«Збіраць ідэі і рэалізоўваць іх». Пасол Аўстрыі наведвае Гомель
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Навіны - Гомель
- Add new comment
Дыпламат пабывала ў касцёле, Доме міласэрнасці і Дзіцячай вёсцы [фота]
Пасол Аўстрыі ў Беларусі наведвае Гомель, і 8 жніўня 2020 г. завітала ў мясцовы каталіцкі храм, Дом міласэрнасці і Дзіцячую вёску. Спадарыня Алойзія Вёргетэр у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Vatican News адзначыла, што ў Гомелі актыўна развіваецца супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Аўстрыяй. У прыватнасці – праз дабрачынную арганізацыю “Карытас”. Таму дыпламат усцешана, што змагла сустрэцца з ксяндзом Юрыем Варанко, пробашчам мясцовай парафіі і кіраўніком рэгіянальнай каталіцкай дабрачыннай арганізацыі.
Дыпламат наведала адзіны ў Беларусі Дом міласэрнасці Місіянерак Любові Маці Тэрэзы і Дзіцячую вёску – дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Гэтая сацыяльная ўстанова была пабудавана на грошы замежных спонсараў, у прыватнасці – аўстрыйскага “Caritas Linz”.
Прадстаўнік Аўстрыі адзначыла, што яе краіну непакояць наступствы Чарнобыльскай катастрофы, 35-ю гадавіну якой будуць адзначаць у наступным годзе. Таму пасол спадзяецца знайсці партнёраў, паразмаўляць з людзьмі, ацаніць уплыў катастрофы на жыццё рэгіёна ў цяперашні час.
“Хочам акцэнтаваць увагу, што наша супрацоўніцтва развіваецца не толькі з Беларуссю ў цэлым, але і з рэгіёнамі, таксама з Гомельскай вобласцю. Нас звязвае шмат агульнага. У прыватнасці, “Карытас” з’яўляецца такім добрым прыкладам нашага супрацоўніцтва. Аўстрыйскія дабрачынцы дапамагаюць беларускім, і мы вельмі рады наведаць Дзіцячую вёску. Хачу паразмаўляць з кіраўнікамі праекта і дзецьмі. Мы тут, каб збіраць ідэі і затым рэалізоўваць іх”, - падкрэсліла спадарыня Вёргетэр.
“Пасля таго, як мы больш падрабязна пазнаёмімся з гэтым наступствамі, мы маглі б праінфармаваць нашых партнёраў у Аўстрыі і сумеснымі высілкамі знайсці рашэнне тых праблем, пытанняў, якія існуюць тут”, - падзялілася дыпламат.
Яна патлумачыла, чаму вырашыла наведаць гомельскі касцёл Нараджэння Маці Божай:
“У Аўстрыі ёсць традыцыя: калі чалавек бачыць храм, ён абавязкова павінен у яго зайсці – гэта частка культурнай спадчыны Аўстрыі. Мне вельмі падабаецца наведваць святыні розных канфесій, я адчуваю, што ў гэтых месцах адбываецца нешта, што выходзіць за межы нашага паўсядзённага жыцця. Таму заўсёды цікаўлюся святынямі, якія бачу”.
У гомельскім касцёле дыпламата асабліва ўразіла фрэска, на якой адлюстраваны сцэны Апакаліпсісу, раю і пекла, спраў міласэрнасці. Яна будзе рэкамендаваць усім аўстрыйцам, якія захочуць наведаць Беларусь, зазірнуць у гомельскі каталіцкі храм.
Паводле дыпламата, Гомельская вобласць – своеасаблівы мост паміж Беларуссю і Аўстрыяй, які пабудаваны дзякуючы супрацоўніцтву па аздараўленні дзяцей з чарнобыльскіх раёнаў у Аўстрыі.
“Ужо тысячы сем’яў – беларускіх і аўстрыйскіх – пазнаёміліся паміж сабой, гэта звязвае нас вельмі моцна, і гэтая сувязь застанецца назаўсёды”, - дадала Алойзія Вёргетэр.
Related items
-
У касцёлах Беларусі дабраславілі выпускнікоў. Асабліва кранальна – у Івянцы
-
Ужо канчаткова: святара з Навагрудка не забяруць у войска, ён вяртаецца ў парафію
-
Першы вынік судоў над святарамі на Віцебшчыне: 15 сутак арышту
-
Дата сумная і радасная: 8 месяцаў, як Чырвоны касцёл зачынены, і 49 год святарскага пасвячэння пробашча
-
Вялікдзень ці Новы год? Беларусы адказалі, якое свята лічаць самым галоўным