Навіны рэгіёнаў: ажыўленне званоў, развітанне з пробашчам, экскурсія да праваслаўных
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Старадаўнія званы ў Варнянах не толькі ажылі і загучалі з новай сілай, але і пачалі выбіваць вядомыя мелодыі.
Працягваем выбіраць цікавыя навіны з жыцця каталіцкіх парафій у Беларусі і прапануем падборку падзей, якія адбыліся ў апошнія дні ў некаторых рэгіёнах – паводле допісаў на парафіяльных старонках у Instagram.
У касцёле ў Варнянах званы пачалі гучаць па-новаму: тут завяршылі працу па іх аўтаматызацыі. Цяпер не толькі стаў больш чыстым гук – званы пачалі адбіваць мелодыі [на відэа ніжэй].
«На працягу многіх гадоў вернікі выкарыстоўвалі толькі адзін са старажытных звонаў. Трэба было з дапамогай вяроўкі разгойдваць прыладу, гук быў глухім і манатонным. Цяпер устаноўлена аўтаматычная сістэма на ўсе званы – якім некалькі сотняў гадоў. Яны ажылі і загучалі з новай сілай», – распавялі ў парафіі, адзначыўшы, што працай займалася афіцыйнае прадстаўніцтва італьянскай фірмы Belltron.
У Лынтупах цёпла развіталіся з пробашчам Аляксандрам Баранам. Па рашэнні біскупа Віцебскага, ён завяршыў служэнне ў парафіі. На апошняй святой Імшы з ксяндзом Аляксандрам яму падзякавалі за ўсе добрыя справы і ўручылі падарункі. Напярэдадні ў Друі таксама развіталася з пробашчам – ксёндз Сяргей Сурыновіч накіраваны на далейшую працу пробашчам парафіі святога Антонія Падуанскага ў Віцебску.
У Дзятлаве правялі «Канікулы з Богам», і там дзеці ўдзельнічалі не толькі ў касцёльных мерапрыемствах – для іх зладзілі экскурсію ў пажарную частку, кінатэатр, музей і праваслаўную царкву. У нядаўна пабудаваным саборы дзяцей сустрэў праваслаўны святар і пазнаёміў з абразамі, інтэр'ерам храма.
Related items
-
Немцы з'ехалі, беларусы памерлі, святароў выслалі. Што стала з католікамі Валгадонска, дзе знеслі храм
-
У Мінску прэзентавалі план «Залатой Горкі» са скверам на могілках, якога там быць не можа
-
Каталіцкую капліцу, якую ў Расіі разабралі і адправілі на фронт, уратавалі праваслаўныя
-
У буйным горадзе Расіі знеслі каталіцкую капліцу і адправілі яе дэталі на фронт
-
Зямлю ксяндза Акалатовіча не змаглі прадаць праз аўкцыён