Біскуп Казімір Велікаселец адзначае 70-гадовы юбілей
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Навіны - Гомель
- Comments (2)
Віншаванні пастыру прапануем размяшчаць у каментарах да гэтага артыкула, паколькі ў дзень свайго юбілею ксёндз-біскуп не можа быць у Гомелі.
5 мая 2015 года дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкай Царквы Казімір Велікаселец, які служыць у Гомелі, адзначае сваё 70-годдзе. Віншаванні пастыру прапануем размяшчаць у каментарах да гэтага артыкула, паколькі ў дзень свайго юбілею ксёндз-біскуп не можа быць у Гомелі і ў Беларусі - яго 70-годдзе супала са святочнай датай у адной з супольнасцяў дамініканаў (ён належыць да гэтага манаскага ордэну), куды яго запрасілі, каб узначаліць урачыстую імшу.
Жадаем Уладыку Божага благаслаўлення, сілы духу для служэння Богу і людзям, шмат гадоў у здароўі і апекі Багародзіцы Марыі!
А лепшым падарункам для яго, напэўна, будзе шчырая малітва аб дарах Святога Духа і Божай дапамозе ў аднаўленні ў Гомелі парафіі Ўнебаўзяцця Божай Маці, бо працэс выдзялення зямлі пад будаўніцтва святыні цягнецца да гэтага часу.
Казімір Велікаселец нарадзіўся 5 мая 1945 года ў вёсцы Стараволя Пружанскага раёна цяперашняй Брэсцкай вобласці. Служыў у войску па прызыву, працаваў на будоўлі ў Вільні. Там жа пазнаёміўся з манахамі-дамініканцамі. Тры гады ўлады не давалі яму магчымасць паступіць у Рыжскую семінарыю. У 1981 годзе прыняты ў Рыжскую семінарыю.
Падчас вучобы прынёс свае першыя манаскія шлюбы ў ордэне дамініканцаў. Пасля заканчэння Рыжскай семінарыі ў 1984 годзе быў пасвечаны ў сан святара і накіраваны ў сваю першую парафію Найсвяцейшай Тройцы ў Ішкалдзі. Пад яго духоўнай апекай знаходзіліся таксама Юшкавічы, Гарадзішча, Сталовічы, Паланэчка, Новая Свержань, Гарадзея, Карэлічы, Мір, Ганцавічы, бо ў той час святароў не хапала і кожны з іх абслугоўваў многія парафіі. Акрамя пастырскага служэння займаўся рэстаўрацыяй і рамонтам храмаў.
У 1992 годзе ён быў прызначаны Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі, адначасова выконваў абавязкі дэкана Баранавіцкага дэканату і пробашча храма Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах.
24 чэрвеня 1999 года ў Пінскім кафедральным саборы ўзведзены ў сан біскупа. Абрад пасвячэння быў ажыццёўлены кардыналам Казімірам Свёнткам.
Related items
-
«Спадзяюся, што людзі, даведаўшыся пра гэта, умацуюцца ў веры». З'явілася вестка ад ксяндза Акалатовіча
-
Новы Апостальскі нунцый упершыню наведаў Гомель – і вось з якой нагоды
-
«Уся каталіцкая Беларусь моліцца». Як адрозніваецца афіцыйнае і неафіцыйнае жыццё Касцёла
-
Стала вядома, што беларускі біскуп сказаў Папе Рымскаму: «Мы ўсе стомленыя вайной»
-
Нунцыю і біскупу не дазволілі сустрэцца са зняволенымі святарамі
RSS-стужка каментароў гэтага запiсу