На грашах Беларусі ўпершыню з'явяцца хрысціянскія сімвалы
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Царква
- Add new comment
На купюрах намаляваныя полацкія святыня і крыж, Тураўскае Евангелле.
На некаторых купюрах новых грашовых знакаў Беларусі, якія паступяць у абарот пасля дэнамінацыі 1 ліпеня 2016 года, намаляваныя хрысціянскія сімвалы. У прыватнасці, на купюры ў 10 рублёў размешчаны малюнак Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку, а таксама кніг, знака Францішка Скарыны і крыжа Ефрасінні Полацкай. А на 20-рублёвай купюры намаляваны калаж, прысвечаны тэме духоўнасці: звон і Тураўскае Евангелле. Хрысціянскія сімвалы ўпершыню з'явяцца на грашовых знаках Беларусі. Раней беларускія рублі ўпрыгожвалі выявы жывёл і значных для краіны будынкаў.
Факт размяшчэння хрысціянскай сімволікі на грашах пракаментаваў для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё выконваючы абавязкі прэс-сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. Юрый Санько:
- Думаю, што не павінны змешвацца матэрыяльныя рэчы з духоўнымі. Наколькі ведаю, па задуме аўтараў на новых грошах адлюстраваны духоўныя і гістарычныя каштоўнасці. Але думаю, у нас дастаткова шмат іншых гістарычных каштоўнасцяў, выявы якіх можна было б размясціць на купюрах. Бо нават у Святым Пісанні Хрыстус кажа: аддайце кесару кесарава, а Богу - Божае. А тут адбываецца змяшанне, думаю, гэта не зусім правільна, - лічыць святар.
У той жа час сябра клуба калекцыянераў «Скарабей», нумізмат, старшыня гарадзенскага таварыства філатэлістаў, каталіцкі вернік Андрэй Мялешка ўпэўнены, што нічога кепскага з хрысціянскага пункту погляду няма ў выяве крыжа на сучасных грошах:
- Грошы - гэта сімвал дзяржавы. Нават на грошах Ватыкана ёсць хрысціянскія сімвалы. І добра, што ў нас з'явяцца манеты, бо Беларусь - гэта адзіная краіна Усходняй Еўропы, дзе дагэтуль не было манет. І нават на новых беларускіх манетах можна разгледзець дробныя хрысціянскія сімвалы ў арнаментах.
Па рашэнні прэзідэнта Беларусі 1 ліпеня 2016 года будзе праведзена дэнамінацыя беларускага рубля ў суадносінах 1 да 10 000. Дэнамінацыя будзе праведзена шляхам замены банкнот узору 2000 года на банкноты і манеты ўзору 2009 года. Усяго ў абарот паступяць сем наміналаў банкнот і і восем наміналаў манет. Агульная канцэпцыя дызайну новых банкнот адпавядае дэвізу «Мая краіна - Беларусь». З 1 ліпеня па 31 снежня 2016 года банкноты ўзору 2000 года, а таксама банкноты і манеты узору 2009 года будуць знаходзіцца ў паралельным абароце, а на працягу наступных пяці гадоў старыя грашовыя знакі можна будзе без абмежаванняў абмяняць на новыя. З 1 студзеня 2022 года грашовыя знакі узору 2000 года будуць прызнаныя несапраўднымі.
Related items
- Па справе ксяндза Акалатовіча завершана следства: «Нунцый даў надзею»
- Папа Рымскі: Дыктатуры не прыносяць карысці і заканчваюцца кепска
- «Надыходзіць момант». Будслаў зноў патрабуе дапамогі – і вось чаму
- Біскуп пракаментаваў абстрэл Львова і звярнуўся да расіянаў
- Святар, якому забаранілі служыць у Расіі, адмовіўся вяртацца ў Польшчу