Ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі католікам дазволілі не ўдзельнічаць у нядзельнай Імшы з-за COVID-19
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Меры супраць распаўсюду інфекцыі аднаўляюць з-за складанай эпідэмічнай сітуацыі
Ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі аднаўляецца рэалізацыя мер у сувязі з распаўсюдам каронавіруснай інфекцыі. Раней такое рашэнне прынялі ў Гродзенскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а 23 кастрычніка стала вядома аб аналагічных рашэннях у Пінскай і Віцебскай дыяцэзіях.
Біскупы паведамілі аб тым, што ўдзяляюць дыспенсу ад удзелу ў нядзельнай і святочнай святой Імшы наступным катэгорыям вернікаў:
- асобам пажылога ўзросту, якім асабліва пагражае інфекцыя каранавірусу;
- асобам з сімптомамі COVID-19;
- дзецям і школьнікам, а таксама асобам, якія імі непасрэдна апякуюцца;
- асобам, якія баяцца заражэння каранавірусам.
Тым, хто будзе карыстацца дыспенсай, рэкамендуецца яднацца з вернікамі, сабранымі на св. Імшы, пры дапамозе сродкаў электроннай камунікацыі і прымаць духоўную святую Камунію, гаворыцца ў паведамленнях, апублікавых Catholic.by.
У той жа час пробашчы і адміністратары парафій абавязаны прыкласці ўсе намаганні, каб у святынях і месцах душпастырскіх сустрэч былі захаваныя адпаведныя правілы гігіены: заахвочваць вернікаў карыстацца маскамі ці іншымі сродкамі аховы, забяспечыць магчымасць выкарыстання сродкаў дэзінфекцыі, а калі дазваляюць магчымасці, стварыць умовы для сацыяльнай дыстанцыі.
Рэлігійныя сустрэчы і іншыя мерапрыемствы могуць быць перанесеныя на іншы час з-за складанай эпідэмічнай сітуацыі.
У апошні час у прэсе паведамлялася ўжо пра два выпадкі смерці каталіцкіх святароў у Беларусі, якія праходзілі лячэнне ў шпіталях ад каронавірусу.