«Сустрэліся два энерджайзеры». Незвычайную пару абвянчаў біскуп
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Больш за год маладых людзей падзялялі 215 км, але нават гэта не стала перашкодай у стасунках.
Пара маладых каталіцкіх музыкаў і актывістаў абвянчалася ў касцёле ў Светлагорску. Сакрамэнт шлюбу асабіста ўдзяліў біскуп Андрэй Зноска, які прыехаў у райцэнтр у тым ліку дзеля гэтай падзеі.
Вянчанне адбывалася ў родным горадзе нявесты – Дар'і Брыштэль. Яе жаніх – з парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску, удзельнік хору Чырвонага касцёла Аляксандр Плюта, пра якога мы раней распавядалі.
Біскуп у сваім допісе адзначыў, што храм быў напоўнены не толькі мясцовымі вернікамі, але і гасцямі з розных куткоў Беларусі, бо і Дар'я, і Аляксандр актыўна ўдзельнічаюць у шматлікіх каталіцкіх рухах, пілігрымках і мерапрыемствах па ўсёй краіне.
Гісторыю кахання Дар'я апісвала на сваёй старонцы. Маладыя людзі пазнаёміліся ў 2024 годзе на «Музычнай майстэрні» ў Івянцы:
«Сустрэліся два энэрджайзеры, якія носяцца па ўсёй Беларусі (і не толькі) і ўсім хрысціянскім тусоўкам... «Майстэрня» скончылася, а наша сяброўства – не. Я паклікала яго ў пілігрымку Бяроза – Лагішын».
Падчас паломніцтва маладыя людзі зразумелі, што хочуць ісці разам па жыцці і пачалі сустракацца. Затым пара дапамагала ладзіць «Канікулы з Богам» для дзяцей у Пінску, пасля чаго разам трапілі на рэкалекцыі.
Даша шмат часу «жыла ў цягніку» і маталася паміж гарадамі – больш за год пару падзялялі 215 км, але нават гэта не стала перашкодай у стасунках, і ў выніку пара стварыла сям'ю.
Media
Related items
-
У Гомелі развіталіся са спачылым біскупам Казімірам Велікасельцам – быў і праваслаўны іерарх
-
Каталіцкі біскуп даў сваю інтэрпрэтацыю «Году беларускай жанчыны» – атрымалася паэтычна
-
«Духоўны цэнтр» замярзае. У Будславе няма ацяплення – і гэта не праблема?
-
Памёр біскуп Казімір Велікаселец – найстарэйшы каталіцкі іерарх Беларусі. Якім быў яго апошні дзень?
-
«Не будзем баяцца перамен». Пасол Ватыкана сустрэўся з моладдзю Мінска