BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Загадкі Каралевы Беларусі: уратавала ад маскоўскай акупацыі, знікла і зноў аб'явілася

Распавядаем гісторыю абраза Маці Божай Бялыніцкай, якая «абараніла Літву-Беларусь», падвяргалася прапагандзе XIX стагоддзя, захоўвалася ў сейфе абкама КПСС і знікла з крыжам Еўфрасінні Полацкай. Але нядаўна цудоўным чынам яе, верагодна, знайшлі ў вясковым храме.

25 красавіка, калі праваслаўныя асабліва шануюць Бялыніцкі абраз Божай Маці, каталіцкую святыню, распавядаем гісторыю гэтага цудатворнага абраза, які мае тытул «Каралева Беларусі».

Версіі паходжання гэтага абраза адрозніваюцца ў католікаў і праваслаўных. У прыватнасці, апошнія сцвярджаюць, што першапачаткова ікона належала праваслаўным манахам з Кіева, аднак эксперты гавораць, што гэтая версія не вытрымлівае крытыкі з гістарычнага пункту гледжання.

Таму ў спробе быць непрадузятымі мы склалі тэкст на аснове публікацыі навуковых супрацоўнікаў расійскага дзяржаўнага Музея гісторыі рэлігіі, які абапіраецца на гістарычныя звесткі – у тым ліку і ў пытанні паходжання іконы (пра гэта, а таксама аб прапагандзе XIX стагоддзя ў дачыненні да гісторыі іконы – ніжэй).

У дакументальных крыніцах утрымліваецца адна версія паходжання Бялыніцкага абраза – звышнатуральная. Яго аўтарам лічаць анёла:

«У 1624 годзе ў Бялынічах паўстаў кляштар каталіцкага ордэна кармэлітаў. Доўгі час манахі беспаспяхова спрабавалі знайсці ў навакольных месцах мастака, здольнага напісаць для кляштара абраз Божай Маці. Нарэшце ў 1634 годзе ў кляштар прыйшоў юнак-пілігрым, які назваўся мастаком. Ён загадаў манахам спяваць славаслоўе Божай Маці, а сам за гэты час напісаў абраз Панны Марыі з немаўлём», – перадае незвычайную гісторыю музей і ўдакладняе, што мастак на вачах манахаў знік пасля завяршэння працы.

«Маленькая крэпасць вытрымала націск маскоўскай арміі»

У 1654 годзе Руская дзяржава пачала вайну з Рэччу Паспалітай – Федэрацыяй Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага пад падставай «аб'яднання рускіх зямель вакол Масквы і аднаўлення Старажытнарускай дзяржавы». Царскае войска хутка захоплівала землі цяперашняй Беларусі і Літвы. Акупацыйныя ўлады праводзілі жорсткую палітыку ў дачыненні да неправаслаўнага насельніцтва, і манахі-кармэліты вымушаныя былі пакінуць Бялынічы.

Падчас эвакуацыі на захад яны праходзілі міма маленькай крэпасці ў Ляхавічах (цяпер – Брэсцкая вобласць), «былі затрыманыя невядомай сілай» (коні не змаглі ісці далей) і вырашылі пакінуць абраз у крэпасці разам з двума братамі.

Маскоўскае войска працягвала наступ і 23 сакавіка 1660 года падышло да Ляхавічаў і аблажыла замак. Але тры месяцы аблогі і тры штурмы не далі выніку. Узяць фартэцу не дапамагло нават падышоўшае падмацаванне. Наадварот, руская армія была разбіта прыбыўшым польска-літоўскім войскам і пасля гэтага вымушана была зняць аблогу і адступіць назад на ўсход.

«Маленькая крэпасць вытрымала націск маскоўскай арміі. Ужо ў працэсе аблогі абаронцы звярталіся па падтрымку да Бялыніцкага абраза, а адразу пасля адыходу расійскіх войскаў ікону славілі, як галоўную выратавальніцу. Як Маці Божая Чэнстахоўская ўратавала Польшчу, так Бялыніцкі абраз уратаваў Літву-Беларусь», – гаворыцца ў артыкуле музея.

Чаму легенда пра праваслаўнае паходжанне іконы – гэта частка расійскай прапаганды

Ікону вярнулі ў Бялынічы ў адноўлены кармэліцкі кляштар, дзе праз гэты абраз Гасподзь працягваў чыніць цуды. Аднак пры падзеле Рэчы Паспалітай усходнюю Беларусь разам з Бялынічамі ўсё ж далучылі да Расійскай імперыі. Але кляштар кармэлітаў там дзейнічаў аж да пачатку XIX стагоддзя, а шанаванне цудатворнага абраза распаўсюдзілася і сярод праваслаўных.

Аднак пасля падаўлення паўстання супраць акупацыйных уладаў каталіцкія кляштары сталі ліквідаваць, і храм з абразом застаўся ў руках католікаў у якасці парафіяльнага:

«Але з гэтага часу царскія ўлады вялі пастаянную прапаганду сярод насельніцтва аб тым, што касцёл варта перадаць Праваслаўнай царкве разам з цудатворным абразом. Гэта суправаджалася і з'яўленнем легенд аб нібыта старажытным праваслаўным паходжанні іконы: нібыта яна візантыйскага пісьма, была прынесена пад Магілёў у XIII стагоддзі кіеўскімі манахамі, уцекачамі ад мангольскага нашэсця. Абраз, нібыта, захоўваўся ў мясцовым праваслаўным храме да пачатку XVII стагоддзя, пасля чаго быў захоплены католікамі. Гэтая інфармацыя не пацвярджаецца ніякімі крыніцамі. Няма старажытных дакументаў не толькі пра абраз, але і пра існаванне да 1577 года самога мястэчка Бялынічы і праваслаўнага храма. Характар малюнка на іконе адпавядае барочнай стылістыцы XVII стагоддзя. Сёння гісторыкі лічаць, што цудатворны абраз у Бялынічах быў напісаны ў 1634-1635 гадах невядомым каталіцкім мастаком».

Аднак прыдуманая легенда жыве і распаўсюджваецца да гэтага часу.

«Прыйшлі ў касцёл на Імшу, а там ужо здзяйснялася праваслаўная Літургія»

Як сказана далей у артыкуле навуковых супрацоўнікаў, сітуацыю на беларускіх землях накаліла і ліквідацыя ўніяцкай царквы, калі ўсе грэка-католікі павінны былі ўліцца ва ўлонне Праваслаўнай царквы, а таксама новыя ўзмацненні жорсткасці ў дачыненні да католікаў пасля паўстання Кастуся Каліноўскага ў 1863-1864 гадах:

«Каталіцкая гісторыя цудатворнага абраза завяршылася 12 красавіка 1876 года: пад падставай пошуку нібыта схаванай зброі прадстаўнікі ўлады ўвайшлі ў касцёл, і раніцай, калі каталіцкія вернікі прыбылі на Імшу, там ужо здзяйснялася праваслаўная Літургія на паходным палкавым алтары».

Ікона засталася ў цяпер ужо праваслаўным храме, а гэтая дата і стала днём святкавання іконы ў праваслаўным календары (25 красавіка па цяперашнім календары).

Пасля пажару ў касцёле знайшлі ікону, схаваную пад іншым абразом

Але тут пачынаецца самае цікавае: загадак становіцца яшчэ больш, а дакладных звестак – менш. Паводле адной з версій, апошні пробашч каталіцкай парафіі ў Бялынічах прадчуваў, што храм адбяруць праваслаўныя, таму падмяніў арыгінальны абраз копіяй. Дзе ў гэтым выпадку сапраўдная ікона – ёсць толькі здагадкі, пра якія раскажам ніжэй.

Па іншай версіі, арыгінал усё ж застаўся ў храме, які працаваў да 1930-гадоў, калі камуністычныя ўлады яго зачынілі. Паводле афіцыйных звестак, старажытны абраз быў перададзены ў Магілёўскі абласны музей:

«У шэрагу самых каштоўных гістарычных рэліквій Беларусі захоўвалася ў адмысловым пакоі-сейфе ў будынку Магілёўскага абкама КПСС. Усе гэтыя скарбы, уключаючы і знакаміты крыж Ефрасінні Полацкай, бясследна зніклі ў ліпені 1941 года».

Па яшчэ адной версіі, схаваны каталіцкім святаром арыгінал іконы ўвесь гэты час захоўваўся ў сутарэннях кляштара. Аднак у 1953 годзе савецкія ўлады ўзарвалі будынкі былога кармэліцкага кляшара – усе сляды зніклі.

Але гэта не фінал. У канцы XX стагоддзя, ва ўжо незалежнай Беларусі, у маленькім храме вёскі Новая Мыш Баранавіцкага раёна адбыўся пажар. Спатрэбілася рэстаўрацыя алтароў, і ў адным з іх, за абразом Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі спецыялісты знайшлі іншы, схаваны абраз – Божай Маці Бялыніцкай.

Знаходка вельмі падобная па апісанні на арыгінал абраза і ў любым выпадку з'яўляецца старадаўняй карцінай. У той час, калі захапілі каталіцкі храм у Бялынічах, касцёл у Новай Мышы ўжо быў – гэта значыць, па часовым перыядзе ўсё сыходзіцца. Ды і навошта было б укрываць адзін абраз іншым, калі б ён не ўяўляў каштоўнасць і яго не трэба было ні ад каго хаваць?

Навукова гэта не пацверджана – бо ніякія доказы знайсці цяпер немагчыма. Але цікава, як дзейнічае Гасподзь: з'явіўся абраз у нічым не прыкметным глухім мястэчку, а апынуўся затым не дзе-небудзь у сталіцы, а ў маленькім вясковым храме... Дарэчы, нядаўняе відэа адтуль глядзіце ніжэй – на ўстаўцы з Facebook.

На першым фота – пілігрымка каталіцкіх вернікаў з Магілёва ў Бялынічы, якая штогод ладзіцца да свята Нараджэння Божай Маці.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Media

Last modified onЧацвер, 25 Красавік 2024 11:12
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць