BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Пад спеў «Магутны Божа» ў Маскве прайшло развітанне з беларускім святаром

Імшу адправілі ў галоўным каталіцкім храме з удзелам шматлікіх вернікаў, біскупаў, пасла Польшчы.

У каталіцкім катэдральным саборы Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Маскве 6 лістапада прайшло развітанне з вядомым беларускім святаром-манахам Пятром Карнелюком, які шмат гадоў служыў у Расіі.

Развітальную святую Імшу адправілі з удзелам арцыбіскупа Паўла Пеццы, Апостальскага Нунцыя ў Расіі арцыбіскупа Джавані Д’Аніэла і ардынарыя Саратаўскай дыяцэзіі біскупа Клеменса Піккеля.

Моцнае казанне прамовіў кустод Расійскай Кустодыі святога Францішка айцец Дарыюш Харасімовіч (глядзіце відэа ніжэй). У ліку тых, каго ён вітаў на Імшы, былі амбасадар Польшчы ў РФ з жонкай, сваякі айца Пятра, якія прыехалі з Беларусі.

Айцец Дарыюш адзначыў, што ў супольнасці адправяць святую імшу па-беларуску ў суботу, 9 лістапада, — такім чынам, будзе працягнутая справа айца Пятра, які быў душпастырам беларускай дыяспары ў Маскве.

Абрад адпявання завяршылі пад спевы хору на беларускай мове «Магутны Божа» — беларускі духоўны гімн, які любіў выконваць сам айцец Пётр (глядзіце ніжэй відэа з Telegram).

Пасля адпявання машына з целам айца Пятра выехала ў Беларусь, да дома яго сям'і — у вёску Старое Сяло Брэсцкага раёна. Таксама сюды прыбудзе дапаможны біскуп архідыяцэзіі Божай Маці ў Маскве Мікалай Дубінін, з удзелам якога пройдзе пахавальная Імша. Яна запланаваная на 8 лістапада а 13.30 у касцёле ў Чарнаўчыцах.

54-гадовы настаяцель кляштара Святога Францішка Асізскага ў Маскве айцец Пётр Карнялюк адышоў у вечнасць ноч на 4 лістапада, пасля таго як 1 лістапада раптоўна трапіў у лякарню з падазрэннем на менінгіт.

Святара любілі і паважалі ў Маскве. Ён быў вядомы сваімі музычнымі талентамі, за што яго называлі «скрыпачом Бога», — ён скончыў музычную вучэльню ў Брэсце, універсітэт культуры ў Мінску, а затым — каталіцкую духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу.

Пасля яго смерці ў сацсетках з'явіліся шматлікія водгукі пра яго — пра тое, што ён выпраменьваў радасць, быў сапраўдным хрысціянінам, дапамагаў многім людзям.

Дарэчы, менавіта айцец Пётр выходзіў з Ружанцам у руках да пікетуючых маскоўскі катэдральны сабор НОДаўцаў.

Фота Вольгі Хруль

Media

Last modified onЧацвер, 07 Лістапад 2024 09:37
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць