BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Сужэнцаў запрашаюць на ўікэнд, каб асвяжыць адносіны

На сустрэчу запрашаюцца як "добрыя сужэнцы", так і тыя, якія маюць сур'ёзныя канфлікты.

Асацыяцыя «Сужэнскія Сустрэчы» ладзіць уікэнды па аднаўленню і паглыбленню сужэнскай еднасці і любові. Бліжэйшы ўікэнд адбудзецца 23-25 кастрычніка і будзе праходзіць у цэнтры “Карытас” у вёсцы Ляскоўка каля Бараўлян (Мінскі раён).

Рэкалекцыі пачынаюцца ў пятніцу ў 18.00, заканчваюцца ў нядзелю каля 15.00. Арганізатары забяспечваюць начлег і пасілак. Неабходны ўдзел абодвух сужэнцаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме.

«Сужэнскія Сустрэчы» - гэта рэкалекцыйны рух, мэта якога - паглыбіць шлюбныя адносіны, дапамагчы мужу і жонцы лепш і глыбей разумець адзін аднаго і асэнсаваць таямніцу іх шлюбу. Гэта адбываецца шляхам прапановы шлюбным парам такой формы дыялогу, якая з аднаго боку дазваляе мужу і жонцы глыбей пазнаць адзін аднаго, а з другога - у выпадку непаразуменняў - дапаможа выходзіць з канфліктных сітуацый. Каб сустрэцца адзін з адным і з Богам, трэба больш слухаць, чым казаць, больш дзяліцца, чым спрачацца, больш разумець, чым ацэньваць, а ў першую чаргу - прабачаць.

Асноўная форма працы Сужэнскіх Сустрэч - гэта трохдзённыя рэкалекцыі. Сужэнскія пары - аніматары і святары - рыхтуюць удзельнікаў да самастойнай працы, гэта значыць навучанню і правядзенню дыялогу. Гэту працу сужэнцы праводзяць выключна ўдваіх. Ніякія справы, якія злучаюць ці падзяляюць сужэнцаў, не распавядаюцца групе. Сямейная пара можа за час правядзення рэкалекцый аднавіць свежасць узаемных пачуццяў, абнавіць ці нанова адкрыць сваё адзінства. Сужэнцы пасля уікэнда звычайна ў стане вырашаць свае праблемы.

Праграма складзена такім чынам, што дазваляе кожнай пары паглядзець на сваё жыццё ў духу любові, і заснавана на сучасных ведах з вобласці псіхалогіі, камунікацыі і тэалогіі. На Сужэнскія Сустрэчы прыходзяць людзі ў розным узросце, з розным досведам сямейнага жыцця, з розным узроўнем ведаў і рознай ступенню набожнасці, з розным узроўнем пачуццяў, якія злучаюць ці падзяляюць сужэнцаў. На ўікэнд могуць прыехаць як і так званыя "добрыя сужэнцы", так і тыя, якія маюць сур'ёзныя канфлікты, часта на этапе думак пра развод. Ва ўікэндзе прымалі таксама ўдзел шматлікія сужэнскія пары, якія жадалі вярнуцца адзін да аднаго пасля развода.

- Мы запрашаем кожную пару, якая імкнецца, каб іх сумеснае жыццё пастаянна развівалася. Мы не ставім удзельнікам фармальных абмежаванняў – на рэкалекцыі могуць прыехаць праваслаўныя і змешаныя сужэнствы, напрыклад каталіцка-праваслаўныя, пары, якія толькі распісаліся ў ЗАГСе і яшчэ не вянчаліся, сужэнствы ў паўторным шлюбе, - гавораць арганізатары. - «Сужэнскія Сустрэчы» ўмацоўваюць сям’ю знутры, а дзякуючы гэтаму ўмацоўваецца Касцёл. Ад адносін мужа і жонкі ў вялікай ступені залежаць адносіны бацькоў з дзецьмі, са сваякамі, з іншымі людзьмі. Калі у хаце валадарыць каханне, а сям'я выпраменьвае яе вонкі, то яе дух перадасца іншым.

Кантактныя нумары для запісу на рэкалекцыі:

Іван і Алена Лубінскія +375 29 5562635, +375 29 1408456

e-mail: sustre4y@tut.by

Last modified onСерада, 07 Кастрычнік 2015 15:22
Каментары   
+2 #1 Антон 2015-10-07 22:57
Хорошее дело! В свое время сильно помогли нам
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць