Арцыбіскуп Кандрусевіч развітаўся і прадставіў мінскім католікам біскупа Велікасельца
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Куды ты ідзеш, Беларусь? - запытаўся іерарх і параіў, што рабіць, каб захаваць краіну
24 студзеня ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі святую Імшу цэлебравалі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі, новапрызначаны Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец разам з Ганаровым Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. На пачатку цэлебрацыі ён нагадаў, што ў сувязі з дасягненннем 75-гадовага ўзросту і прыняццем Папам Францішкам просьбы аб адстаўцы ён завяршае сваё служэнне як дыяцэзіяльны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, піша Catholic.by.
Словы шчырай падзякі іерарх скіраваў біскупам, святарам, вернікам за іх падтрымку, малітвы і салідарнасць з ім у няпросты час выгнання, якое доўжылася чатыры месяцы. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч таксама папрасіў прабачэння за тое, калі кагосьці пакрыўдзіў, запэўніўшы пры гэтым, што заўсёды імкнуўся служыць Богу, Касцёлу і Айчыне. Ён дадаў, што і надалей, наколькі дазволіць Бог, працягне служэнне Касцёлу і беларускаму народу праз удзел у розных цэлебрацыях, у працы Канферэнцыі біскупаў, у ажыццяўленні пастырскіх планаў і іншых касцёльных падзеях.
- Змена біскупа пасля дасягнення ім 75-гадовага ўзросту - гэта нармальная справа. Я адыходжу як кіруючы біскуп, але як біскуп застаюся. Пры гэтым важна, што, нягледзячы на змену біскупаў, Касцёл застаецца, дзейнічае і брамы пякельныя яго не перамогуць, - сцвердзіў Ганаровы Мітрапаліт, пасля чаго прадставіў вернікам новапрызначанага Апостальскага адміністратара архідыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца, папрасіўшы прыняць яго з любоў’ю і маліцца аб яго служэнні.
Займаючы месца галоўнага цэлебранта пры алтары, біскуп Велікаселец падзякаваў арцыбіскупу Кандрусевічу за яго вернае шматгадовае служэнне Касцёлу, дадаўшы, што святую Імшу цэлебруе ў яго інтэнцыі.
- Мы павінны заўсёды звяртацца да Бога, каб на евангельскіх прынцыпах вырашаць усе нашыя праблемы. Таксама і праблемы сучаснай Беларусі, якая знаходзіцца ў нябачным дагэтуль грамадска-палітычным крызісе. Нашай Бацькаўшчыне пагражае лёс Нінівы. <…> Што будзе заўтра? Quo vadis? - Куды ты ідзеш, Беларусь? Калі мы хочам захаваць нашу краіну, то павінны следаваць закліку Езуса верыць у Евангелле і навяртацца. Кожнаму з нас паасобку і ўсяму нашаму народу неабходна навяртанне, да якога заклікае Божае слова, - сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч у гаміліі.
Асаблівым чынам ён звярнуўся да біскупа Казіміра Велікасельца:
- Дарагі брат, цяпер для цябе настаў час, калі ты ўступаеш у новы этап свайго жыцця, калі ты ўжо не толькі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі, але таксама і Апостальскі адміністратар з правамі ардынарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Гэта накладае на цябе новыя абавязкі і заклікае да новай актыўнай дзейнасці лаўца чалавечых душаў. Ідзі да ўсіх людзей: тых, хто мае ўладу і тых, хто пакутуе; да вучоных і простых, багатых і бедных, маладых і старых, здаровых і хворых, свабодных і зняволеных. Мужна выконвай абавязкі настаўніка, абвяшчай Божую праўду ў спрыяльны і неспрыяльны час, асвячай людзей Божай ласкай і мудра кіруй Божым народам. Няхай цябе ў гэтым служэнні благаславіць Бог, а Найсвяцейшая Панна Марыя няхай атуляе сваёй Матчынай апекай.
Біскуп Казімір Велікаселец, у сваю чаргу, звярнуў увагу на тое, што яго служэнне ахапіла большую частку тэрыторыі Беларусі - ад Брэста да Гомеля і Мінска:
- Новае прызначэнне - гэта Божая воля, і я з вашаю дапамогаю і малітваю буду выконваць гэтую Божую волю, - сказаў Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, звярнуўшыся з просьбай аб заступніцтвае да Маці Божай Вастрабрамскай.
Цэлебрацыя завяршылася спевам беларускага рэлігійнага гімну-малітвы «Магутны Божа».
Media
Related items
- Напярэдадні Вялікадня праваслаўны архіепіскап наведаў каталіцкі цэнтр у Гомелі
- Фэст у лясной капліцы з незвычайнай гісторыяй святкавалі капуцыны і пілігрымы
- «Бог даў нам адсутнасць паветранай трывогі». Пра Дзень дзіцяці ў Жытоміры распавёў біскуп
- Такі падарунак – толькі ад байкераў. Мотасезон яны адкрылі ў касцёле
- Пад'ём у 3:30, маўчанне і ніякіх гаджэтаў. Адзіны ў свеце беларус камельдул наведаў родны горад