BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Зраблю тое, што магу». Склалі топ матывуючых цытат біскупаў на Раство

З пасланняў і віншаванняў іерархаў выбралі некаторыя ключавыя цытаты, якія натхняюць на дзеянне.

На свята Божага Нараджэння, якое католікі адзначаюць 25 снежня, беларускія біскупы звярнуліся да вернікаў з пасланнямі і віншаваннямі. Паколькі сучаснаму чалавеку цяжка засяродзіцца на доўгіх тэкстах, мы выбралі з іх некаторыя ключавыя цытаты, якія матывуюць на дзеянне, заахвочваюць даць адказ на тое, што Бог прыйшоў да чалавека. Некаторыя цытаты аформілі карткамі (глядзіце ніжэй), для якіх скарыстаны здымкі Аляксандры Шчаглінскай. Поўныя тэксты пасланняў і відэа віншаванняў біскупаў апублікаваны на Catholic.by.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч:

«Мы павінны памятаць, што Евангелле не з’яўляецца археалагічнай знаходкай і музейным экспанатам, а натхнёным, жывым і актуальным Божым словам, якое з’яўляецца нашым маральным компасам».

«Не вецер, а ветразі вызначаюць шлях карабля на моры. Хто з’яўляецца нашым духоўным ветразем? Дух Евангелля ці свету? Ці замест таго, каб моўчкі паціснуць плячыма і сказаць: «А што ж я магу зрабіць у сітуацыі, калі ўсе так жывуць?» – маем адвагу сцвердзіць: «Зраблю тое, што магу!»

«Недастаткова абмежаваць святкаванне Божага Нараджэння толькі да сентыментальных пачуццяў, якія выплываюць з нараджэння Боскага Немаўлятка ў Бэтлеемскіх яслях. Мігцяць зоркі, спяваюць анёльскія хоры, пастушкі спяшаюцца да Бэтлеема… Гэтае свята павінна закрануць нашыя сэрцы з мэтай змяніць іх праз нараджэнне ў іх Езуса Ягонай ласкай. Наш славуты зямляк паэт Адам Міцкевіч пісаў: «Верыш, што Бог нарадзіўся ў Бэтлемскіх яслях, але гора табе, калі Ён не народзіцца ў тваім сэрцы».

«Свята Божага Нараджэння не можа прайсці проста так: прыйшло і прайшло. Яно павінна пакінуць свой след у нашых сэрцах. Павінна іх перамяніць з духоўна хворых у здаровыя, з зацвярдзелых – у ціхія і пакорныя, з нячулых на чужую бяду – у ахвотныя дапамагчы. Таму Божае Нараджэнне павінна нарадзіць новы кірунак нашага жыцця, у цэнтры якога будзе Хрыстус і Яго Евангелле».

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі:

«Святы Божага Нараджэння і наш актыўны ўдзел у іх, перыяд Калядаў можа стаць своеасаблівым «пятым Евангеллем», якое мы пішам жыццём веры ў сённяшнім свеце. Давайце абвяшчаць свету Евангелле праз нашыя працягнутыя далоні ва ўчынках міласэрнасці».

«Давайце пісаць нашае «пятае Евангелле» з мужнасцю, нават калі здараюцца памылкі. Бог і сёння прыходзіць да чалавека, хоць, многія яшчэ не ведаюць пра гэта, як і ў Бэтлееме. Давайце прынясем гэты дар туды, дзе яго ніхто не чакае, на перыферыю чалавечага існавання».

Біскуп Аляксандр Кашкевіч:

«Запросім жа Хрыста, Князя Спакою, у свае сэрцы. Дазволім Яму ўзрастаць у нас, каб сталі будаўнікамі спакою ў нашых сем’ях і супольнасцях, у нашых гарадах і вёсках, а таксама ў нашай краіне і свеце».

Біскуп Алег Буткевіч:

«Змяняецца час і змяняюцца людскія пакаленні, змяняецца свет і яго выклікі, але нязменнай застаецца чалавечая натура з яе слабасцямі, як і нязменным застаецца Бог з Яго міласэрнай любоўю да чалавека. Паспрабуйма чарговы раз адчуць яе, схіляючыся над Бэтлеемскімі яслямі, дзе ляжыць маленькае Дзіця, прыносячы для нас па-сапраўднаму трывалыя і вечныя каштоўнасці. Паспрабуйма чарговы раз на гэтых каштоўнасцях будаваць нашае цяперашняе жыццё і нашую будучыню!»

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Архімандрыт Сяргей Гаек:

«Свята Раства Хрыстовага – гэта свята радасці і міру. Але гэта таксама і вялікі дар Божы нашага паклікання: жыць у моцы Духа Святога і абвяшчаць Евангелле, сведчыць пра любоў Бога да нас праз нашы адносіны да братоў і сясцер, да нашых блізкіх і менш блізкіх».

Last modified onПанядзелак, 25 Снежань 2023 13:56
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць