BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

15 гадоў таму ў Гомелі адкрылі першы касцёл [гісторыя ў ФОТА]

Да гэтага на працягу 60 гадоў у рэгіёне не было ніводнай каталіцкай святыні.

9 снежня 2015 года споўнілася 15 гадоў з дня асвячэння гомельскай каталіцкай святыні Нараджэння Божай Маці. Яна стала першым у рэгіёне касцёлам пасля 60 гадоў атэізму і ганенняў на Царкву. Нагадаем, старадаўні касцёл у цэнтры Гомеля ў 1940 годзе ўзарвалі камуністычныя ўлады. Але суполка католікаў захавалася і таемна збіралася на малітву ў прыватным доме, часам сюды пад пагрозай арышту прыязджаў святар.

А ўжо падчас савецкай «Перабудовы» малады святар з Польшчы Славамір Ласкоўскі, убачыўшы сваё пакліканне ў тым, каб ехаць на Усход, прыбыў у Гомель і пачаў адраджаць тут каталіцкае жыццё. Афіцыйна створаная ў 1989 годзе каталіцкая суполка пачала актыўна дамагацца ад уладаў Гомеля будынка, дзе можна было б праводзіць Набажэнствы. Паколькі месца, дзе раней знаходзіўся знішчаны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, было занята праезнай часткай дарогі (раён цяперашняй плошчы Леніна), вернікі папрасілі аддаць будынак па вуліцы Савецкай, які ў той час належыў камбінату «Мастацтва».

Гэты былы будынак праваслаўнай царквы Нараджэння Багародзіцы - каменная пабудова з драўлянымі купаламі - быў узведзены ў 1886 годзе на старадаўніх Навікоўскіх могілках. Побач калісьці стаяла і каталіцкая капліца, таму што хавалі тут не толькі праваслаўных, але і католікаў. У часы савецкай улады, калі дзяржава актыўна змагалася з верай, было вырашана знесці гэтую праваслаўную царкву. Аднак будынак быў адзіным на могілках, таму было вырашана знесці толькі купалы, а будынак перабудаваць для адміністрацыі могілак. Пазней тут працаваў пункт кінапракату, затым - мастацкія майстэрні.

У 1990 годзе будынак быў перададзены Каталіцкай Царкве, але спатрэбілася мноства ўзгадненняў і збор грашовых сродкаў. Рэканструкцыю пачалі толькі ў 1994 годзе. Працы вяліся літаральна «усім светам»: гомельскія католікі прыходзілі на будпляцоўку, дапамагаючы хто чым можа. Іх праца увянчалася годнай узнагародай: 9 снежня ў юбілейным 2000 годзе касцёл асвяціў кардынал Казімір Свёнтэк.

У 2012 годзе адбылася яшчэ адна важная падзея - касцёл пагадзіліся распісаць італьянскія майстры. Фабіа Нанэс і яго сын Ісмаэль Нанэс упрыгожылі алтарную частку святыні фрэскамі на тэму Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, а пазней - на тэму Вялікага Суда. Фрэскі выкананы ў візантыйскай манеры, больш ўласцівай праваслаўю. Такім чынам католікі аддалі даніну памяці былому праваслаўнаму храму, драбы якога былі выкарыстаны пры будаўніцтве каталіцкага касцёла, таксама фрэска нагадвае, што Беларусь знаходзіцца на стыку Заходняй і Усходняй хрысціянскіх цэркваў, таму традыцыі пераплеценыя.

Зараз, праз 15 гадоў пасля адкрыцця першага ў Гомелі касцёла, вядзецца праца па пачатку будаўніцтва другога каталіцкага храма, дзе размесціцца адроджаная парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Last modified onСерада, 09 Снежань 2015 11:55
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць