BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У беларусаў з'явілася свая «Ціхая ноч»: песня арганісткі вясковага касцёла трапіла на дзяржузровень

Калядны гімн са словамі «Да жыцця ачніся, беларусе-братка» запісалі Акадэмічны хор і Сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі. Аўтару ўжо 82 гады, але яна і цяпер грае на аргане ў касцёле, актыўна вядзе сацсеткі і выкладвае відэа з новымі песнямі.

Песню аўтарства каталіцкай верніцы Марыі Трапашкі «Зорка Бэтлеемска» ўключылі ў свой рэпертуар Акадэмічны хор і Сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі. 7 студзеня, калі Раство Хрыстова адзначалі праваслаўныя, мінскі кампазітар Вячаслаў Пяцько апублікаваў запіс у выкананні гэтых дзяржаўных калектываў каляднага гімна, які дагэтуль спявалі пераважна ў касцёлах.

Упершыню на такім узроўні песня была выканана 25 снежня 2023 года на канцэрце «Калядная фантазія» ў мінскім к/з «Верхні горад». Тады ж быў зроблены запіс. Аранжыроўку для выканання гімна хорам і аркестрам зрабіў Вячаслаў Пяцько, дырыжыраваў Аляксандр Высоцкі (уключайце відэа ніжэй).

Песню са словамі «Да жыцця ачніся, беларусе-братка» і прыпевам «He спі, абудзіся! Хрыстос нарадзіўся!» часта можна пачуць у калядны перыяд у беларускіх касцёлах, але нямногія ведаюць пра тое, хто напісаў гэты гімн.

Katolik.life знайшоў аўтара песні – аказалася, што Марыі Язэпаўне Трапашка ўжо 82 гады, але яна дагэтуль служыць арганісткай у касцёле ў вёсцы Вішнева, піша вершы і музыку, запісвае новыя песні – усё гэта яна выкладае ў Facebook >

Гімн «Зорка Бэтлеемска» Марыя Трапашка напісала яшчэ ў 1991 годзе. А ў 1999 годзе ён быў уключаны ў рэлігійны песеннік і так распаўсюдзіўся сярод католікаў. А ў канцы 2023 года з Марыяй Язэпаўнай звязаўся Вячаслаў Пяцько, які спытаў пра дазвол на апрацоўку песні.

Гісторыя «Зоркі Бэтлеемскай» нагадвае гісторыю каляднага гімна «Ціхая ноч», які спяваюць ва ўсім свеце. Музыку да яго таксама напісаў арганіст правінцыйнага храма.

Наогул, Марыя Трапашка – аўтар многіх духоўных песень, але ў інтэрнэце пра яе, на жаль, вельмі мала інфармацыі. Амаль усё жыццё яна правяла ў Вішневе, працавала школьным настаўнікам, і доўгія гады грае і спявае ў касцёле.

«Шмат песень мною створана, але так мала каму яны патрэбны. Часта стрымліваю сябе: Хопіць! Прэч інтанацыі, прэч матывы!.. Але праз нейкі час, пасля творчых мук і пошукаў атрымалася – ПЕСНЯ! Цешуся бясконца! І засмучаюся пазней... Песьнячка, дзіцятка маё! Ты - Прыгожая! Шчырая і Праўдзівая! Але шчаслівая доля наўрад ці чакае цябе...», – кажа Марыя Язэпаўна.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Дарэчы, таксама 7 студзеня апублікаваны запіс іншай каляднай песні Марыі Трапашка, «У Бетлеем за пастушкамі», у выкананні ансамбля інтэрнацыянальнай музыкі «Прамень».

Media

Last modified onАўторак, 09 Студзень 2024 21:10
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць