BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У каталіцкія семінарыі Беларусі прыйшлі больш хлопцаў, чым летась

У Пінску залічана шэсць юнакоў, у Гродне - пакуль чатыры.

8 жніўня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску адбыўся другі тур уступных іспытаў, па выніках якіх на першы курс залічаны два хлопцы. Раней, падчас першага туру, у семінарыю прынялі чатырох юнакоў. Такім чынам, сёлета новы навучальны год у пінскай семінарыі распачнуць шэсць першакурснікаў, у той час як летась сюды паступіў толькі адзін хлопец. Новымі семінарыстамі сталі юнакі з Брэста, Баранавічаў, Івацэвічаў, Шарашова (Пінская дыяцэзія), а таксама з Магілёва (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) і Мёраў (Віцебская дыяцэзія).

Цікава, што двое хлопцаў паступалі толькі ў жніўні не з-за ваганняў, а таму што бралі ўдзел у Сусветных днях моладзі ў Кракаве, якія праходзілі як раз падчас першага туру паступлення. Усе першакурснікі - маладыя людзі або пасля школы, або пасля універсітэту. На ўступным экзамене абітурыентам неабходна было паказаць свае веды са Святога Пісання і катэхізіса, з гісторыі і сучаснасці Касцёла, а таксама патлумачыць свае памкненні.

Рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ксёндз Андрэй Рылка мяркуе, што добры вынік далі і малітоўныя ініцыятывы вернікаў у інтэнцыі новых пакліканняў, і праца семінарыі: рэгулярныя спатканні, рэкалекцыі, малітоўныя сустрэчы для моладзі. Таксама трэба ўлічыць дэмаграфічны фактар: падрастае пакаленне перыяду павелічэння нараджальнасці.

«Душа чалавека - гэта вялікая таямніца, і тое пакліканне, якое дае Бог - гэта глыбока ўнутранае інтымна-духоўнае перажыванне, і нам цяжка казаць, чаму так або інакш адбываецца. З вопыту двух тысяч гадоў хрысціянства ведаем, што Бог шмат кліча, толькі заўсёды праблема нашая, чалавечая, адгукнуцца на гэта пакліканне. І ведаем, што ў сучасным свеце моладзі, якая адчувае пакліканне, вельмі няпроста адгукнуцца, бо шмат страхаў, асабліва звязаных з тым, ці вытрымаюць яны на гэтай дарозе. Сама сучасная культура накіравана на непастаянства, і пры выбары святарскага шляху хрысціянская моладзь адчувае вялікую адказнасць. І ўжо нашае жаданне, з боку семінарыі, духавенства, - паказаць, што няма чаго баяцца, што гэта не толькі чалавечая справа, але і Божая. Калі малады чалавек адкрываецца на гэтае пакліканне, не значыць, што яму самому трэба будзе несці гэтую ношу, бо ёсць Бог, які будзе дапамагаць. І, што вельмі важна, ёсць браты, святары ці манахі, якія таксама падтрымаюць на гэтым шляху. Таму нашае галоўнае заданне - паказаць маладым людзям, што яны не адны ў сваім выбары і жаданні», - гаворыць ксёндз-рэктар.

У другой каталіцкай семінарыі Беларусі - гродзенскай - пакуль чатыры першакурснікі: з Ліды, Ваўкавыска, Вялікай Бераставіцы і Смаргоні. Але на 16 жніўня тут запланаваны другі тур паступлення - у семінарыі ведаюць, што ёсць яшчэ людзі, якія хацелі б паступіць у гэтым годзе.

Патрэбы ў новых святарах па-ранейшаму вельмі вялікія, Касцёлу ў Беларусі не хапае духавенства. Даводзіцца запрашаць духоўныя асобы з-за мяжы, каб яны дапамагалі, пакуль краіна не мае дастатковай колькасці сваіх святароў. У выніку каля траціны каталіцкіх святароў у Беларусі - замежнікі. З гэтай нагоды свецкія ўлады не раз выказвалі прэтэнзіі да Касцёла. Але ў Пінскай дыяцэзіі ёсць святары, якім даводзіцца служыць адначасова у трох-чатырох населеных пунктах. У такіх парафіях людзі асабліва моляцца за моладзь, каб яна мела адвагу пайсці шляхам святарскага паклікання.

Каментары   
+4 #2 госць 2016-08-10 16:52
гэта не праца, а служэнне! Калі ісці ў семінарыю з пасылам "працаваць" святаром, то не варта гэтага рабіць!!
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
-4 #1 Юрый 2016-08-09 21:13
Ну натуральна, бо крызіс у краіне. Ёсць гістарычная заканамернасць, што да Бога звяртаюцца ў цяжкія часы. Але зараз і з працай у краіне няпростая сітуацыя..., няма вызначанасці. А святароў не хапае, вось хлопцы і бачаць, што святар без кавалка хлеба не застанецца...
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць