Яшчэ адзін касцёл закрыюць у Мінску. Што пра гэта і іншыя балючыя пытанні распавялі біскупы Папе Рымскаму?
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Зняволеныя святары і «гатоўнасць на розных узроўнях прыняць Святога Айца ў Беларусі».
Папа Леў XIV 16 кастрычніка прыняў на прыватнай аўдыенцыі Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і Генеральнага вікарыя архідыяцэзіі біскупа Аляксандра Яшэўскага. Пра гэта апошні паведаміў у сваім Instagram.
У той жа дзень Vatican News па выніках сустрэчы з Пантыфікам апублікаваў інтэрв'ю з Мітрапалітам. Прыводзім галоўнае.
Адной з галоўных тэм стала сітуацыя з касцельнай маёмасцю. Іерарх распавёў пра лёс мінскага Чырвонага касцёла, парафія якога пасля забароны на выкарыстанне будынка вымушана маліцца ў архікатэдры. Арцыбіскуп прывёў метафару: «Дзве сям’і ў адным будынку, нават у катэдральным, – гэта не вельмі».
Таксама была згадана праблема мінскага касцёла на Кальварыйскіх могілках, дзе хоць і дазволена маліцца вось ужо 45 гадоў, але няма яго юрыдычнага вяртання вернікам. Цяпер дзяржаўная арганізацыя плануе там рамонт, з прычыны чаго парафія будзе вымушана шукаць часовае месца [як мы і прагназавалі].
Мітрапаліт адзначыў, што «Папа ведаў гэтыя гісторыі».
Асобна была ўзнята тэма святароў, якія знаходзяцца ў зняволенні. Хоць Святы Айцец не задаваў гэтага пытання напрамую, беларуская дэлегацыя сама выказала «заклапочанасць» іх лёсам. Па словах арцыбіскупа Станеўскага, гэтая інфармацыя выклікала бачную занепакоенасць Льва XIV.
Ключавым момантам сустрэчы стала ўручэнне афіцыйнага пісьмовага запрашэння для Льва XIV здзейсніць візіт у Беларусь. Дакумент быў перададзены ад імя епіскапату, духавенства і ўсіх вернікаў краіны. Арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што ў 2026 годзе будзе адзначацца 35-годдзе аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, што з’яўляецца важнай датай для мясцовай супольнасці.
З доляй жарту арцыбіскуп прапанаваў Папу асабіста прыехаць і «праверыць», ці сапраўды ў Беларусі каля двух мільёнаў католікаў.
Леў XIV з усмешкай і разуменнем прыняў запрашэнне. Ён адзначыў, што каляндар на бягучы Юбілейны год вельмі шчыльны, і на наступны год таксама ўжо ёсць запланаваныя мерапрыемствы. Аднак Святы Айцец даў надзею, што запрашэнне будзе ўважліва разгледжана, а адказ будзе перададзены праз Апостальскую нунцыятуру ў Мінску.
Адказваючы на пытанне аб гатоўнасці беларускага грамадства, у прыватнасці праваслаўнай большасці, да візіту Папы, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі выказаў упэўненасць, што «настаў той час, калі Пантыфік можа наведаць вернікаў Каталіцкага Касцёла і ўсіх людзей нашай Бацькаўшчыны».
Каталіцкі іерарх адзначыў добрыя адносіны і дыялог з праваслаўным Мітрапалітам Веніямінам, а таксама неаднаразовыя запрашэнні ў бок Папы ад кіраўніцтва дзяржавы сведчыць пра гатоўнасць на розных узроўнях прыняць Святога Айца ў Беларусі.
Таксама адзначаецца, што падчас размовы Пантыфік праявіў добрую інфармаванасць аб жыцці Касцёла ў Беларусі. Ён задаваў канкрэтныя пытанні, у прыватнасці, аб магчымасці сацыяльнага служэння ў шпіталях і вязніцах, а таксама аб тым, ці ўсе касцёлы, у якіх моляцца вернікі, належаць каталіцкай супольнасці.
Арцыбіскуп Станеўскі згадаў, што паміж Беларуссю і Святым Пасадам яшчэ не падпісаны канкардат ці нейкая іншая форма дамовы.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
-
Знік самы папулярны ў сацсетках беларускі святар. Што здарылася?
-
«Спадзяюся, што людзі, даведаўшыся пра гэта, умацуюцца ў веры». З'явілася вестка ад ксяндза Акалатовіча
-
Новы Апостальскі нунцый упершыню наведаў Гомель – і вось з якой нагоды
-
«Уся каталіцкая Беларусь моліцца». Як адрозніваецца афіцыйнае і неафіцыйнае жыццё Касцёла
-
Стала вядома, што беларускі біскуп сказаў Папе Рымскаму: «Мы ўсе стомленыя вайной»