Арцыбіскуп Кандрусевіч: «Усе мы патрабуем перамен»
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Каталіцкі іерарх распавёў, у якім выпадку грамадства зможа вырашыць свае праблемы
3 верасня ў архікатэдральным касцёле ў Мінску падчас святой Імшы зачыталі слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, скіраванае ім з выгнання. Прысутныя слухалі яго стоячы, піша Catholic.by.
- Усе мы, біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі і грамадства ў цэлым патрабуем перамен, - напісаў арцыпастыр. - Стаячая вада псуецца і не надаецца да ўжытку. Разам з тым, праточная вада з’яўляецца здаровай. Мы пакліканы развівацца, гэта азначае ўдасканальвацца ў сваім духоўным і грамадскім жыцці. Бог стварыў свет добрым, але наказаў людзям яго ўдасканальваць, што павінна адбывацца ва ўсіх сферах нашага жыцця.
Арцыбіскуп адзначае, што, «апынуўшыся ў складанай, нябачанай дагэтуль у нашай гісторыі сітуацыі, Беларусь патрабуе перадусім адказнага духоўнага падыходу»:
- Нам неабходна вырашаць не толькі палітычныя, эканамічныя і грамадскія праблемы, але і духоўныя. Пакуль грамадства не будзе прытрымлівацца базавых маральных нормаў, асноўнай з якіх з’яўляецца прынцып нікому не рабіць таго, чаго не жадаеш сам, яно не зможа вырашыць сваіх праблем і гарманічна развівацца.
Паводле іерарха, для гэтага найперш патрэбна малітва, якая мае моц «дастукацца да Нябёсаў».
Арцыбіскуп спадзяецца, што праблемы, з якімі сутыкнулася Беларусь, будуць вырашаны мірным шляхам. Таксама ён спадзяецца на сваё хуткае вяртанне на Радзіму, каб зноў служыць Каталіцкай царкве ў Беларусі:
- Сумеснымі намаганнямі і з Божай дапамогай зробім усё магчымае для таго, каб наша Радзіма развівалася ў праўдзе, справядлівасці і ўзаемнай любові, якая перавышае ўсё.
Related items
- Пад'ём у 3:30, маўчанне і ніякіх гаджэтаў. Адзіны ў свеце беларус камельдул наведаў родны горад
- Ці ўступаць у піянеры, спыталі ў вернікаў – частка адказаў здзівіла
- «Пад зямлёй адчула сябе шчаслівай». Беларуска працуе ў шахце і запрашае туды на Імшу
- Загадкі Каралевы Беларусі: уратавала ад маскоўскай акупацыі, знікла і зноў аб'явілася
- Мілыя фота з жывёламі ў Баранавічах выклалі манаскія асобы