BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Чаму Бог не беражэ святых, а нягоднікі жывуць доўга і шчасліва?

Паведамленні аб гібелі двух беларускіх святароў у кагосьці пахіснулі веру: калі Бог ёсць, як Ён дапускае такую несправядлівасць?

Нядаўна дзве трагічныя падзеі ўзрушылі беларускіх вернікаў каталіцкай і праваслаўнай канфесій. У пачатку лістапада ў аўтакатастрофе пад Івянцом загінуў малады каталіцкі святар Андрэй Ахрэм, які ўсяго некалькі месяцаў таму прыняў пасвячэнне. Ён не быў п'яны, і разбіўся ў ДТЗ, вяртаючыся са службы. Проста трагічная... выпадковасць?

Неўзабаве сумныя весткі прыйшлі з Аршанскага раёна. Там забілі праваслаўнага айца Аляксандра, настаяцеля храма Праабражэння Гасподняга. Прычым, зрабіў гэта хлопец, якога святар апекаваў і даў прытулак у сябе дома. Мясцовыя жыхары адгукаюцца пра айца Аляксандры толькі са станоўчага боку, лічаць яго святым.

Чытаў некаторыя каментары людзей пад паведамленнямі аб гэтых трагічных падзеях, якія зводзяцца да наступнага: калі б Бог быў , Ён бы не дапусціў такой несправядлівасці, яго святыя гінуць, а нягоднікі жывуць доўга і шчасліва. Нават улічваючы веру ў тое, што ўсё ў свеце адбываецца па Волі Божай, а не па шчаслівай або трагічнай выпадковасці, пытаемся: чаму Бог так несправядлівы?

Такое меркаванне, вядома, не новае: Бог любіць, ахоўвае, беражэ, дабраслаўляе, дае здароўе і грошы тым, хто Яму добра служыць, залагоджвае Яго частымі малітвамі і ахвярамі, карацей, святош і праведнікаў. Вось і калі ў нашу сям'ю прыйшла сур'ёзная хвароба, сваякі вельмі ўразіліся:

- Як??? Вы ж столькі моліцеся, у царкву ходзіце. Калі ўжо вам Бог не дапаможа...

Сапраўды, цяжка зразумець, што менавіта гэтай хваробай Бог нам і дапамагае. Толькі важна аддаваць сабе справаздачу, у чым любячы Бог дапамагае. У тым, чаго Ён хоча ад нас - каб мы прыйшлі ў Ягонае Валадарства Нябеснае. Гэта самае галоўнае, а ўсё астатняе - другаснае. Калі мне для таго, каб я навярнуўся да Бога і змог увайсці праз вузкія брамы ў Жыццё Вечнае бракуе сур'ёзнай хваробы, Бог дае мне яе. Калі для таго, каб стаць пакорным і ўбогіх духам, аздаравіць сваю душу і ўратаваць яе, мне трэба страціць усё, што маю - Бог зробіць гэта. Калі для таго, каб уваскрэснуць з Хрыстом, мне патрабуецца пацярпець і быць забітым - Бог прывядзе да гэтага.

Мы ведаем, што Ісус не жыў у багацці да старасці, а памёр пакутлівай і ганебнай смерцю. Ведаем, што шчасцем - у звыклым разуменні - не ганараваўся ніхто з апосталаў нашай веры, практычна ўсе былі па-зверску закатаваныя. Дык чым мы... горш?

Калі я жыву законамі і запалам свету, мой менталітэт імгненна перабудоўваецца пад яго. Я забываюся, што самае важнае ў жыцці чалавека - знайсці Царства Нябеснае, а астатняе прыкладзецца. Пачынаю верыць у тое, што вышэй за ўсё - поспех, грошы, здароўе і беспраблемнае жыццё.

Таму разумею людзей, якія бачаць хваробы, трагедыі ў жыцці вернікаў і зацвярджаюцца ў думцы, што Бога няма. Бо для многіх Бог - гэта злы чараўнік, якому неабходна дагадзіць, і тады Ён пачне выконваць твае жаданні. І толькі Дух Святы адкрывае нам ісціну.

Чытаў таксама, што варта болей маліцца і турбавацца за тых людзей, якія жывуць у самаздаволенні й дастатку, чым за тых, хто церпіць. Бо апошнія стануць першымі, а першыя - апошнімі ў Вечным Жыцці, якое для кожнага можа наступіць ужо заўтра ці нават сёння.

Каментары   
+1 #1 запрашаем 2013-12-02 18:27
Дарэчы, у Івянцы адбудзецца Імша ў 30-ы дзень пасля смерці а. Андрэя Ахрэма.

4 снежня ў Івянцы адбудзецца Імша ў 30-ы дзень пасля смерці а. Андрэя Ахрэма OFMСonv. Літургію, якая пачнецца ў 18.00, узначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўс кі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Вернікі запрашаюцца да супольнай малітвы за спачылага святара.
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць