае іерарх.

«Сёння, у свята перамогі Езуса над смерцю, грахом і злым духам, мы звяртаемся да цябе, Міласэрны Уваскрослы Езу: міласціва глянь на залітую крывёю Украіну! Узруш закамянелыя сэрцы адказных за гэтую трагедыю, якая прывяла да гуманітарнай катастрофы і знявагі годнасці чалавека як Божага стварэння, каб яны пачулі плач маці забітых сыноў і дачок, склечаных людзей, бежанцаў і ўсіх пакрыўджаных, сярод якіх шмат дзяцей, і тэрмінова яе спынілі! Няхай шлях дыялогу, узаемапавагі і прабачэння, умацаваны трывалай малітвай аб міры ва Украіне, да чаго заклікае Папа Францішак, спыніць збройную кананаду, прадухіліць далейшую эскалацыю ваенных дзеянняў, ахвярамі якіх з’яўляюцца людзі з абодвух бакоў супрацьстаяння, і прывядзе да справядлівага міру!» - моліцца арцыбіскуп.

Ён заўважае, што «на нашай памяці мы, хіба што, яшчэ не адзначалі галоўнага свята хрысціянства - Пасхі Хрыстовай - у такіх складаных умовах, якія перажываем цяпер, калі звыклы для нас свет разбураны і пройдзена кропка экзістэнцыйнага незвароту»:

«Аднак у той жа час, зыходзячы з праўды Уваскрасення Хрыста, трэба сказаць, што ні праблема працягу пандэміі каранавірусу, ані грамадска-палітычны крызіс у нашай Бацькаўшчыне, ані ваенныя дзеянні ва Украіне, ані іншыя складанасці не могуць прыцьміць значэння свята Пасхі, якое дае надзею на пазітыўнае іх вырашэнне і новую будучыню. Праз цярпенні, слёзы і боль прымем праўду аб тым, што Уваскрослы Езус адраджае ў нас надзею на лепшае заўтра; адраджае нават насуперак надзеі, як кажа святы апостал Павел, дапамагае дабром перамагчы зло, напаўняе духоўным супакоем і ўмацоўвае сваёй ласкай, каб мы ўваскрасалі да новага жыцця ў святле праўды Евангелля».

Іерарх працягнуў малітву:

«Езу, які сваёй пасхальнай таямніцай перамог зло, вытры слёзы плачучых і церпячых з-за вайны ва Украіне нашых братоў і сясцёр, як абцёр іх жанчынам міраносіцам. Правядзі нас праз цёмную даліну зла, няўпэўненасці ў заўтрашнім дні, неспакою і страху. Адары пасхальнай радасцю. Дай надзею зняволеным і прыгнечаным. Дапамажы пераадолець падзелы і непаразуменні. Уваскрасі з магілы граху.

Учыні, каб у нашай Бацькаўшчыне, а таксама ва Украіне і ва ўсім свеце як мага хутчэй запанаваў мір, узаемная любоў, дух прабачэння, свабода і справядлівасць. Благаславі Беларусь, зямлю, на якой мы нарадзіліся, з якой выраслі і якую любім. Гэта наша Радзіма! Яна Богам створана для нас і для нашага уваскрашэння, бо ў табе, Уваскрослы Езу, наша надзея».

Last modified onЧацвер, 21 Красавік 2022 11:21
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць