З-за суда за «экстрэмізм» святару з Паставаў прыйшлося выехаць з Беларусі
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Падставай для адміністрацыйнай справы стала відэа аб тым, што беларусы супраць вайны ва Украіне
Пробашч рымска-каталіцкай парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах вымушаны быў выехаць з Беларусі ў Польшчу. Ксёндз Анджэй Бульчак - грамадзянін Польшчы - стаў абвінавачаным па адміністрацыйнай справе аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. На думку міліцыі, гэта выявілася ў тым, што на Youtube-канале парафіі было размешчана відэа, якое ўключала кадры з лагатыпам недзяржаўнага тэлебачання, абвешчанага «экстрэмісцкім фарміраваннем». На кадрах быў адлюстраваны момант затрымання людзей на акцыі пратэсту ў Мінску супраць садзейнічання Беларусі расійскай вайсковай агрэсіі ва Украіне.
Само відэа распавядала пра ліст дзяўчыны польскім сябрам, у якім яна тлумачыла, што народ Беларусі не з'яўляецца агрэсарам і выступае супраць вайны, у тым ліку супраць таго, каб з тэрыторыі рэспублікі войска РФ абстрэльвала гарады Украіны.
Суд над святаром павінен быў адбыцца 25 сакавіка, калі католікі адзначалі Звеставанне Пана. Аднак суддзя не стаў выносіць рашэнне ў гэты дзень і адправіў пратакол у міліцыю на дапрацоўку. Як распавёў ксёндз Анджэй у інтэрв'ю ксяндзу Вячаславу Барку, ён вырашыў, што гэты можа быць знакам ад Панны Марыі, якая хоча, «каб усё адбылося па-іншаму».
Святар патлумачыў, што калі б ён застаўся да наступнага суда і атрымаў штраф або арышт, яму не дазволілі б далей служыць у Беларусі - дазвол на служэнне, які замежныя святары павінны атрымліваць ад уладаў, канчаецца ў траўні, і новы дазвол не выдалі б.
Ксёндз Анджэй прапрацаваў у Беларусі 14 гадоў, за гэты час пабудаваў два храмы. Ён спадзяецца, што ў будучыні зможа вярнуцца ў краіну і працягнуць сваё служэнне.
Related items
-
Кранальныя відэа са святаром робіць беларуская парафія
-
«Спадзяюся, што людзі, даведаўшыся пра гэта, умацуюцца ў веры». З'явілася вестка ад ксяндза Акалатовіча
-
«Уся каталіцкая Беларусь моліцца». Як адрозніваецца афіцыйнае і неафіцыйнае жыццё Касцёла
-
Нунцыю і біскупу не дазволілі сустрэцца са зняволенымі святарамі
-
Упершыню новы пробашч у Будславе звярнуўся да вернікаў