BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Свята Маці Божай Зельнай: чаму ў касцёл нясуць зёлкі і якія?

Пра народныя традыцыі святкавання Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

15 жніўня Каталіцкі касцёл штогод святкуе дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, вядомы ў народзе як свята Маці Божай Зельнай.  Адно з самых важных у гадавым цыкле, гэтае свята мае найвышэйшы іерархічны ранг - урачыстасці. Яго традыцыя пачала складацца вельмі даўно, сама меней, у V-VІ стагоддзях. Вера ў тое, што Беззаганная Панна не памерла, але жывой была ўзятая ў неба, ўзнікла хутчэй сярод простых вернікаў, чым сярод тэолагаў. Паводле адной распаўсюджанай легенды, Марыя так моцна заснула, так што апосталы, якія незадоўга да гэтага цудоўным Божым провідам сабраліся з усіх куткоў Рымскай імперыі, прынялі гэты сон за смерць і пахавалі яе ў садзе Гефсіманія. Адсюль, дарэчы, паходзіць руская назва свята – Успение. Сярод апосталаў тады не было толькі нявернага Тамаша. Ён прыйшоў праз тры дні пасля пахавання і папрасіў адкрыць магілу, каб развітацца з Божай Маці.  Але ў магіле цела ўжо не было. Затое знайшлося шмат прыгожых, прыемна і моцна пахнучых кветак. Раней верылі, быццам бы традыцыя свята Маці Божай Зельнай пайшла менавіта ад гэтага цуду.

Насамрэч, канешне, зялярскія атрыбуты свята і сама гэтая легенда узніклі значна пазней, калі Касцёл у сваёй місіянерскай працы стараўся выцесніць колішні да-хрысціянскі сімвалізм мясцовых летніх святаў заканчэння жніва, распаўсюджаных па ўсёй Еўропе, і замяніць яго хрысціянскім сэнсам. Таму сёння ў гэты дзень мы шануем не паганскую Маці-Зямлю і яе ўрадлівасць, а ласку Божую і Божай Маці, якія даюць нам магчымасць спажываць гэтыя разнастайныя плёны расліннасці, мець асалоду ад апошніх цёплых жнівеньскіх дзён, ад выніку летняй працы земляробаў, садаводаў і зялярак (бо зёлкі даўней збіралі амаль выключна жанчыны).

Другая версія даўніх народных вераванняў пра спачын Маці Божай сцвярджала, што Марыя ў момант смерці была з душой і целам узятая ў неба.  Урэшце рэшт гэтае старажытнае хрысціянскае перакананне і было абвешчана ў якасці догмату Папам рымскім Піям ХІІ у 1950 г.

У Літве і Беларусі класічны комплекс народных звычаяў гэтага свята склаўся ў эпоху Барока, або Контррэфармацыі. Па традыцыі, у многіх мясцовасцях даўняй Рэчы Паспалітай, асабліва ў  парафіях пад вызваннем Маці Божай, у гэты ж дзень абыходзяць і «дажынкі» - свята заканчэння жніва. Тады, натуральна, стараюцца спячы і асвяціць у касцёле хлеб са збожжа новага ўраджаю. І дагэтуль у традыцыйных вясковых парафіях у літоўскай частцы Віленшчыны, як напрыклад у Тургелях, цалкам натуральным успрымаецца, калі галоўны бохан свята, які мы б назвалі «караваем», мясцовы пробашч,  або і войт,  урачыста дзеліць паміж сабранымі. Свята падводзіць вынікі не толькі жніва, але і сезону збору лекавых зёлак - бо ў даўнейшай традыцыі гэты сезон пачынаўся ад Святога Яна (24 чэрвеня) і сканчаўся акурат на Маці Божай Зельнай).

У былыя часы нашы касцёлы ў гэты дзень былі літаральна забітыя, быццам нейкія склады або свірны, вялікай колькасцю кошыкаў з садавінай і гароднінай, снапамі збожжа, вянкамі і букетамі зёлак, прынесенымі для асвячэння, так што самім вернікам часам было нялёгка скрозь іх праціснуцца.

Асвячэнне ўраджаю павінна было гарантаваць добрыя плёны і ў наступным годзе, пра што абавязкова прасіў у малітве і ксёндз. Казалі, што «ў жніўні кожная кветка просіць, каб яе занеслі ў Касцёл». Ці яшчэ: «Зельная Божая Маці ўсяго можа нам даці». Часам зёлкі, садавіну і гародніну пачыналі збіраць або адбіраць з сабранага ўраджаю за некалькі дзён да свята. Зёлкі часам нават загадзя засушвалі, пачынаючы збіраць вянкі і букеты яшчэ ад Святога Яна. А часам жанчыны ўставалі вельмі рана ў сам гэты дзень, каб назбіраць зусім свежых кветак, ледзь толькі спадуць росы.

Дзе-нідзе перад Імшой адбывалася ўрачыстая працэсія да касцёла з новым хлебам і іншымі плёнамі зямлі. Пасля вяртання з касцёлаў вянкі, букеты, або прынамсі некалькі самых важных зёлак клалі дома за абразы Божай Маці. Яны мусілі ахоўваць сем'і ад няшчасцяў і хваробаў. У выпадку вялікай навальніцы, пажару ці іншага надзвычайнага здарэння, пагрозы смерці хворага, такі букет вымалі і размяшчалі на відным месцы, з малітвай аб збаўленні.

Букецікі і снапочкі з асвечаных зёлак развешвалі і на паддашшы - каб вецер не сарваў дах. Таксама, канешне, з асвечаных зёлак рабілі і вывары на працягу ўсяго году, як лекі ад розных хваробаў.

Бадай ці не самая папулярная зёлка для асвячэння ў гэты дзень – палын. У хрысціянстве ён – сімвал суду Божага за адступніцтва і непаслухмянасць, неаднаразова сустракаецца ў Старым Запавеце і сімвалізуе горыч пакарання за чалавечыя грахі і заганы. Для многіх, хто ўспамінае абыходы Зельнай з часоў дзяцінства, некалькі дзесяцігоддзяў таму, свята і асацыюецца найперш менавіта з пахам палыну. 

Гэта звязана з даўнім, яшчэ дахрысціянскіх часоў, звычаем карыстацца палыном як «абярэгам» не толькі ад розных хваробаў і пошасцяў (бо ён сапраўды мае ўласцівасці дэзінфекцыі), але і ад нячыстых духаў і ад нябачнай небяспекі, якая магла сыходзіць ад нябожчыка. Асабліва, калі цела да пахавання трымалі ў хаце, што было раней паўсюдным звычаем. Там, дзе паганскія традыцыі захоўваліся найдаўжэй, гаспадыня, «каб не хадзiў нябожчык», абмятала хату палыновым венiкам ці развешвала снапкі расліны па кутках хаты. Касцёл надаў гэтаму звычаю больш стрыманы і шляхетны, асэнсаваны характар. Але дагэтуль асвечаны на Зельную пучок палыну кладуць у труну пад галаву нябожчыка і акурваюць яго дымам дзетак у выпадку розных хваробаў, а асабліва ад пярэпалаху.

Сярод іншых найбольш частых –  мята, рамонак, святаяннік, канюшына, любіста, дзьмухавец, cланечнік, лаванда і іншыя.  Сярод гэтай вялікай разнастайнасці польская традыцыя выдзяляе набор з 5 зёлак, які прынята называць Zioła Matki Boskiej Zielnej. Лік 5, хутчэй за ўсё, адсылае да сімвалізму Ружанца - каб яшчэ раз падкрэсліць марыйны акцэнт свята. А самі 5 зёлак гэта:

Рамонак (сродак супраць запаленняў)
Мята (супраць захворванняў страўніка)
Святаяннік - антыдэпрэсант
Шалфей – антыперспірант
Меліса -  заспакаяльны сродак

Гародніну і зёлкі, асвечаныя на Зельную, давалі спажываць не толькі людям, але і жывёле. Кароў адразу кармілі асвечанай капустнай, бо верылі што тады яны будуць здаровымі і дадуць шмат малака. А само малако цадзілі праз асвечаны святаяннік, што таксама быццам бы мусіла зберагчы яго якасць і здароўе каровы-карміліцы. Асвечанае збожжа захоўвалі на засеўкі - пачатак азімай сяўбы і веснавой наступнага году. З асвечаных снапоў выбіралі саломы і рабілі з яе адмысловыя крыжыкі, якія потым ставілі на палосах, прызначаных для засевак. І, вядома, святочны дзень сканчаўся ўрачыстай вячэрай, на якую гаспадыні імкнуліся прыгатаваць найлепшыя стравы.

У XI-м раздзеле паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» свята выведзена пад імём «Маці Божай Кветнай». Літаратураведы дагэтуль збянтэжаныя тым, што некалькімі абзацамі вышэй Міцкевіч патэтычна апісвае надыход вясны і наракаюць на тое, што ўвесну няма марыйных святаў, тым больш такога вялікага маштабу. Але вясну Міцкевіч яўна мае на ўвазе метафарычную - «вясну вайны», то бок, пачатак напалеонаўскай кампаніі з яе вялікімі спадзяваннямі, які сфармаваў і ягоныя ідэалы аж да канца жыцця. Бо і пачалася ж кампанія 1812 году толькі 23 чэрвеня, далёка па вясне, у самы разгар лета. У дадатак, на 15 жніўня выпадаў і дзень народзінаў імператара Напалеона, які ў 1812-м годзе святкаваўся ў Навагрудку вельмі шырока, чаму юны Адам сам быў сведкам. Таму няма прычын сумнявацца - «Маці Божай Кветнай» у паэме гэта менавіта свята Ўнебаўзяцця НМП:

Сялянкi сёння к Багародзiцы алтару

Нясуць снапочкi свежых зёлак на ахвяру.

Усё прыбрана кветкамi, дык зелянiцца

Алтар, абраз, а нават ганак i званнiца.

А калi раннi ветрык, дзьмухнуўшы з усходу,

Вянкi сарве i кiне на натоўп народу,

То льюцца вокал пахi ладана i мёду.

(пераклад П. Бітэля)

У сучасных Польшчы і Літве Ўнебаўзяцце Найвяцейшай Марыі Панны – нацыянальнае свята, вольны ад працы дзень. У Польшчы значэнне свята істотна ўзмацняецца яшчэ і тым, што гэта акурат угодкі славутага "Цуду над Вiслай". У крытычны момант гісторыі, у1920 г., польскае войска нанесла паражэнне Чырвонай Арміі пад Варшавай – і тым выратавала краіну ад камуністычнай тыраніі,  акурат у дзень Маці Божай Зельнай. Гэта было ўспрынята вернікамі як несумненны цуд, як сапраўдная ласка Найсвяцейшай Панны. Таму у гэты дзень святкуюць таксама дзень Войска Польскага. І невыпадкова, напрыклад, што касцёл у Солах (Cмаргонскі раён), асвечаны ў 1920-х гг. у гонар Маці Божай Ружанцовай, упрыгожаны ў тым ліку і фрэскай "Цуд над Вiслай". На якой чырвонаармейцы ў паніцы бягуць прэч, на ўсход, ад неўтаймоўнага войска Рэчы Паспалітай. А жаўнераў ачольвае ксёндз з высока ўзнятым над галавой Укрыжаваннем.

На Віленшчыне, асабліва ў літоўскай яе частцы, традыцыі «Зельнай» (па-літоўску Žolinė) дагэтуль трымаюцца даволі моцна. Фэсты збіраюць вялікія тлумы людзей, пасля Імшы адбываюцца ўрачыстыя канцэрты, народныя гулянні, кірмашы зёлак і спадарожнай атрыбутыкі. У самой літоўскай сталіцы цэнтр свята – касцёл Унебаўзяцця НМП, якім апякуюцца мясцовыя францішкане. Прыезжых у Вільню з вялікіх польскіх гарадоў здзіўляе, што тут яшчэ прадаюць перад касцёламі і асвячаюць пераважна ўсё тыя самыя традыцыйныя зёлкі, што і сто ці дзвесце гадоў таму. Бо ў Варшаве ці Кракаве ўсё часцей людзі, увесь час кудысьці спяшаючыся, купляюць у звычайных квяткарнях, у самы апошні момант, самыя звычайныя дэкаратыўныя кветкі - астры, ружы, фрызіі, маргарыткі – а не тыя зёлкі, з якімі звязаныя стагоддзі народных вераванняў. Вось як  апісала свае ўражанні ад віленскай Зельнай у 2012 г.  кракавянка Эвеліна Лась:

Гэта проста "траўкі", як кажуць палякі ў Літве, гэта значыць гаючыя зёлкі. Я вырашыла набыць некалькі відаў гэтых «травак» перад Імшой, таму што ўбачыла шмат жанчын у хустачках, якія, мабыць, як гэта рабіла мая маці, - ўсталі на свеце, каб назбіраць, сярод іншых, мяты, палыну, святаянніка і збожжавых каласоў. “50 цэнтаў. Толькі столькі за палын ці мяту”, - падбадзёрвала мяне ўсмешлівая бабулька. Я купіла і палын, і мяту. Ветлівая гандлярка, даведаўшыся, што я з Польшчы, дадала мне, як бонус, вязанку нейкіх жоўтых кветкавых шарыкаў. Я не памятаю іх назвы, таму што яна прагучала па-беларуску, але ведаю, што яны карысныя для пячонкі. Я залію іх кіпенем, калі суседзі па інтэрнаце пачнуць скардзіцца на пахмелле пасля вечарыны ў чацвер.

У Беларусі звязаныя са святам звычаі яшчэ больш-менш жывыя ў Панямонні, у вясковых парафіях. Але за дзесяцігоддзі атэістычнай прапаганды і адарванасці людзей ад хрысціянскіх традыцый мала дзе абыходы Зельнай маюць характар і маштаб сапраўдных народных фэстаў.

У гістарычнай аснове нядаўна адноўленай традыцыі «Фестывалю кветак» у Жалудку (Шчучынскі раён) – ляжыць менавіта старажытнае каталіцкае свята. Тым больш што і мясцовая парафія носіць гэты тытул - Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Але, ў адрозненне ад Польшчы і Літвы, здаецца, Касцёл не бярэ на сябе патранаж над гэтым святам, і сам характар яго, на жаль, амаль ніяк не адсылае да каталіцкіх традыцый.

А вось сведчанні некалькіх удзельніц тэматычнай групы Facebook «Сімвалічны свет беларускіх раслінаў» пра тое, як яшчэ нядаўна абыходзілі свята ў іх родных парафіях:

Сабіна Вяршалінская:

Палын! У касцёле пахне палыном на Зельную! I снапочкi з-баж-жыны ставяць ля алтара!

Лілія Ігнатовіч (Ваўкавыскі раён):

У нас свенцілі лекавыя зёлы: чабор, асот, румянак, палын і потым букет засыхаў. Затым сухія зёлы клалі на гарачыя вуглі і падкурвалі малых дзяцей, калі дзіця спалохалася, ці дрэнна спала. Зёлы не прадавалі каля касцёла, трэба самому назбіраць. (Мясцовасць недалёка Ваўкавыску).

Пераемнасці з даўняй традыцыяй, на жаль, дагэтуль моцна  бракуе сталічнаму Мінску, хоць тут і жывуць сотні тысяч католікаў. Але 15 жніўня 2021 г. парафія Святой Тройцы (Святога Роха) ладзіць першую спробу адрадзіць, аднавіць гэтую пераемнасць. З марай пра сапраўдны вялікі фэст, з усімі ягонымі атрыбутамі – завітайце  на Залатую Горку на Святую Імшу а 12:30 і на наступныя імпрэзы фэсту. Вас чакае невялічкая лекцыя (ад мяне), міні-канцэрт гурта  "Адзінства" і... сюрпрыз ад пробашча!

Пры сабе абавязкова мець добры настрой і жаданне адраджаць цудоўныя Каталіцкія традыцыі!!! Ну і, вядома, кветкі, зёлкі, садавіну і гародніну для асвячэння.

Зельная Божая Маці ўсяго можа нам даці! Як і стагоддзі раней.

 

Аляксандр БЕЛЫ, крыніца: https://www.patreon.com/posts/54854119

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць