Дзіўныя паштоўкі выпусціла «Белпошта» да Вялікадня: чаму трус?
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Соцыум
- Add new comment
У той час, калі дзяржава змагаецца з праявамі заходняй поп-культуры, яе ж ілжывымі сімваламі скажаюць сутнасць свята. Тлумачым, чаму гэта выклікае неразуменне ў вернікаў.
«Белпошта» прэзентавала 1 сакавіка велікодную калекцыю марак і паштовак. Частка прадукцыі прысвечана галоўнаму хрысціянскаму святу ў каталіцкай традыцыі, частка – у праваслаўнай. Адпаведна, выпуск у зварот запланаваны на розны час: «у сакавіку – да каталіцкага Вялікадня, у красавіку – да праваслаўнага», гаворыцца ў прэс-рэлізе прадпрыемства.
Пры гэтым здзівіла не тое, што паведамленне складзена непісьменна (няма Пасхі каталіцкай або праваслаўнай), а сама прадукцыя. На паштоўцы і марках у гонар святкавання Вялікадня католікамі галоўным дзеючым персанажам з'яўляецца трус. У прыватнасці, на паштоўцы ён намаляваны ў кошыку з яйкамі на фоне катэдральнага каталіцкага сабора ў Мінску, сказана ў прэс-рэлізе. Хоць храм на паштоўцы больш нагадвае базыліку ў Будславе.
Як вядома, трусік з'яўляецца сімвалам Вялікадня ў заходняй масавай культуры і не мае ніякага дачынення да галоўнага хрысціянскага свята – больш за тое, такі сімвал падмяняе паняцці, прымяншае значэнне свята.
Абранне труса сімвалам Вялікадня ў поп-культуры тлумачыцца адсылкамі да паганства і сумніўнымі легендамі. На самой справе адзіным галоўным сімвалам Вялікадня з'яўляецца уваскрослы Езус Хрыстус (таксама гэта можа быць выява пустой грабніцы, пасхальнага крыжа).
Выглядае дзіўным, што ў той час, калі ў Беларусі на дзяржаўным узроўні змагаюцца з любымі праявамі заходняй масавай культуры (Дзень святога Валянціна, «хэлоўін»), выпускаюць прадукцыю з ілжывымі сімваламі Вялікадня, якія ніколі раней не культываваліся ў католікаў Усходняй Еўропы і не маюць дачынення да свята.
Дарэчы, на аналагічнай паштоўцы, прысвечанай святкаванню Вялікадня праваслаўнымі, намаляваныя яйкі і куліч – традыцыйныя сімвалы і для католікаў Беларусі. Аднак тут таксама няма галоўнага. Падкрэслім, што сутнасць Вялікадня – ва ўваскрэсенні Езуса Хрыста, а не ў афарбоўванні яек і асвячэнні кулічоў.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
- Ці ўступаць у піянеры, спыталі ў вернікаў – частка адказаў здзівіла
- «Пад зямлёй адчула сябе шчаслівай». Беларуска працуе ў шахце і запрашае туды на Імшу
- Загадкі Каралевы Беларусі: уратавала ад маскоўскай акупацыі, знікла і зноў аб'явілася
- Мілыя фота з жывёламі ў Баранавічах выклалі манаскія асобы
- Не святар: разабралі памылковую інфармацыю пра затрыманне верніка ў Омску