BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Мы адмаўляемся выносіць рэчы». Парафія Чырвонага касцёла выступіла з заявай

Там патлумачылі прычыны, апісалі цяперашнюю сітуацыю і пракаментавалі «канструктыўны дыялог» з уладамі

Каталіцкая парафія святога Сымона і святой Алены ў Мінску паведаміла 20 кастрычніка пра пасяджэнне касцёльнага камітэта, па выніках якога апублікавала заяву адносна сітуацыі з закрыццём Чырвонага касцёла.

«Касцёльны камітэт катэгарычна не згодны з пастаноўкай пытання аб раптоўным скасаванні дамовы арэнды. Парафію прымушаюць імгненна вызваліць памяшканне касцела і плябаніі, на што парафія не мае ні фізічных, ні юрыдычных, ні матэрыяльных сродкаў. Адсутнасць магчымасці працаваць з дакументацыяй паралізавала юрыдычную і фінансавую дзейнасць парафіі. Нам таксама не прадстаўлены і акт агляду памяшканняў комплекса будынкаў Чырвонага касцёла», – гаворыцца ў паведамленні.

Таксама адзначаецца, што падрыхтоўкай касцёла да асення-зімовага перыяду займаецца КУП “Мінская спадчына”, якая адказвае, у тым ліку, за спраўнасць ліній электрасетак і электраабсталявання: «Таму мы не згодны з абвінавачаннем парафіі ў меркаванай прычыне ўзгарання: “парушэнне правіл эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання”. Узгаранне адбылося ноччу, калі нагрузка на электрасеткі была мінімальная».

«Паколькі да гэтага дня ні прадстаўнікам касцёльнага камітэта, ні святарам, якія служаць у касцеле, ні біскупам, ні нават Мітрапаліту не была дадзена магчымасць убачыць сваімі вачыма пашкоджанні і пераканацца ў аварыйным стане касцёла (а ўзгаранне пацверджана толькі ў прыбудове да касцёла), то мы адмаўляемся выносіць рэчы з касцёла, бо лічым гэта беспадстаўным і немагчымым з вышэй азначанай прычыны. Тое, што прадстаўнікам парафіі забаронены ўваход у касцёл, а супрацоўнікам КУП “Мінская спадчына” і іншых арганізацый ён не абмежаваны, выклікае недавер і падазронасць», – заявілі ў парафіі.

Там дадалі, што да гэтага часу не атрымалі адказ на пытанне ці быў складзены акт апісання касцёльнай маёмасці, якая знаходзіцца ўнутры будынка, не паведамлена, якая ўстанова і у чыёй асобе нясе адказнасць за яе захаванне і таксама за грашовыя ахвяраванні вернікаў, якія знаходзяцца ўнутры будынка, не прадставілі дакументы, на падставе якіх для парафіі абмежаваны доступ у касцёл.

«Парафія засталася сам на сам з пагрозай страты касцельных каштоўнасцяў, а менавіта культавых рэчаў, архіваў, бібліятэкі, прыстасаванняў і механізмаў патрэбных пры ажыццяўленні штодзеннай дзейнасці касцёла. Таму мы не згодны, што на сустрэчы прадстаўнікоў Касцёла з прадстаўнікамі ўлады ў Мінгарвыканкаме атрымаўся “канструктыўны дыялог”», – падкрэслілі ў парафіі.

Касцёльны камітэт прапануе зрабіць патрэбны рамонт за кошт парафіі без прыцягнення бюджэтных сродкаў у найхутчэйшы тэрмін і хадайнічае аб перадачы будынка касцёла на баланс парафіі. А ад вернікаў просіць падтрымкі і малітвы.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць