Праграма Году міласэрнасці ў Каталіцкай царкве Беларусі
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Навіны - Гомель
- Add new comment
Пройдуць рэспубліканскія сустрэчы сем'яў, моладзі, святароў.
Юбілейны Год Міласэрнасці Касцёл у Беларусі будзе перажываць з насычанай праграмай набажэнстваў, сустрэч і мерапрыемстваў. Усе дыяцэзіі ўжо падрыхтавалі і апублікавалі свае праграмы Юбілею. Адной з цэнтральных падзей стануць агульнабеларускія святкаванні ў Будславе. Таксама Мінска-Магілёўская мітраполія і Гродзенская дыяцэзіі адзначаць юбілеі свайго заснавання ў рамках юбілею вялікага. У плане і сустрэчы святароў, кансэкраваных асоб, міністрантаў, моладзі, малітоўных груп, сем’яў.
А пачнецца Год Міласэрнасці ў Беларусі 13 снежня, калі Святыя Дзверы адкрыюць усе катэдры і важныя касцёлы краіны. Трэба нагадаць, з Надзвычайным Юбілейным Годам Міласэрнасці звязаны адпусты (чытайе як і дзе атрымаць індульгенцыю >>>)
У спецыяльнай буле на Год Міласэрнасці Святы Айцец падкрэсліў, што гэта час даравання правінаў і крыўдаў сваім бліжнім. Сённяшні чалавек часта спасылаецца на справядлівасць і зусім забываецца пра міласэрнасць. Усюды, дзе ёсць хрысціяне, павінен быць “аазіс міласэрнасці”.
Агульнарэспубліканская праграма перажывання Году Міласэрнасці – пасля ўрачыстага адкрыцця Святых Дзвярэй – пачнецца 19 студзеня 2016 г. з агульнабеларускага святкавання для душпастыраў і працаўнікоў санктуарыяў. Сустрэча пройдзе ў Тракелях. А ўжо 4 лютага - у свята Ахвяравання Пана – у архікатэдры адбудзецца юбілейнае спатканне для кансэкраваных асоб і завяршэнне Года кансэкраванага жыцця. 5-6 сакавіка ў касцёлах краіны пройдзе набажэнства “24 гадзіны для Пана”, спалучанае з сакрамэнтам пакаяння і моладзевым чуваннем.
Далей, 17 красавіка, у Пінску адзначаць Нядзелю Добрага Пастыра агульнабеларускім святкаваннем Юбілейнага Года для навучэнцаў вышэйшых духоўных семінарый. А 13-15 мая ў Баранавічах пройдзе Кангрэс сямейных рухаў.
Праз колькі дзён, 24-26 мая, адбудзецца яшчэ адна агульнабеларуская падзея – ў Гродна пройдзе Эўхарыстычныы кангрэс Божай міласэрнасці і святкаванне 25-годдзя заснавання Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама біскупскай сакры Біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. А ў Браславе 2 чэрвеня збяруцца святары з усёй Беларусі на свае урачыстасці ў рамках Юбілейнага Года. Праз месяц, 1-2 ліпеня, урачыстасці ў гонар Маці Божай збяруць тысячы вернікаў у Будславе. Тут адзначаць 25-годдзе заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі.
11-13 жніўня ў Лідзе запланавана Агульнабеларуская малітоўная сустрэча моладзі, а 10-11 верасня – сустрэча сем’яў з усёй краіны, яна адбудзецца ў Браславе. Святыя Дзверы катэдры, санктуарыі і касцёлы Беларусі зачыняць 13 лістапада 2016 г.
Што тычыцца Пінскай дыяцэзіі, то тут малітоўная сустрэча моладзі Пінскай дыяцэзіі запланавана ў Баранавічах на 19 сакавіка, а ў Гомелі – на 23 красавіка. 29 мая пройдуць працэсіі Божага Цела ў Пінску, Брэсце, Баранавічах і Гомелі. Яшчэ адной адметнасцю праграмы Пінскай дыяцэзіі стане Дыяцэзіяльная пілігрымка ў санктуарый Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне 17-19 жніўня.