BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Сезон абедаў для жабракоў і бяздомных пачалі ў гомельскім Доме міласэрнасці - ФОТА

Каля 80 чалавек атрымалі багатыя порцыі першага і другога, а таксама гарбату, сок, шакаладны батончык і бананы.

22 верасня ў гомельскім Доме міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы (Місіянерак любові) прайшоў першы пасля летняга перапынку абед для жабракоў і бяздомных.

Першы абед быў святочным і быў прысвечаны Дню памяці бласлаўлёнай Маці Тэрэзы. Пробашч гомельскай парафіі айцец Славамір прачытаў для ўсіх гасцей Евангелле і звярнуўся да іх з кароткім казаннем, у якім падкрэсліў, што кожны з іх можа стаць сябрам Езуса. Але для гэтага неабходна прызнаць сябе тым, кім ты з'яўляешся - злодзеем, п'яніцам, ашуканцам, пралюбадзеям, гультаём, маліцца і слухаць Слова Божае падчас наведвання службы ў храме.

На абед прыйшлі каля 80 гомельскіх жабракоў і бяздомных, аднак сёстрам давялося адмовіць у абедзе некаторым п'яным людзям, бо такіх не пускаюць у Дом міласэрнасці і правяраюць гасцей з дапамогай алкатэстэра.

Усе госці атрымалі багатыя порцыі першага і другога, якое ўключала бульбяное пюрэ, мяса і салату, а таксама гарбату, пачак соку, шакаладны батончык і бананы. У раздачы порцый сёстрам дапамагаў сам пробашч парафіі і некалькі вернікаў.

З гэтага часу абеды ў Доме міласэрнасці будуць праводзіць штодня за выключэннем чацвера і нядзелі.

Нагадаем, сёстры ордэна Маці Тэрэзы ўжо больш за 20 год у Гомелі займаюцца многімі справамі, за якія мала хто хацеў брацца. Дом Міласэрнасці служыць прытулкам для некалькіх хворых мужчын і жанчын, якія апынуліся на вуліцы без сродкаў да існавання. Сёстры даглядаюць за імі, лечаць, дапамагаюць кінуць піць, аднавіць дакументы і ўладкавацца на працу. Місіянеркі рыхтуюць абед для бяздомных, раздаюць прадукты і адзенне для бедных сем'яў і адзінокіх старых, працуюць з дзецьмі з малазабяспечаных і праблемных сем'яў. Парафіяне касцёла дапамагаюць у Доме міласэрнасці карміць жабракоў, прыходзячы на працу ў сталовую. Дапамагчы можа кожны: напрыклад, раздаць ежу, памыць посуд, прынесці вопратку ці абутак.

ЧЫТАЙЦЕ ПА ТЭМЕ: Першыя дзяўчыны з Беларусі шукаюць сваё пакліканне ў ордэне Маці Тэрэзы - ГІСТОРЫІ >>>

Last modified onПанядзелак, 22 Верасень 2014 21:27
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць