BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Прычына - у праўдзе. У Ватыкане прынялі рашэнне адносна благаслаўленняў аднаполых саюзаў

Папу Рымскага праінфармавалі аб рашэнні - ён даў згоду на яго абнародаванне

Касцёл не можа благаслаўляць саюзы паміж асобамі аднаго полу. Гаворка не ідзе пра дыскрымінацыю, - адзначаецца ў паведамленні Кангрэгацыі Веравучэння, якое было абнародавана 15 сакавіка 2021 г.

Дакумент стаў адказам ватыканскага ведамства на просьбу аб растлумачэнні dubium (сумнева) адносна благаслаўлення гомасексуальных саюзаў. Пытанне гучала так: “Ці мае Касцёл паўнамоцтвы ўдзяляць благаслаўленне саюзам асобаў аднаго полу?”. Адназ – адмоўны. Гэта значыць, што святарам не дазваляецца благаслаўляць гомасексуальныя пары, якія просяць аб свайго роду рэлігійным прызнанні іх саюза. Пантыфік быў паінфармаваны аб рашэнні і даў згоду на яго абнародаванне.

Заўвага суправаджаецца тлумачальнай нотай, якую падпісалі кардынал Луіс Ладарыя Фэрэр, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, і сакратар гэтай структуры, арцыбіскуп Джакама Марандзі.

Адзначаецца, што ў некаторых касцёльных асяродках распаўсюджваюцца праекты і прапановы адносна асобаў аднаго полу, якія нярэдка матываваны шчырым жаданнем іх прыняцця і суправаджэння, прапанавання ім шляхоў для ўзрастання ў веры, а таксама прадстаўлення ім “неабходнай дапамогі” для разумення і поўнай рэалізацыі Божай волі ў  жыцці. Сярод такіх прапаноў, якія патрабуюць належнай ацэнкі, благаслаўленне саюзаў.

У тэксце Кангрэгацыі падкрэсліваецца адрозненне паміж асобамі і саюзамі. Адмоўнае рашэнне адносна благаслаўлення саюзаў не ўключае суджэння адносна паасобных людзей, якія павінны быць прыняты “з павагай, спагадай і далікатнасцю”, пазбягаючы “любых выразаў несправядлівай дыскрымінацыі”, як ужо сцвярджалася ў іншых настаўніцкіх дакументах Касцёла.

У заяве тлумачацца прычыны адмоўнага рашэння. Першая тычыцца праўды і каштоўнасці благаслаўленняў, якія з’яўляюцца сакрамэнталіямі, гэта значыць літургічнымі дзеяннямі Касцёла, і таму патрабуюць, каб тое, што благаслаўляецца, было “аб’ектыўна скіравана на прыняцце і выражэнне ласкі, згодна з задумамі Бога, упісанымі ў стварэнне”.

Адносіны, у тым ліку пастаянныя, якія “прадугледжваюць сексуальныя стасункі па-за сужэнствам” – гэта значыць па-за непарыўным саюзам паміж мужчынам і жанчынай, адкрытым на перадачу жыцця – не адпавядаюць такім Божым задумам, нават калі ў такіх адносінах могуць існаваць “пазітыўныя элементы”. Гэта выснова не тычыцца толькі гомасексуальных пар, але ўсіх саюзаў, якія прадугледжваюць сексуальныя стасункі па-за сужэнствам.

Яшчэ адна прычына адмоўнага рашэння звязана з рызыкай памылковага атаясамлення благаслаўлення саюзаў паміж асобамі аднаго полу з сакрамэнтам сужэнства.

Кангрэгацыя Веравучэння ўдакладняе, што адказ на dubium не выключае ўдзялення благаслаўлення “паасобным людзям з гомасексуальнымі схільнасцямі, якія выяўляюць жаданне жыцця ў вернасці задумам, аб’яўленым Богам”. У той жа час абвяшчаецца недазволенай “якая-кольвечы форма благаслаўлення, накіраваная на прызнанне іх саюзаў”.

vaticannews.va/be.

Last modified onАўторак, 16 Сакавік 2021 00:27
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць