Першы каталіцкі Новы Запавет па-беларуску: дзе можна набыць кнігу?
- Written by katolik.life
- Published in Царква
- Add new comment
У Мінску падчас біблійнага сімпозіума прайшла прэзентацыя доўгачаканага выдання.
25 лістапада ў Мінску падчас біблійнага сімпозіума «Слова Божае 1517-2017» прайшла прэзентацыя першага поўнага афіцыйнага рыма-каталіцкага выдання на беларускай мове «Новага Запавету». Сустрэча адбылася з нагоды 500-годдзя першай друкаванай кнігі на беларускай мове, якой стала Біблія Францішка Скарыны. Нагадаем, 19 снежня ў 16 гадзін прэзентацыя новага выдання адбудзецца ў зале адукацыйных тэхналогій Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Грунтоўная праца над перакладам біблійных тэкстаў была распачатая ў 2002 годзе. Вынікам 15-гадовых намаганняў стала выданне «Новага Запавету», якое было здзейснена пад агульным кіраўніцтвам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Кніга выдадзена накладам 2 тысячы асобнікаў у добрым паліграфічным афармленні, макет кнігі быў падрыхтаваны ў каталіцкім выдавецтве «Про Хрысто».
- Хрысціянства не з’яўляецца «рэлігіяй Кнігі», але рэлігіяй жывога ўцелаўлёнага Божага Слова, якое прыйшло на зямлю дзеля кожнага чалавека. Яно з’яўляецца фундаментам і моцаю Касцёла, крыніцай веры і духоўнага жыцця. Кнігі Святога Пісання - гэта не звычайныя літаратурныя творы, але пасланне веры, якое немагчыма чытаць і разумець без веры, - цытуе Catholic.by паведамленне Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў пры ККББ. - Спадзяёмся, што гэта шматгадовая праца Рыма-каталіцкага Касцёла, якая з’яўляецца першым этапам афіцыйнага каталіцкага перакладу Бібліі на сучасную беларускую мову, прынясе духоўную карысць вернікам і ўсім людзям, а чытанне Божага слова на роднай мове паспрыяе ўзрастанню веры, умацаванню надзеі і жыццю ва ўзаемнай любові.
У хуткім часе каталіцкае выданне «Новага Запавету» на беларускай мове можна будзе набыць у мінскай краме «Духоўная кніга» (вул. Багдановіча, 25), у шапіках пры сталічных касцёлах, а таксама ў рыма-каталіцкіх парафіях у іншых гарадах Беларусі. Пра кошт кнігі пакуль не паведамляецца.
Нагадаем, нядаўна свой варыянт перакладу Новага Запавету на беларускую мову прадставіла Беларуская праваслаўная царква. Праца вялася 25 гадоў, пераклад быў зроблены са старажытнагрэцкага тэксту.
Таксама абноўлены беларускі пераклад Новага Запавету падрыхтавалі спецыялісты Беларускага Біблейскага таварыства - на аснове рукапісаў каталіцкага святара Уладзіслава Чарняўскага.
Related items
- Наймалодшы змяніў найстарэйшага. Біскуп Велікаселец застаецца ў Гомелі
- Апублікавана відэа прэзентацыі альбому на вершы святой Тэрэзы – унікальнага праекта беларусаў
- Упершыню ў Мінску можа з'явіцца «Нэакатэхуменальны шлях»
- Самым маладым кардыналам стане ўкраінскі грэка-каталіцкі біскуп
- Ксёндз-акцёр, жоўтыя біркі – незвычайна адзначылі юбілей касцёла ў Варнянах