З афіцыйным візітам у Беларусь прыбудзе Дзяржсакратар Ватыкана
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Царква
- Add new comment
Бліжэйшы супрацоўнік Папы сустрэнецца з Прэзідэнтам Беларусі, прадстаяцелем БПЦ, правядзе шэраг сустрэч на самым высокім узроўні.
Па запрашэнні беларускіх уладаў з 12 па 15 сакавіка адбудзецца афіцыйны візіт у Рэспубліку Беларусь Яго Эмінэнцыі кардынала Пьетро Параліна, Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці Папы Францішка. Гэтым важным жэстам Рымскі Пантыфік жадае выказаць сваю глыбокую павагу да беларускага народа і праз свайго бліжэйшага супрацоўніка спаткацца з католікамі Беларусі ў малітве і еднасці сэрцаў, гаворыцца ў паведамленні Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі, апублікаваным на Catholic.by.
Падчас свайго знаходжання ў Беларусі Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці асвяціць першы камень новага будынка Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску, сустрэнецца з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і правядзе шэраг сустрэч на самым высокім узроўні. Высокі прадстаўнік Святога Айца плануе таксама сустрэцца з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, членамі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, каталіцкай моладдзю і вернікамі краіны. Дакладная праграма візіту будзе пададзена пазней.
Апостальская Нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь выказвае глыбокую ўдзячнасць Папу Францішку за гэтую зычлівую ініцыятыву і заклікае католікаў краіны маліцца аб паспяховым выніку гэтага візіту, які з’яўляецца знакам добразычлівасці Папы Францішка да Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і да ўсіх, хто пажадае прыняць яго пасланніка ў духу братэрства і супрацоўніцтва дзеля супольнага дабра. Ушаноўваючы пакутніцкую гісторыю Беларусі і раздзяляючы яе надзеі на будычыню, Пантыфік высока ацэньвае тое, што Беларусь стала месцам сустрэчы і дыялогу бакоў, уцягнутых у драматычны канфлікт, які сатрасае рэгіён.
Папа Францішак прызначыў кардынала Пьетро Параліна, у той час арцыбіскупа, Дзяржаўным Сакратаром 31 жніўня 2013 г. Іерарх прыступіў да выканання абавязкаў у сярэдзіне лістапада 2013 г. З’яўляецца найбліжэйшым супрацоўнікам Пантыфіка. Дзяржаўны Сакратар з’яўляецца галоўным супрацоўнікам Папы ў справе кіравання Паўсюдным Касцёлам, найвышэйшым прадстаўніком Апостальскай Сталіцы на міжнароднай арэне, а ў акрэсленых умовах прадстаўляе асобу самога Пантыфіка.
Related items
- «Зробім каталіцкае ТБ». Два моцныя YouTube-праекты запусцілі святары і манахіня
- Другую ноч запар у Беларусі і не толькі назіраюць паўночнае ззянне
- Над дамамі і храмамі: здымкамі яркага палярнага ззяння дзеляцца ў сетках
- Святары з Шуміліна застаюцца ў зняволенні, таксама арыштавана парафіянка
- Не Галівуд: беларускія святары запусцілі круты праект з асновай на рэальных фактах