На месцы расстрэлаў рэпрэсаваных у Гомелі католікі правялі Набажэнства [фота]
- Written by Katolik.life
- Published in Навіны - Гомель
- Add new comment
На малітве сабраліся вернікі, у тым ліку сваякі нявінна забітых
У Дзень памяці ўсіх памерлых вернікаў, які Каталіцкая Царква адзначае 2 лістапада, католікі правялі Набажэнства ля крыжа на 9-м кіламетры ў Навабеліцкім раёне Гомеля - на месцы шматлікіх расстрэлаў святароў, вернікаў і іншых рэпрэсаваных, учыненых карнікамі НКВД. Гэта адно з месцаў масавых расстрэлаў ахвяраў бальшавіцкага тэрору ў перыяд 1919-1940 гг.
Набажэнства, на якім сабраліся каля 30 чалавек - каталіцкае духавенства, парафіяне, у тым ліку сваякі нявінна забітых, - узначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.
- Паглядзіце, якія трагедыі адбываюцца, калі мы адыходзім ад Бога. Гасподзь кажа: «Любіце адзін аднаго!», а на гэтым месцы людзі забівалі іншых людзей. У тым ліку былі рэпрэсаваныя чатыры каталіцкія святары з гомельскага касцёла. Таму трэба быць з Богам, жыць з Богам, каб ён напаўняў нас мудрасцю, любоўю і духам святасці. А калі мы аддаляемся ад Бога, намі пачынае кіраваць дэман, - сказаў біскуп перад пачаткам Набажэнства.
Гэты крыж - месца сімвалічнае, бо ў гэтых ваколіцах ў 30-я гады, перш за ўсё ў 1937 год, расстрэльвалі вельмі шмат католікаў, праваслаўных, святароў абедзвюх канфесій. І ў тутэйшых лясах знаходзілі шмат такіх месцаў, як гэта.
Нагадаем, Набажэнства на месцы масавых расстрэлаў у Гомелі католікі праводзяць ужо шмат гадоў па ініцыятыве папярэдняга пробашча парафіі кс. Славаміра Ласкоўскага. Ён адзначаў, што дзякуючы гэтым нявінным ахвярам мы сёння маем магчымасць ісці па шляху святасці.
- Мы ведаем сведчанні нашых пакутнікаў, якія ў момант расстрэлаў маліліся ў тым ліку і за сваіх катаў. Таму збіраемся тут не для таго, каб зводзіць рахункі з кімсьці, а каб маліцца і за нашых братоў, і за іх забойцаў. Разумеем, што жыццё чалавека заканчваецца не смерцю, а ўваскрашэннем, - падкрэсліваў святар.
Related items
- Беларусы даказваюць у судах «польскія карані» – з дапамогай веры
- Не фэйкі і не хакеры: «Радыё Марыя» працягвае збор і тлумачыць непаразуменні
- У Ізраілі католікі з Беларусі спакойна перажылі атаку Ірана, але «вайна дастала»
- Без цуду, але з падтрымкай: як «Радыё Марыя» выходзіць з цяжкай сітуацыі
- Паранены святар, пасадка бульбы: як жывуць пры абстрэлах вернікі Харкава і рэгіёну