BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Вялікая Пятніца: прасі Ісуса паказаць твой крыж - ФОТА

Праз крыж Бог гаворыць: паглядзі, як Я люблю цябе, адкрый для Мяне сваё жыццё.

3 красавіка католікі перажывалі Вялікую Пятніцу, успамінаючы Пакуты Гасподнія. У гэты дзень Ісус Хрыстос быў укрыжаваны і памёр, добраахвотна узяўшы на сябе грахі свету, грахі кожнага чалавека. З гэтага моманту вернікі імкнуцца праводзіць канчатак Вялікага посту толькі на хлебе і вадзе - аж да Уваскрасення Хрыстовага.

У каталіцкіх святынях у пятніцу прайшла Літургія Мукі Гасподняй, якая ўслед за Вялікім Чацвяргом і Літургіяй абмывання ног працягнула Вялікі Пасхальны Трыдуум. У гомельскім касцёле біскуп Казімір Велікаселец узначаліў Літургію Мукі Гасподняй. На яе пачатку святары ляглі на падлогу і маліліся крыжам, паўтараючы малітву Хрыста ў Гефсіманскім садзе. Усе вернікі падчас Літургіі кланяліся крыжу Ісуса і цалавалі яго.

- Хай гэтая праўда пра прыбітага да крыжа Ісуса будзе падмуркам нашага жыцця, - заклікаў біскуп. - І тады сэрца будзе напоўнена радасцю, калі выканаем самыя галоўныя запаведзі: любіць Бога і бліжняга.

- Прасіце Госпада, каб Ён адкрыў, паказаў кожнаму яго крыж. Таму што крыж - гэта вялікі дар ад Бога. Без крыжа ў цябе не было б і выратавання. Бог хоча, каб кожны з нас перамог, як перамог Ісус, таму кожнаму дае свой крыж, - патлумачыў пробашч парафіі айцец Славамір.

Святар дадаў, што кожны раз здзяйсняючы грэх, мы забіваем дабро, прыгаворваем Езуса да пакарання смерцю, зноў і зноў крыжуем Яго:

- І прыйсці да збаўлення можна толькі тады, калі ўсведамляеш свае слабасці, сваю грахоўнасць. Крыж нам кажа пра тое, як мы разбурылі, знішчылі, знявечылі Ісуса Хрыста сваімі грахамі. Гэта праўда пра кожнага з нас. І праз крыж Бог кажа: паглядзі, як Я люблю цябе, адкрый для Мяне сваё жыццё.

Нагадаем, Велікоднае усяночнае чуванне пачнецца ў гомельскім касцёле ў 23.00 у суботу, 4 красавіка. У дзень Пасхі, 5 красавіка, Імшы пройдуць у 9.00 і 12.00.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць