BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У Беларусі адкрыецца каталіцкае «Радыё Марыя»

Вяшчанне плануецца праз інтэрнэт, смартфоны, радыё-боксы і кабельнае ТБ.

Аб адкрыцці беларускай рэдакцыі сусветна вядомай каталіцкай радыёстанцыі «Радыё Марыя» пачалі гаварыць яшчэ чатыры гады таму. За гэты час, на жаль, справа рухалася вельмі павольна. Але цяпер, пасля нядаўняга сусветнага кангрэсу «Радыё Марыя», на які былі запрошаныя прадстаўнікі Беларусі, з'явілася дакладная дата адкрыцця ў краіне каталіцкай радыёстанцыі. Плануецца, што ў красавіку 2016 года міжнародная асацыяцыя «Сусветная сям'я «Радыё Марыя» стане больш яшчэ на адну адзінку - «Радыё Марыя Беларусь».

Праграмы радыёстанцыі, якая будзе вяшчаць на беларускай мове, дадуць магчымасць слухачам пазнаёміцца з хрысціянскай навукай, пачуць трансляцыі службаў з розных каталіцкіх святыняў па ўсёй Беларусі, перадачы культурнай, хрысціянскай і сацыяльнай тэматыкі, музыку, рэпартажы пра важныя падзеі з жыцця Касцёла ў розных краінах свету . Таксама будуць прадстаўлены інтэрактыўныя праграмы, падчас якіх слухачы змогуць атрымаць адказы на свае пытанні ў спецыяльна запрошаных гасцей-святароў. Пакуль трансляцыі будуць весціся толькі ў сеціве Інтэрнэт, але ў перспектыве плануецца пашырэнне спосабаў вяшчання, гаворыць у інтэрв'ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё свецкі вернік Вячаслаў Гулевіч, кіраўнік «Радыё Марыя Беларусь».

- Цяпер вядуцца арганізацыйна-прававыя работы па адкрыцці радыёстанцыі, і калі атрымаецца пачаць трансляцыю ў сакавіку-красавіку, вяшчанне спачатку будзе весціся ў фармаце інтэрнэт-радыё. Але каб зрабіць «Радыё Марыя» даступным для ўсіх слухачоў, ёсць ідэя распрацаваць радыё-бокс з магчымасцю далучэння да яго 3G-мадэма, каб адным дотыкам можна было ўключыць нашу радыёстанцыю. Гэта дазволіць тым людзям, якія не вельмі сябруюць з інтэрнэтам і не карыстаюцца смартфонамі, зручна далучыцца да «Радыё Марыя». Таксама ёсць намер дамовіцца аб уключэнні радыё ў пакет кабельных аператараў, каб можна было слухаць нас праз тэлевізар. Абавязкова будзе створаны дадатак для смартфонаў, каб быць на сувязі з «Радыё Марыя». Спадзяемся, што з Божай дапамогай усё атрымаецца, і ў хуткім часе трансляцыя пачнецца, - адзначае кіраўнік.

Духоўную апеку новага радыё, па даручэнні Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, вядзе кс. Аляксандр Тарасевіч, які пакуль служыць пробашчам касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла ў Капылі.

- Вядома, хацелася б дасягнуць той аўдыторыі, якая, па сутнасці, з'яўляецца першачарговай для «Радыё Марыя» ў любой краіне - гэта людзі сталага веку, якія маглі б слухаць малітву і святую Імшу не толькі раз на тыдзень. У нашай краіне ёсць такая магчымасць - кожную нядзелю па дзяржаўным радыё транслюецца святая Імша. А дзякуючы «Радыё Марыя» гэта можна будзе рабіць штодня, нават двойчы на дзень - так ёсць у нашых планах. А іншая мэта, не менш важная, якую дасягнуць будзе не так проста, - павышэнне ўзроўню ведаў аб Касцёле, хрысціянскай, каталіцкай духоўнасці. І, вядома, шмат людзей не веруючых будуць мець магчымасць сустрэцца з Касцёлам такім чынам, - спадзяецца святар.

Упершыню радыёстанцыя «Радыё Марыя» была створана ў Італіі ў 1987 годзе як асацыяцыя каталіцкіх святароў і простых грамадзянаў, мэтай якіх стала стварэнне радыё, якое зможа вынесці навуку каталіцкай царквы за рамкі асобных парафій і зрабіць яе даступнай для ўсіх людзей, нават далёкіх ад Касцёла. Праз 11 гадоў, у 1998 годзе, італьянская асацыяцыя «Радыё Марыя» стала заснавальнікам Міжнароднай асацыяцыі «Сусветная сям'я «Радыё Марыя» (World Family of Radio Maria). Зараз «Радыё Марыя» існуе на пяці кантынентах, у 75 краінах свету, у тым ліку Расіі і Украіне. «Радыё Марыя» ва ўсім свеце з'яўляецца некамерцыйным, у яго эфіры не гучыць рэклама, вяшчанне магчыма дзякуючы працы валанцёраў і фінансавым ахвяраванням радыёслухачоў. Фармат праграм радыёстанцыі «Радыё Марыя Беларусь» прызначаны не толькі для вернікаў, але і для шырокай аўдыторыі.

Last modified onПятніца, 06 Лістапад 2015 15:47
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць