Папа выступіў у сувязі з Днём барацьбы з гандлем людзьмі, ініцыяваным Беларуссю
- Written by katolik.life
- Published in Папа Рымскі
- Add new comment
Францішак заклікаў супрацьстаяць сучаснаму рабству ва ўсіх яго формах.
Пантыфік заклікаў да барацьбы з усімі формамі сучаснага рабства 30 ліпеня, калі адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі, абвешчаны Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый. "Кожны год тысячы мужчын, жанчын і дзяцей становяцца нявіннымі ахвярамі працоўнай і сэксуальнай эксплуатацыі і гандлю органамі", - заўважыў са шкадаваннем Папа Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве "Анёл Панскі". Ён заклікаў усіх да супрацоўніцтва ў адпаведным супрацьстаянні "гэтаму агіднаму бічу, форме сучаснага рабства", і запрасіў прысутных на плошчы св. Пятра да малітвы ў падтрымку ахвяр гандлю людзьмі і за "навяртанне сэрцаў" злачынцаў.
Таксама ў сваім акаўнце ў Twitter Папа звярнуў увагу на сённяшнюю дату. "Заклікаем да дзеяння ўсіх людзей веры і добрай волі, каб супрацьстаяць сучаснаму рабству ва ўсіх яго формах", - цытуе be.radiovaticana.va.
Паводле ацэнак Міжнароднай арганізацыі працы, ва ўсім свеце ахвярамі прымусовай працы з'яўляюцца 21 мільён чалавек. Мужчыны, жанчыны і дзеці трапляюць у рукі гандляроў людзьмі як у сябе дома, так і за мяжой. Каля траціны ўсіх ахвяраў - дзеці. Доля жанчын і дзяцей сярод ахвяр гандлю людзьмі складае 71%.
Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі адзначаецца штогод пачынаючы з 2014 года. Ён уключаны ў міжнародны каляндар па ініцыятыве Беларусі і прымеркаваны да даты прыняцця Глабальнага плана дзеянняў ААН па барацьбе з гандлем людзьмі.
У 2017 годзе па ініцыятыве Беларусі Камісія ААН па папярэджанні злачыннасці і крымінальным правасуддзі прыняла рэзалюцыю, прысвечаную рэалізацыі плана. Яе суаўтарамі сталі 19 дзяржаў, якія прадстаўляюць усе рэгіёны свету. План быў ухвалены ў ліпені 2010 года Генеральнай асамблеяй ААН па ініцыятыве Беларусі.
Related items
-
У пілігрымцы ў Рым беларускія католікі не выкарыстоўвалі сімволіку краіны
-
Беларусь «не павінна адчуваць сябе ізаляванай, адкінутай» – Папскі пасланнік
-
Скандзіравалі «Беларусь!» перад Папам, пачулі пра сваю місію, перажылі гістарычную падзею: 500 беларускіх католікаў у Рыме
-
Масква, Саратаў, Нароўля. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч – рэкардсмен у душпастырскіх візітах
-
Яшчэ адзін касцёл закрыюць у Мінску. Што пра гэта і іншыя балючыя пытанні распавялі біскупы Папе Рымскаму?