Спірыдон замест Хрыста. У праграме беларускага ТБ няма віншавання католікаў з Раством
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Соцыум
- Add new comment
Замест традыцыйнага віншавання арцыбіскупа Кандрусевіча 25 снежня - выступ праваслаўнага мітрапаліта Веніяміна
Беларускія дзяржаўныя тэлеканалы не запланавалі ніякіх святочных перадач на 25 снежня, калі католікі і хрысціяне пратэстанцкай канфесіі будуць адзначаць Раство Хрыстова. Традыцыйна раніца пачыналася 25 снежня ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» віншавальным словам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Так было, у тым ліку, і летась. А ў гэты раз у праграме перадач «Беларусь 1» 25 снежня ў 05:55 запланаваны... выступ праваслаўнага Мітрапаліта Веніяміна на дзень памяці свяціцеля Спірыдона (дарэчы, гэты святой шануецца і Каталіцкай царквой).
У праграме ОНТ і іншых каналаў таксама ніякіх тэматычных перадач на Божае Нараджэнне не запланавана - як і па Першым канале беларускага радыё. Аднак адзначым, што напярэдадні Раства, увечары 24 снежня, на Вігілію, у праграме «Беларусь 1» у 21.45 - прамая трансляцыя святочнай святой Імшы («Пастэркі»). З якога касцёла - не ўдакладняецца. Затым - святочная служба з Ватыкана з удзелам Папы Францішка.
Нагадаем, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вымушаны знаходзіцца ў выгнанні ўжо амаль чатыры месяцы: улады не ўпусцілі яго ў Беларусь і прызналі яго пашпарт несапраўдным. Але ў Мінску працягвае служыць біскуп Юрый Касабуцкі, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Related items
-
Немцы з'ехалі, беларусы памерлі, святароў выслалі. Што стала з католікамі Валгадонска, дзе знеслі храм
-
Упершыню ў Беларусі зарэгістравалі арганізацыю капуцынаў. Чаму гэта важна і дзякуючы каму гэта адбылося?
-
У Гродне рэабілітавалі Казюкі. Але...
-
Пратэсціравалі хрысціянскі штучны інтэлект Acutis AI – добры «сябар», але можа памыляцца
-
Каталіцкую капліцу, якую ў Расіі разабралі і адправілі на фронт, уратавалі праваслаўныя