BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

537 км за 16 дзён. Пілігрымка ў Будслаў выйдзе з Брэста!

Што ўзяць з сабой, маршрут, рэгістрацыя, падрабязнасці [+матывацыйнае ВІДЭА]

У гэтым годзе з Брэста зноў выйдзе пешае паломніцтва ў Будслаў! Юбілейную XXV пілігрымку Пінскай дыяцэзіі падоўжаць - са стартам з абласнога цэнтра. Удзельнікі пераадолеюць за 16 дзён - 537 кіламетраў! Такое ўжо практыкавалі ў 2015 годзе з нагоды 90-годдзя Пінскай дыяцэзіі.

Сёлета пілігрымка з Брэста, якая спыняецца ў Баранавічах, адначасова стане першай пешай пілігрымкай у баранавіцкі санктуарый Маці Божай Фацімскай - гэты статус святыні быў нададзены летась, паведаміў Katolik.life арганізатар ксёндз Павел Рудзьман.

Выхад з Брэста запланаваны на 16 чэрвеня пасля святой Імшы ў 7.30 ад касцёла Маці Божай Каралевы (завулак Ламаносава, 7/1). З Баранавічаў - 23 чэрвеня таксама пасля святой Імшы ў 7.30 ад касцёла Маці Божай Фацімскай (пр. Савецкі, 16).

Пілігрымка пройдзе пад дэвізам «Mission Possible» (місія выканальная) і прапануе маладым людзям падумаць аб іх місіі ў жыцці.

- У кожнага ёсць сваё пакліканне, і мы будзем разважаць аб гэтым: як знайсці і ўвайсці ў сваё пакліканне, - тлумачыць кс. Павел.

Як і ў мінулым годзе ўдзельнікі атрымаюць «Даведнік пілігрыма», які будзе змяшчаць песеннік і брэвіарый для Літургіі гадзін. Пілігрымка будзе падзелена на групы для больш індывідуальнай працы. Запланаваны некалькі вечароў з канцэртамі праслаўлення. Арганізатары запрашаюць да ўдзелу аніматараў, якія хацелі б дапамагчы ў пілігрымцы.

На працягу 7 дзён шляху з Брэста ў Баранавічы удзельнікаў чакае малітва сузірання, lectio divina, медытацыя і індывідуальныя стасункі з Богам у цішыні. А ўжо ў дарозе з Баранавічаў пілігрымы будуць разважаць над Кнігай Суддзяў. На прыкладзе Суддзяў Ізраіля, калі ён перажываў крызіс, Бог паслаў да свайго народа Суддзяў. Разважаць маладыя людзі будуць пра тое, куды і навошта кожнага з іх пасылае Гасподзь.

- Ключавым момантам будзе Панна Марыя, якая не была Богам, а простым чалавекам. На яе прыкладзе мы ўбачым, што выканаць сваю місію рэальна, - працягвае кс. Павел.

Траса з Баранавічаў не мяняецца, а вось з Брэста маршрут будзе іншы: Брэст - Жабінка - Кобрын - Лука - Бяроза - Івацэвічы - Лясная - Баранавічы - Паланэчка - Ярэмічы - Дзераўное - Івянец - Ракаў - Радашковічы - Ілля - Даўгінава - Будслаў.

Як заўсёды арганізатары забяспечваюць 3-разовае гарачае харчаванне, начлег, агульныя медыкаменты. Кожны атрымае цішотку, бейдж, даведнік, пашпарт пілігрыма. Кошт удзелу: з Брэста - 50 рублёў, з Баранавічаў - 35 рублёў. Аднак арганізатары падкрэсліваюць, што калі вернік перажывае фінансавыя цяжкасці і не можа ўнесці неабходную суму, гэта - не перашкода для ўдзелу ў пілігрымцы.

Удзельнікам маладзейшым за 18 гадоў неабходна мець апекуна, ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў - дазвол ад бацькоў, да 14 гадоў - толькі з бацькамі. З Брэста да Будслава могуць ісці выключна паўналетнія.

Для тых, хто не зможа пайсці ў паломніцтва, па-ранейшаму актуальная «духоўная пілігрымка» (інтэнцыі можна накіроўваць на адрас: pavelocd@gmail.com), удзельнікі таксама будуць весці ў акаўнце @my_arly у Instagram штодзённыя трансляцыі канферэнцый, там жа будуць размяшчацца ўсе фота і відэа з дарогі. Будзе створаны і канал у Telegram «Брэст - Баранавічы - БудсLOVE».

У пілігрымку трэба ўзяць абавязковы стандартны набор: - галаўны ўбор - посуд для харчавання з палявой кухні (талерка, гуртка, лыжка) - спальнік, дыванок, палатка - рэчы на 9-16 дзён - персанальныя лекі - Ружанец, Біблія

Рэгістрацыя па тэлефоне +375297090093 (кс. Павел Рудзьман) ці праз інтэрнэт: https://docs.google.com/forms/d/1M0VPhqkHWGgo4C4MV8cM-A5OJ2jUOwAezoZgFEFLYQo

Media

Last modified onСубота, 19 Май 2018 19:39
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць