BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У 500-годдзе кнігадруку ў Беларусі выйдуць новыя выданні Бібліі

Святое Пісанне па-беларуску выдадуць Біблійнае таварыства і праект «Скарына-21».

На канец жніўня запланаваны выхад другога выдання Бібліі на беларускай мове накладам 4,5 тыс. асобнікаў. Нагадаем, упершыню Беларускае Біблійнае таварыства выпусціла поўны пераклад Святога Пісання ў 2012 годзе - на аснове рукапісаў каталіцкага святара Ўладзіслава Чарняўскага. Незадоўга да сваёй смерці святар перадаў Біблійнаму таварыству правы на выданне ўласных рукапісаў - даследчыкі таварыства распачалі іх дапрацоўку і набор.

І вось цяпер, у 500-годдзе першай беларускай кнігі, якой стала Біблія Францішка Скарыны, другое, адрэдагаванае выданне Святога Пісьма на сучаснай беларускай мове выпусціць Біблійнае таварыства. Аб гэтым у інтэрв'ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё распавядае выканаўчы дырэктар таварыства Ігар Міхайлаў.

Па яго словах, тыраж першага выдання, 4 тыс. асобнікаў, ужо практычна разыйшоўся. А другое выданне рыхтавалі з улікам заўвагаў да Новага Запавету, якія паступілі за гэты час. Справа ў тым, што ў першым выданні Новы Запавет быў перакладзены з крытычнага тэкста - больш кароткага і нязвыклага для беларускага чытача. Цяпер перакладчыкі ўзялі за аснову іншы грэцкі тэкст, больш знаёмы беларусам. Дарэчы, перакладам Новага Запавету для другога выдання займаліся многія спецыялісты розных канфесій.

- Мы дапоўнілі тэкст Новага Запавету, унеслі некаторыя папраўкі, выправілі недакладнасці. Скажу шчыра, мы спяшаліся, каб выдаць Біблію да Скарынаўскага юбілею, бо для нас вельмі важна даць людзям Святое Пісьмо менавіта ў гэты юбілейны год, - адзначае выканаўчы дырэктар таварыства.

Беларускае Біблійнае таварыства - гэта рэлігійная арганізацыя, створаная ў 1992 годзе і заснаваная хрысціянамі розных канфесій: Праваслаўнай, Рымска-Каталіцкай, Грэка-Каталіцкай, Евангельскіх хрысціян-баптыстаў, Хрысціян Веры Евангельскай, адвентыстаў сёмага дня. Акрамя ўдзелу ў перакладзе Бібліі на беларускую мову, таварыства распаўсюджвае духоўную літаратуру сярод супольнасцяў і жыхароў краіны, займаецца дабрачыннай і асветніцкай дзейнасцю, таму і вялікая частка новага выдання Бібліі будзе распаўсюджвацца бясплатна падчас святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 500-годдзю кнігадруку.

- Таксама сярод нашых мэтаў - духоўная асвета народа і маральнае ўдасканальванне людзей шляхам развіцця хрысціянскай духоўнасці і культуры. У тым ліку - шляхам выдання і распаўсюду Бібліі па-беларуску. Мы надаем гэтаму праекту вялікую значнасць, роля беларускай мовы ў краіне ўзрастае, у цяжкія часы людзі заўсёды ядналіся вакол Святога Пісьма. Упэўнены, што і беларуская мова будзе спрыяць усведамленню народам сябе як нацыі, росту духоўнасці. Эканамічнае развіццё немагчымае без духоўнага перамянення чалавека, - гаворыць Ігар Міхайлаў.

Тым часам прыцягваецца праект «Новая беларуская Біблія» або «Скарына-21», ініцыятар якога - сябра Біблійнага таварыства, біблеіст, доктар сакральнага багаслоўя, гебраіст Ірына Дубянецкая. Праца праекта па акадэмічным навуковым перакладзе Бібліі пачалася ў 2012 годзе, а першы плён праект прынёс у пачатку 2017 году, калі ў часопісе «Дзеяслоў» быў апублікаваны пераклад першага раздзела Бібліі, які назвалі «Кнігай роду»:

«Напачатку стварыў Бог неба і зямлю. І зямля была голая і кволая, і цемра над абліччам бездані, і вецер Божы веяў над абліччам вады. Бог сказаў: “Хай будзе сьвятло!” І было сьвятло. Бог убачыў, што сьвятло добрае. І аддзяліў Бог сьвятло ад цемры. І назваў Бог сьвятло днём, а цемру назваў ноччу. І быў вечар, і была раніца, дзень адзін».

Ірына Дубянецкая паведаміла Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, што да канца года павінны выйсці з друку першыя кнігі праекта «Новая беларуская Біблія»:

- Ідэя ў тым, каб друкаваць пераклады Бібліі па меры іх з'яўлення - так жа, як рабіў Скарына. Цяпер мы хочам падрыхтаваць першую «порцыю», у якой будуць першыя чатыры раздзелы Кнігі роду - ад стварэння свету да гісторыі з Каінам, Песня песняў і Евангелле паводле Яна. Мы будзем рабіць тое, што ў Беларусі яшчэ не рабілася - кожная кніга будзе з прадмовай і каментарамі, якія дадуць магчымасць сучаснаму чытачу адчуць старажытны біблійны тэкст, - гаворыць Ірына Дубянецкая.

Пераклады першых чатырох раздзелаў Кнігі Роду рабілі Караліна Мацкевіч і Ірына Дубянецкая, яна ж рыхтуе прадмову. Песню Песняў перакладаў Сяргей Шупа, а прадмову і каментары рабіла Галіна Сініла. Евангелле паводле Яна перакладаў выкладчык грэцкай мовы Ягор Прыстаўка, каментары будзе рабіць а. Сяргей Сурыновіч.

Нагадаем, першым унікальным навукова-папулярным друкаваным выданнем Бібліі на мове, блізкай да тагачаснай беларускай, была Біблія першадрукара Францішка Скарыны. Пераклад быў зроблены ім з Вульгаты Гераніма або з чэскага перакладу 1506 году. У Дзень Перамянення Пана, 6 жніўня 1517 году Скарына выдаў Псалтыр, пасля амаль кожны месяц - па новай кнізе Бібліі. Таму гэта дата лічыцца пачаткам беларускага кнігадруку і, сімвалічна, - духоўнага перамянення народа. З таго часу з'явілася шмат іншых перакладаў Бібліі, аднак агульнапрынятага і прызнанага ўсімі канфэсіямі перакладу не існуе. Таму, як гэта ні парадаксальна, Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе, якая не мае арыгінальнага, поўнага перакладу Святога Пісання на нацыянальную мову.

Last modified onЧацвер, 03 Жнівень 2017 12:25
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць