BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Упершыню камерны хор Гомельскай філармоніі дасць канцэрт у Пінскай катэдры

Таксама вядомы калектыў праспявае падчас святой Імшы ў дзень Нараджэння Божай Маці.

На свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, 8 верасня, у Пінскім катэдральным касцёле выступіць камерны хор Гомельскай абласной філармоніі. Канцэрт будзе дадзены перад святочнай службай, а затым хор праспявае і на самой Імшы.

Вядомы калектыў, лаўрэат міжнародных конкурсаў, выступіў з ініцыятывай правесці канцэрт у святыні, распавяла Katolik.life галоўны адміністратар Гомельскай абласной філармоніі Наталля Чабаткова, якая займаецца арганізацыяй выступу.

"З Пінскам супрацоўнічаем пастаянна, нам вельмі падабаецца гэты горад. Калектывы выступалі ў Палескім універсітэце, у гарадской канцэртнай залі, і ў выніку вырашылі паспрабаваць правесці канцэрт нашага выдатнага камернага хору ў касцёле, бо ёсць маса твораў, якія ідэальна ўпішуцца ў абстаноўку святыні, і тэматыка адпаведная, таму мы выйшлі з такой прапановай у касцёл - і нам не адмовілі", - распавядае галоўны адміністратар філармоніі.

Хор ужо гатовы да канцэрта і чакае яго з нецярпеннем, гаворыць мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор калектыву, заслужаны дзеяч культуры рэспублікі Алена Сакалова:

"Вельмі рада, што мара мая збылася і я змагу выступіць у цудоўным касцёле ў Пінску. Калі мы давалі канцэрт у мясцовай гарадской канцэртнай залі, і я хадзіла каля гэтага пекнага храма, марыла: вось бы праспяваць у гэтым касцёле, у яго акустыцы! Я ўдзячная за гонар, аказаны мне", - каментуе галоўны дырыжор.

Яна адзначае, што на канцэрце прагучыць вельмі высокая музыка: гэта духоўная класіка заходне-еўрапейскіх кампазітараў, духоўная музыка Беларусі, а таксама праваслаўная духоўная музыка.

Алена Сакалова вельмі рада, што такія творы, як "Вiтай Марыя", "О Марыя, мацi Бога", "Хэрувімская песня", "Багародзіца, Дзева радуйся", "Хваліце Госпада з Нябёсаў" маюць права гучаць і чыняць велізарны эфект для слухача , бо доўгі час, больш за 70 гадоў, духоўная класіка была забароненая ў Беларусі.

Галоўны дырыжор камернага хору працуе з калектывам ужо амаль 30 гадоў, і за гэтыя гады хор стаў лаўрэатам некалькіх міжнародных конкурсаў у краінах Еўропы.

Дарэчы, Алена Сакалова - праваслаўная верніца, але паважае Каталіцкую царкву і дзеячаў іншых рэлігій. Па словах дырыжора, яе хор выконвае музыку міра, і галоўная мэта артыста - несці мір і добразычлівасць ўсім людзям.

Квіткі на канцэрт у Пінску можна будзе набыць у касцёле ў дзень выступу. Кошт квітка складзе ўсяго шэсць рублёў.

Last modified onСерада, 08 Жнівень 2018 23:43
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць