Праваслаўныя ў касцёле, католікі ў мячэці. Топ-5 навін рэгіёнаў
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
У Будславе адзначылі «дзень нараджэння» касцёла, у Смаргоні благаславілі адноўленую фігуру Божай Маці, разбітую вандалам, а ў Бялынічах ушанавалі Каралеву Беларусі.
Працягваем збіраць найбольш яркія навіны каталіцкіх парафій у рэгіёнах Беларусі – выбралі 5 самых цікавых падзей за мінулыя выхадныя (фота глядзіце ніжэй).
У Заслаўі ў касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі адзначылі парафіяльны фэст і асвяцілі адноўлены алтар. Адпраўляць святую Імшу запрасілі ксяндза Уладзіслава Завальнюка. На свята ў касцёл прыйшлі праваслаўныя вернікі: клірык мясцовага прыхода іерэй Вячаслаў Шафарэнка, які на беларускай мове павіншаваў католікаў, а таксама мастачка Анастасія Балаш з дзецьмі.
Парафія з Дзятлава здзейсніла пілігрымку да Маці Божай Барунскай і па дарозе завітала ў Іўе, дзе наведала не толькі касцёл, але і мячэць.
У Будславе адзначылі «дзень нараджэння» касцёла. У 1767 годзе быў закладзены краевугольны камень велічнай базілікі, якая стала адной з самых грандыёзных і прыгожых храмаў Рэчы Паспалітай таго часу. 7 верасня 1783 года касцёл быў асвечаны – з таго часу ў гэты дзень штогод запальваюцца свечкі.
У Смаргоні благаславілі адноўленую фігуру Божай Маці, якая была разбіта пры нападзе на касцёл у снежні 2023 года. Напярэдадні дня нараджэння Багародзіцы ў парафіі атрымалі навіну аб тым, што растаптаная на кавалкі фігура Марыі адрэстаўравана. Было вырашана размаляваць яе хітон ў жалобны колер і падпісаць Mater Dolorosa (Маці Балесная) – як сімвал гэтага і іншых цярпенняў, якія Панна Марыя церпіць разам з сваім Сынам ад людзей, каб фігура засталася балеснай памяткай для ўсіх.
Пілігрымка з Магілёва прыйшла ў Бялынічы, дзе прайшлі ўрачыстасці Маці Божай Бялыніцкай, Каралевы Беларусі. Святую Імшу адправіў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскайі архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, святу папярэднічала 40-гадзіннае набажэнства.
Related items
-
Самы папулярны хрысціянскі курс? У беларускім Касцёле пашырае ўплыў «Альфа»
-
Выйшлі на волю каталіцкія святары, асуджаныя ў Беларусі да доўгіх тэрмінаў
-
Унікальную серыю ікон стварае майстар крыжа Ефрасінні Полацкай. Сцвярджаецца, што праз адну ўжо здараліся цуды
-
На выратаванне вядомага касцёла дзяржава так і не знайшла грошай і звярнулася да грамадзян
-
Найменшы ў самым маленькім касцёле: у Беларусі з'явіўся новы арган