BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Ёсць вы – ёсць Касцёл». Што пажадалі жанчынам святары і біскуп

Некаторыя нагадалі, што свята не мае нічога агульнага з хрысціянствам, больш за тое – прыдуманае людзьмі, якія ненавідзелі хрысціянства. Аднак Бог ёсць ва ўсім і паўсюль.

8 сакавіка многія каталіцкія святары Беларусі і нават біскуп выказалі пажаданні з нагоды Міжнароднага жаночага дня ў сваіх сацсетках. Напрыклад, вікарый парафіі ў Глыбокім ксендз Алег Зямчонак пажадаў: «Няхай з Божай дапамогай вам удаецца ўсё на свеце. Думкі няхай будуць добрымі і светлымі, настрой – толькі добрым, а настрой на жыццё – лепшым!»

Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі звярнуўся да «дарагіх нашых мам, сясцёр, бабуль і ўсіх жанчын»:

«Радасці, здароўя, міру, доўгіх сонечных гадоў! Дзякуй усім вам за руплівасць і вялікую любоў!»

У непублічным чаце віншаванне размясціў адзін са святароў (таму імя яго не называем), які нагадаў, што «заснавальніцай сённяшняй даты з'яўляецца Клара Цэткін – нямецкая камуністка і атэістка»:

«Але мы католікі. Таму падцягнем Бога і да гэтага дню, бо Бог ёсць усё і паўсюль. Дата з дня барацьбы жанчын за эмансіпацыю стала днём, які падкрэслівае асаблівасць і ўласцівасці жанчыны! Бо Бог вельмі ясна паказаў, што менавіта Жанчына змагла прынесці ў свет Збаўцу (да чаго мужчына не быў і не будзе здольны), і менавіта мужчына быў здольны забяспечыць існаванне Збаўцы на гэтым свеце да пэўнага часу. Таму праз Божую прызму віншуем вас, шаноўныя жанчыны, і па прыкладу святога Папы Яна Паўла II дзякуем вам!»

Іншы святар таксама адзначыў у чаце, што свята не мае нічога агульнага з хрысціянствам, больш за тое – прыдуманае людзьмі, якія ненавідзелі хрысціянства:

«Але я віншую ўсіх парафіянак. Віншую нават не па прычыне 8 сакавіка, а проста так. Сёння ёсць добрая нагода падзякаваць Богу за ўсіх вас, дарагія. Вас у касцёле большасць. Ёсць вы – ёсць Касцёл. Таму жывіце доўга, хай Гасподзь дае вам шмат сіл і мужнасці. Дзякуй, што вы ёсць».

Таксама святары віленскага касцёла святой Тэрэзы і «Вострай Брамы» размясцілі віншаванне, у якім пажадалі «шмат здароўя і шчасця, каб у кожны дзень года ўсмешка на твары гасціла гэтак жа часта, як і ў гэты святочны дзень». Жанчынам пажадалі, каб «кожны дзень быў асаблівым і быў падставай для задавальнення, і каб ніколі не было недахопу ў цяпле і любові самых важных людзей у жыцці»: «Хай дабраславіць вас Бог, і Найсвяцейшая Маці паклапоціцца пра вас!»

Дарэчы, Папа Рымскі Францішак адзначыў, што ў гэты дзень памятае пра ўсіх жанчын: «Дзякую ім за прыхільнасць да пабудовы больш гуманнага грамадства дзякуючы іх здольнасці ўспрымаць рэчаіснасць творчым поглядам і пяшчотным сэрцам – гэта выключна жаночы прывілей».

Last modified onСерада, 08 Сакавік 2023 16:56
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць