BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Па цэнтральнай вуліцы Гомеля прайшла каталіцкая працэсія Божага Цела - ФОТА

Праводзячы працэсію, біскуп Казімір Велікаселец маліўся аб Божым благаслаўленні для горада, краіны і свету.

6 ліпеня ў Гомелі прайшла працэсія Божага Цела - гэта традыцыйнае для каталікоў Набажэнства звычайна праходзіць у чэрвені, але ў Гомелі яно было перанесена з-за рамонту дарогі, па якой планавалася працэсія.

- Мы выйдзем на вуліцу з Целам Ісуса Хрыста, каб Ён асвяціў гэты горад, вёў яго да большай духоўнасці. Мы выйдзем у знак падзякі Госпаду за тое, што Ён дае нам Сябе самога, - адзначыў біскуп Казімір Велікаселец, які ўзначальваў працэсію. - Для выратавання абавязкова патрэбна Божая мілата, а самую вялікую ласку мы атрымліваем тады, калі прыходзім у храм на споведзь, на службу і прымаем Камунію - Божае Цела.

Паводле яго слоў, працэсія Божага Цела сведчыць свету пра тое, што акрамя зямных спраў ёсць вышэйшая мэта жыцця - святасць:

- Гасподзь ператварае хлеб і віно ў Свае Цела і Кроў, каб карміць нашу душу. І Хрыстос можа вылечыць не толькі душу, але і фізічнае цела.

Працэсія з прыкладна трохсот вернікаў прайшла па цэнтральнай вуліцы Савецкай ад касцёла да Дома міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы. Па шляху дзяўчынкі усыпалі пялёсткамі кветак дарогу для Езуса, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

На прыпынках каля алтароў працэсія слухала чытанні з Евангелля і малілася за Гомель, Беларусь, увесь свет. Правёўшы працэсію, біскуп таксама памаліўся аб тым, каб у Гомелі панавалі мір і любоў, каб людзі паважалі адзін аднаго, каб Гасподзь дабраславіў сямейнае жыццё і працу парафіянаў, вучобу моладзі.

Таксама біскуп падзякаваў удзельнікам, работнікаў міліцыі і «хуткай дапамогі», якія суправаджалі працэсію, пажадаўшы ўсім Божага благаслаўлення.

Last modified onНядзеля, 06 Ліпень 2014 21:28
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць